Суд над Алесем Бяляцкім. Дзень трэці

Алесь Бяляцкі

4 лістапада ў Менску працягвалі судзіць кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў
чалавека Алеся Бяляцкага. Былі вывучаны матэрыялы справы. Агучылі перапіску з паштовай скрыні на yahoo.com.


16.26 Пракурор паведаміў, што зьвесткі з Мытнага камітэту, якія запартрабаваў суд, будуць гатовыя ў чацьвер.

Судзьдзя абвесьціў перапынак да 10 лістапада.

15.15 Падаткавы інспэктар Собалева зь Першамайскагга раёна Менска прынесла дадатковыя матэрыялы на Бяляцкага, запатрабаваныя пазаўчора судом.

Пракурор агучвае дакумэнты сьледзтва пра тое, якім чынам праваабаронцы арганізоўвалі абарону Бяляцкага, збор подпісаў у яго падтрымку і іншыя дэталі іх электроннай перапіскі.

Пракурор некалькі разоў агучвае электронны адрас Лабковіча: Лабковіч-сабака-ягу-ком.

Гэта выклікае ўсьмешкі ў залі.

Ліставаньне Лабковіча прызаннае дакумэнтам, што сьведчаць пра дзейнасьць на карысьць Бяляцкага, і далучанае да крымінальнай справы.

«Была арганізаваная кампанія па прыхоўваньні мэтаў пераводу грошай на рахункі Бяляцкага», — зрабіў выснову пракурор.

Пракурор агучвае даведкі і характарыстыкі на Бяляцкага. «У наркалягчіным і псыханеўгалягічным дыспансэры на ўліку не стаіць».

На Бяляцкага нерухомая маёмасьць не зарэгістраваная Лецішча з участкам у Ракаве зарэгістраванае на ягоную жонку, сьведчыць даведка ад мясцовых уладаў. ДАІ ж пацьвердзіла, што Бяляцкі мае Сітраен. Зброі, спэцсродкаў ня мае. Кватэра зарэгістраваная на жонку.

Усе наяўныя пісьмовыя матэрыялы справы дасьледваныя, заявіў судзьдзя.

Адвакат зьвяртае ўвагу на тое, што ў справе няма санкцыі намесьніка пракурора Менска Кіжуна на апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, у выніку якой былі знойдзеныя 27 тысяч файлаў. Апрача таго ў справе няма і самога дыска з вынятымі файламі.

Адвакат таксама лічыць некарэктным ананімны ліст, які знаходзіцца ў справе, лічыць яго недапушчальным доказам.

Адвакат зачытвае сваё ранейшае хадайніцтва, паводле якога сьледзтва не ўстанавіла віны падабароннага. Не ўстаноўленыя мэты, на якія гэтыя грошы прызначаліся, у сувязі з чым адвакат прасіў прыпыніць справу. Але ў той жа дзень сьледчы напісаў пастанову пра адмову, ніяк не ацаніўшы шматлікія аргумэнты адваката.

Бяляцкі таксама зьвяртае ўвагу на манэру вядзеньня сьледзтва. «Вось сьледчы Касынкіна піша: „Таксама ўстаноўлена, што...“ А дзе і кім устаноўлена, не падае зусім. Гэта сьведчыць пра неабгрунтаваны абвінаваўчы ўхіл сьледзтва», — кажа Алесь.

Адвакат таксама скрытыкаваў атрыманыя з замежных банкаў раздрукоўкі. На ягоную думку, сам зварот ДФР у літоўскі й польскі банкі, дасланы ў студзені гэтага году, па форме не адпавядае двухбаковым дамовам аб прававаой дапамозе паміж Беларусьсю і Літвой ды Польшчай. ДФР зьвяртаўся ў камэрцыйныя банкі, а не ў кампэтэнтыя ворганы. А дасланыя зь Літвы дакумэнты адкават назваў ніяк не заверанай ксэракопіяй. Няма нічыіх подпісаў і пячатак амаль на ўсіх аркушах, канстатуе адвакат, толькі на адным аркушы ёсьць нейкі подпіс. На такія зьвесткі суд ня можа зьвяртаць увагу, — перакананы адвакат.

Што да польскіх раздруковак — то дакумэнт з польскай пракуратуры таксама зьяўляецца нічым і нікім не заверанай ксэракопіяй. Табліцы зь нібыта рухам грашовых сродкаў, перададзеныя з банку, таксама ніяк не завераныя. «Гэты дакумэнт не зьяўляеца доказам і ня можа ў прынцыпе дасьледавацца», — такую выснову зрабіў адвакат.

Бяляцкі зьвяртае ўвагу суду, што КДБ ў лістападзе летась пісала ліст у Генпракуратуру пра ананімны зварот, што кіраўнікі ПЦ Вясна маюць рахункі ў Літве і выкарыстоўваюць атрыманыя на іх сродкі «ў супрацьпраўных мэтах». Алесь зачытвае ўсяго 4 падобныя дакумэнты, дзе адным з адрасатаў зьяўляецца КДБ.

«Я сьцьвярджаю, што гэтая справа пачыналася і праводзілася з палітычным падтэкстам дзеля перасьледу мяне і сябраў „Вясны“ за праваабарончую дзейнасьць», — заявіў суду Бяляцкі.

15.05 Працэс аднавіўся. Пракурор паведаміў, што матэрыялы на Бяляцкага з Мытнага камітэту і падаткавай інспэкцыі, якія запатрабаваў суд, чакаюцца цягам паўгадзіны. А тым часам працягваецца разгляд 6-га тому справы.

Разглядаецца доказная база. У адным з дакумэнтаў гаворка ідзе пра тое, што правабаронца Ўладзь Лабковіч з дапамогай кампутара ажыцьцяўляў дзеяньні на прыхаваньне дзеяньняў Бяляцкага. Выглядае, што сьледзтва атрымала доступ да электроннай пошты Ўладзімера Лабковіча. Агучваецца ягонае ліставаньне з калегамі на тэму: «Што казаць наконт літоўскіх рахункаў?»


12.39 Перапынак да 15 гадзінаў.

12.23 Вывучаецца апошні, шосты, том справы. У ім пастанова пра затрыманьне Бяляцкага. «З затрыманьнем ня згодны, вінаватым сябе не лічу», — напісаў на гэтай пастанове Бяляцкі.

Пракурор чытае надта ціха, Бяляцкі папрасіў гаварыць яго гучней і выразьней.

У справе прысутнічае таксама даведка пра прыбыткі жонкі Алеся Натальлі.

12.20 Вывучаецца пяты том справы. Тут хадайніцтвы грамадзянаў пра паручальніцтва за Бяляцкага і адмовы сьледзтва задаволіць іх.


12.09 Вывучаецца чацьвёрты том справы. Пракурор агучыў адно з хадайніцтваў пра паручальніцтва за Алеся Бяляцкага, якое падпісалі 816 чалавек. За гэтымі хадайніцтвамі у справу падшытая пастанова сьледзтва пра адмову ў вызваленьні Алеся пад паручальніцтва грамадзянаў. Усяго пад хадайніцтвы адведзена 2 тамы справы.

Адвакат заяўляе, што ў жніўні хадайнічаў пра тое, каб сьледзтва высьветліла, хто пералічваў Бяляцкаму грошы на рахунак і зьвярнулася да гэтых устаноў ў просьбай паведаміць, на што яны пасылалі гэтыя грошы. Але сьледзтва адхіліла гэтае хадайніцтва, якое дапамагло б устанавіць ісьціну.


11.12 Вывучаецца другі том справы. У гэтым томе — пастанова пра пачатак крымінальнай справы супраць Бяляцкага, інфармацыя Дэпартамэнту фінансавых расьсьледваньняў пра падаткавую праверку Бяляцкага, акты, копіі дэклярацый, іншыя дакумэнты.

З пастановы, агучанай у судзе, вынікае, што ў сьледчай групе па справе Бяляцкага дзейнічала 4 сьледчыя пад кіраўніцтвам сьледчай Касынкінай.

Пракурор перелічвае, што было канфіскавана ў выніку ператрусаў Бяляцкага: вінчэстэры, ноўтбук, флопі-дыскі, ДВД-дыскі, тэлефон, візыткі, тэчка з дакумэнтамі, грошы ў розных валютах.

Таксама пералічвае, што было канфіскавана ў офісе «Вясны»: лісты, выпіскі, копіі квітанцыяў, авіяквіткі.

Вывучаюцца падатковыя дэклярацыі Бяляцкага, копія ягонай працоўнай кніжкі, працоўныя дамовы.

Адвакат пярэчыць пастанове пра накладаньне арышту на маёмасьць: машыну, лецішча і іншае, паколькі яна зьяўляеца сумеснай Алеся і ягонай жонкі Натальлі.

Паводле адваката, сьледзтва ня выканала даручэньне пракурора высьветліць маёмасны стан Бяляцкага, высьветліць, хто перасылаў на ягоны рахунак грошы, хто зьяўляецца крыніцай прыходу грошай, мэтавае выкарыстаньне гэтых сродкаў, а таксама ці ўвозіў Бяляцкі грошы ў Беларусь праз мяжу. Абарона зацкаўленая ў выкананьні гэтых даручэньняў — заявіў адвакат.

10.47 «Міжнародная амністыя» заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага

Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць праваабаронцу і вязьня сумленьня Алеся Бяляцкага, гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя».

«Адмаўляючы ў рэгістрацыі няўрадавым арганізацыям і тым самым не даючы ім працаваць адкрыта, беларускія ўлады вымушаюць такіх актывістаў, як Алесь Бяляцкі, выкарыстоўваць рахункі ў замежных банках для сваёй працы, — напісана ў заяве. — Беларускія ўлады могуць караць за нявыплату падаткаў як за злачынства, але дадзеная справа відавочна палітычна матываваная і была заведзена з мэтай спыніць яго (Бяляцкага ) праваабарончую дзейнасьць».

Пра заяву паведамля БелаПАН.

10.10 Пракурор зачытвае пераклад ліста з літоўскага банка NORD. Ліст накіраваны ў Мін’юст Літвы 7 сакавіка 2011 года. Банк паведамляе, што рахункі Бяляцкага былі адкрытыя ў 2009 годзе, і што раздрукоўкі руху па іх ня могуць быць завераныя пячаткай, бо банк ня мае такой.

Пракурор агучвае, якія апэрацыі праводзіліся па гэтым рахунку ў 2009-11 гадах. Судзьдзя патлумачыў, што нарэшце банкаўскія раздрукоўкі перакладзеныя з замежных моваў і пераклад паступіў у суд, абвінавачаны і адвакат змогуць зь імі азнаёміцца.

Агучваюцца сумы, якія паступалі на рахунак Бяляцкага ад Нарвэскага хэльсынкага камітэту, запіс у графе «прызначэньне пераводу» — «Вясна». Агучваецца таксама, што Бяляцкі пераводзіў грошы Тацьцяне Равяцы ды іншым праваабаронцам.

Наступны дакумэнт, які агучвае пракурор, — ліст Мін’юста Беларусі. Міністэрства паведамляе ДФР, што «Вясна», а таксама абласныя філіі, былі ліквідаваныя.

Пракурор знайшоў у справе рашэньне, напісанае па-беларуску, пра ліквідацыю «Вясны», паклікаў перакладчыцу, каб тая пераклала і зачытала па-расейску.

У справе таксама ёсьць сьпісы сябраў абласных адзьдзяленьняў ПЦ «Вясна».

У справе знаходзяцца таксама стандарты міжнароднай банкаўскай сыстэмы SWIFT на замежнай мове, перакладу няма, — прызнаў пракурор.

Пракурор агучвае банкаўскія раздрукоўкі з польскага банку, прадстаўленыя генэральнай пракуратурай Польшчы.

Банк Шлёнскі (Катавіцы) прадставіў зьвесткі па рахунку Бяляцкага 24 траўня 2011 года. Яны ахопліваюць 2007-2011 гады.

Гэты дакумэнт сьведчыць, што Бяляцкі атрымліваў грошы ад замежных праваабарончых арганізацыяў і перасылаў беларускім праваабаронцам.

Вывучэньне першага тому скончана. Адвакат робіць заўвагі наконт агучанага: сьледзтва ня вызначыла, што з тых сумаў, якія былі агучаныя лічацца прыбыткамі Бяляцкага.

Адвакат пратэстуе супраць ацэнкі пракурорам зьняцця Бяляцкім грошай як тое, што «Бяляцкі імі распараджаецца», бо ён перадаваў іх іншым праваабаронцам.

Апрача таго адвакат ня ўпэўнены ў якасьці перакладу гэтых дакумэнтаў, бо «нават сьведкі пацьвердзілі недаставернасьць перакладаў гэтых выпісак» — адвакат мае на ўвазе Барыса Звоскава.

10.05 Працэс аднавіўся. Працягваецца вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы.

10.04 Ахова суду правярае апазыцыйных актывістаў, ці няма ў іх пад кашулямі маек з патрэтамі Бяляцкага. За такія майкі некалькіх чалавек ужо выдалілі з залі суду да канца працэсу. На працэсе амаль поўная заля.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: «Ёсьць шэраг цікавых пісьмовых дакумэнтаў у тых матэрыялах справы, якія ўчора пракурор агучваў, на жаль, вельмі ціха, таму шмат чаго журналісты не змаглі пачуць. Там ёсьць суправадзілаўкі КДБ, якія паказваюць, з чаго гэта ўсё пачыналася. Ёсьць ліст за подпісам старшыні Зайцава да начальніка дзяржкантролю Ломця пра тое, што службовыя асобы праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч маюць рахункі ў Літве, на якія прыходзяць замежныя сродкі, якія выдаткоўваюцца імі на незаконную дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Была пастанова аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні Бяляцкага і мяне, быў ліст аб адмене гэтай пастановы і працягу тэрміну праверкі. Потым, ужо па выніках праверкі там ёсьць пастанова ДФР аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні Бяляцкага. Інакш кажучы, уся перапіска, якая ішла вясной і летам сёлета, пра якую мы нічога ня ведалі. Таму КДБ мае непасрэднае дачыненьне да гэтай справы і тут, як кажуць, камэнтары лішнія. Там яшчэ шмат дакумэнтаў, якія маюць вельмі цьмянае працэсуальнае паходжаньне. Гэта, відаць, дакумэнты, якімі авалодала КДБ у выніку нейкіх сваіх распрацовак. Гэта фотакопіі нейкіх расьпісак за атрыманьне грамадзянамі сродкаў, здабытыя, паўтаруся, не зразумела якім чынам. Таму яны ня могуць служыць доказам у справе.

Расейскі праваабаронца Валянцін Гэфтэр: «У клетцы ніякага чалавека ня хочацца бачыць, ні калегу, ні нават ворагу не пажадаў бы. Як бы ні ставіцца да абвінавачаньняў па сутнасьці, чалавек ня мусіў сядзець да вынясеньня прысуду ці ўступленьня прысуду ў законную сілу ў клетцы. Нават ва ўмовах таго, што адбываецца ў Беларусі, дзеля чаго было неабходна так разьдзімаць статус ахвяры рэжыму. Жадаю я толькі аднаго: каб суд быў па магчымасьці аб’ектыўным, прысуд — апраўдальным, а чалавек каб выйшаў на волю».

Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка.

Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.

Пракурор — Валеры Сайкоўскі.


Суд над Алесем Бяляцкім. Дзень першы
Суд над Алесем Бяляцкім. Дзень другі. Жывы рэпартаж

У першы дзень працэсу, 2 лістапада, пракурор зачытаў абвінавачваньне, суд пачаў дапытваць Бяляцкага.

Працэс праходзіць у памяшканьні суду Маскоўскага раёну, бо ў Першамайскім судзе, які месьціцца ў старым будынку, малыя залі судовых паседжаньняў.

Адрас Маскоўскага суду: пр. Газэты «Праўда», 27.


Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.