У Бабруйску затрыманьні за «Дзяды»

19:30 У Бабруйску затрымалі чатырох удзельнікі акцыі, якая праводзілася ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Грамадзкія актывісты разам зь іншымі вернікамі выйшлі з царквы, дзе адбывалася малітва за нявінна закатаваных. Са сьвечкамі ў руках яны накіраваліся на плошчу Перамогі, дзе рэпрэсаваным усталяваны помны знак. На падыходах да плошчы людзей атачылі супрацоўнікі міліцыі і заштурхалі ў аўтобус.

Актывістаў адвезьлі ў пастарунак на вуліцы Гогаля і загадалі выключыць мабільныя тэлефоны.

Ля пастарунку зьбіраюцца сваякі й сябры затрыманых.

20:30 Алена Тоўсьцік, Дзьмітры Тоўсьцік, Арцём Мархасёў ды Марыя Іванова ў пастарунку на вуліцы Гогаля прабылі гадзіну. На ўсіх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэньня. Паводле пратаколаў, усіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, якім актывісты прыцягвалі ўвагу грамадзян.

Вінаватымі актывісты сябе не прызнаюць.

Алена Тоўсьцік: «Мы набылі сьвечкі ў царкве, запалілі іх і зьбіраліся ісьці да памятнага знаку рэпрэсаваным на плошчы Перамогі. Не пасьпелі адысьці ад царквы, як да нас падбег чалавек у цывільным з камэрай. Пачаў выпытваць, куды мы ідзем. Потым дарогу перагарадзіў міліцэйскі аўтобус. Нас гвалтам зацягнулі ў яго й даставілі ў пастарунак. Дужа шмат было міліцыі, калі затрымлівалі. Кіраваў затрыманеньнем маёр Малахаў. У чым наша віна, мы ня ведаем. Мы проста зьбіраліся адзначыць сёньняшні дзень памінаньня продкаў».

Што будзе далей са складзенымі пратаколамі, актывістам міліцыянты не сказалі. Усе актывісты цяпер наволі.