Суд над Алесем Бяляцкім. Дзень першы. Жывы рэпартаж

2 лістапада ў Менску пачаўся судовы працэс у крымінальнай справе кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. У першы дзень пракурор зачытаў абвінавачваньне. Суд пачаў дапытваць Бяляцкага. Працэс працягнецца 3 лістапада.

Суд над Алесем Бяляцкім



17:29 Абвешчаны перапынак да 10:00 3 лістапада.


17:25 Судзьдзя: «Хто вам прапанаваў адкрыць рахункі ў Літве і Польшчы?»

Бяляцкі: «Гэта была мая ініцыятыва, я зьяўляюся старшынёй арганіазцыі і прымаю рашэньні».


Судзьдзя: «Чаму 2 рахункі, а ня 3»?


Бяляцкі: «Таму што Літва знаходзіцца бліжэй да Беларусі і частка сродкаў выкарыстоўваецца там».


Судзьдзя: «Ці мелі вы аддалены доступ да рахункаў, картку?»


Бяляцкі: «Я асабіста атрымліваў гэтыя грошы і перадаваў іх вызанчаным асобам. Польскага банку картку я маю».


Судзьдзя: «Ці здымалі грошы з карткі на тэрыторыі Беларусі?»


Бяляцкі: «Не. Я асабіста не распараджаўся гэтымі грашыма, а ажыцьцяўляў кантроль за гэтым».


17:10 Пытаньні Бяляцкаму задае адвакат. Ён просіць ягоныя тлумачэньні па правядзеньні генэральнай праверкі ягоных прыбыткаў падаткавай інспэкцыяй у 2008 годзе. З адказаў Бяляцкага вынікае, што з Алеся не ўзялі патрэбных тлумачэньняў пры падрыхтоўцы акту праверкі, які цяпер далучаны да крымінальнай справы.


16:42 Адвакат папрасіў перапынак «зь непрацэсуальных прычынаў». Судзьдзя абвесьціў перапынак на 5 хвілінаў.

16:15 Адвакат хадайнічае перад судом, каб накіраваць запыт да фундатараў «Вясны» пра тое, як расходваліся сродкі, пералічаныя на рахунак Бяляцкага. Судзьдзя не адрэагаваў на гэты зварот.

Бяляцкі: «Я выступаў як гарант, што гэтыя грошы будуць накіраваныя туды, куды яны былі прызначаныя фундатарамі. Калі гэта датычылася сем’яў рэпрэсаваных, мы ня можам прагназаваць, колькі чалавек сядзе на Валадарку, таму вызначаўся толькі накірунак гэтай працы».

Дыялёг Бяляцкага з пракурорам.

Пракурор: «Ці знаёмыя вы з дэкрэтам прэзыдэнта нумар 24 аб выкарыстанні замежнай дапамогі?»

Бяляцкі: «Так».

Пракурор: «Ці вы добра ведаеце гэты дакумэнт»?

Бяляцкі: «На памяць ня памятаю. Але агульныя палажэньні ведаю».

Пракурор: «З улікам патрабаваньняў гэтага дэкрэту маглі быць атрыманыя сродкі з-за мяжы пад тыя ўмовы, якія вылучаліся імі?»

Бяляцкі: «Цяжка адказаць, бо частка гэтых сродкаў не даходзіла да Беларусі, а выкарыстоўвалася ў Польшчы і Літве. Я гэтыя грошы не перавозіў і асабіста не карыстаўся імі. Я не лічу, што тыя сродкі, якія атрымліваліся, патрапляюць пад дабрачынную дапамогу».


15:55 Бяляцкі выступіў з заявай: «Я зьяўляўся ўладальнікам рахунка, але грошы ішлі на дзейнасьць „Вясны“ і нашых партнэраў у Беларусі. Я не распараджаўся гэтымі сродкамі, на іх расходаваньне складваліся адпаведныя дамовы. Прыклады гэтых дамоваў прадстаўленыя ў КДБ. Апроч іх існавалі іншыя дакумэнты. Я ня быў уладальнікам гэтых грошай, а быў перадатачным зьвяном. Гэтыя сродкі датычыліся працы рэгіянальных грамадзкіх прыёмных ПА „Вясна“, яны перадаваліся ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Нашым міжнародным партнэрам накіроўваліся справаздачы па расходваньні сродкаў — квіткі, друк, выданьне бюлетэняў, дапамога рэпрэсаваным. Апрача таго ня ўсе гэтыя грошы расходаваліся ў Белаурсі, частка зь іх выкарыстоўвалася за мяжой на друк, на навучаньне. Я ня бачу сваёй карысьці з гэтых сродкаў, я асабіста іх у Беларусь ня ўвозіў».

Пракурор: «А хто ўвозіў?»

Бяляцкі: «Адказаць не магу. Хацеў бы ды не магу».


15:10 Камэнтуюць Гары Паганяйла, Уладзімер Някляеў, Аляксей Янукевіч, Вінцук Вячорка, Лешэк Шарэпка і Вольга Завадзкая.


14:12 — 16.00 Працэс аднавіўся. Пракурор працягвае допыт Алеся Бяляцкага.

Бяляцкі кажа, што ўдзельнічаў у розных канфэрэнцыях і сымпозіюмах, але грошай за гэта не атрымліваў.

Пракурор высьвятляе, ці запаўняў Бяляцкі дэклярацыі, калі перасякаў межы Беларусі.

Перакладчыца працягвае гэта паўтараць па-беларуску.

Бяляцкі кажа, што акты агляду пры перасячэньні межаў ён дагэтуль захоўвае ў асобнай тэчцы.

Пракурор гутарцы зь Бяляцкім раптам перайшоў на беларускую мову, але хутка апомніўся і ўдакладніў усё па-расейску.

Пракурор дапытваецца пра тое, як Бяляцкі адкрываў рахункі за мяжой. Ён тлумачыць, што пасьля закрыцьця праваабарончага цэнтру «Вясна», які абараняе ахвярашў палітычных рэпрэсіяў, вядзе маніторынг за выбарамі, «каб праводзіць праваабарончую працу мною як старшынёй арганізацыі былі адкрытыя два рахункі ў Польшчы і Літве для атрыманьня сродкаў».

Частка назваў арганізацыяў, якія пералівалі «Вясьне» грошы, у матэрыялах справы дагэтуль не перакладзеная з замежных моваў. Гэта выклікала іранічную зваўвагу Бяляцкага пракурору Сайкоўскаму : «Што ж вы так?»

Бяляцкі кажа, што ня можа пацьвердзіць зьвесткі ў раздрукоўках руху сродкаў па рахунку ў літоўскім банку, бо яны не завераныя банкам, у яго няма пэўнасьці, што яны дакладныя, як і наконт таго, ці карэктныя сумы плацяжоў. «Я пацьвярджаю, што гэта мой рахунак, а што гэтыя лічбы адпавядаюць рэчаіснасьці, не пацьвярджаю».

Бяляцкі пацьвердзіў, што сродкі пералічвалі: Швэдзкі хэльсынскі камітэт, які пераўтварыўся ў арганізацыю Human Rights Defenders; Нарвэскі хэльсынскі камітэт; МЗС Галяндыі.

Пракурор дапытвае, як расходаваліся Алесем атрыманыя сродкі, у прыватнасьці ці пералічваў ён сродкі Тацяне Равяцы?

Алесь тлумачыць, што добра ведае вядомую праваабаронцу Тацяну Равяку, але ён ня можа адказаць на пытаньне ці пералічваў ёй сродкі, бо ня хоча каб і яе перасьледвалі.

Бяляцкі таксама не пацьвярджае фактаў пераводу ім грошай іншым дзеячам праваабарончага руху: «Гэтая справа ініцыяваная КДБ, і таму я не магу ствараць базу для перасьледу іншых асобаў».

Бяляцкі па пунктах пералічвае пераводы, у якіх указана, што грошы на ягоны рахунак пералічваліся менавіта на «Вясну», на канкрэтныя праекты, у прыватнасьці, на камандзіроўку ў Казахстан, на правабарончую канфэрэнцыю, на публікацыю брашуры пра выбары ў Беларусі.

Бяляцкі тлумачыць гэта сам, перакладаючы з замежных моваў і расшыфроўваючы. Афіцыйна ў справе гэта не перакладзена. Раздрукоўка з польскага банку зусім не перакладзеная.

Банк Шлёнскі пракурор называе то «Сласкі» то Слоскі…

«Гэтыя раздрукоўкі выклікаюць у мяне яшчэ менш даверу, бо яны не праштампаваныя незавераныя. Не магу камэнатваць тыя сумы, якія тут пералічаныя, не магу казаць, што яны адпавядаюць рэчасінасьці», — кажа Бяляцкі пра дакумэнт з польскага банку.

Бяляцкі называе розныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, зь якімі супрацоўнічала «Вясна» і тлумачыць, што сродкі накіроўваліся на дзейнасьць «Вясны», у прыватнасьці, на адкрыцьцё грамадзкіх прыёмных арганізацыі, пра што сьледзтва замоўчвае.

Пракурор выпытвае, ці пацьвярджае Бяляцкі пералічэньне 4 тысячаў эўра і 19 эўра Натальлі Пінчук?

«Пацьвердзіць не магу па вышэй названых прычынах», — адказвае Бяляцкі. Аднак ён пацьвердзіў, што Пінчук ягоная жонка.


13:36 Старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч: «Я думаю, што салідарнасьць — гэта галоўная наша зброя. І вельмі важна, каб яна была тут, у Беларусі, і з боку дэмакратычных краінаў. Гэта мой маральны абавязак — быць тут. Я ведаю вельмі даўно Алеся і вельмі цаню гэтага чалавека. Гэта насамрэч выдатны праваабаронца, чалавек, які чынам, а ня словамі робіць усё, каб была дэмакратыя на Беларусі. І я веру, што ён будзе ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі. Бо ў Беларусі, безумоўна, як асоба заслугоўвае на такую прэмію Бяляцкі.

У нашай краіне няма справядлівага суду ўжо даўно, усё будзе вырашаць палітычная мэтазгоднасьць. І рэжым будзе ацэньваць тое, якое пакараньне прыдумаць Бяляцкаму, адпаведна сваім інтарэсам. Калі інтарэсы аднаўленьня дыялёгу з Захадам сёньня на першым пляне, ён атрымае менш. Калі галоўнае — застрашыць унутры краіны дэмакратычную супольнасьць, з дапамогай гэтага працэсу будуць спрабаваць павялічыць запалохваньне людзей. Таму няма суду пры гэтым рэжыме і ня будзе».

Аляксандар Мілінкевіч пра суд над Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Аляксандар Мілінкевіч пра суд над Бяляцкім



13:03 Перапынак да 14 гадзінаў.

12:49 Старшыня БАЖ Жана Ліцьвіна: «З майго боку гэта ў першую чаргу, канечне ж, праява салідарнасьці з Алесем. Бо за гэтай праявай салідарнасьці — велізарная павага да яго як да асобы, як да праваабаронцы, які працуе ў нашай краіне. А саму гэтую справу я разглядаю як палітычную, нягледзячы на тое, што, відаць, нейкія парушэньні заканадаўства ёсьць. Як палітычную, бо яшчэ ёсьць кантэкст умоваў дзейнасьці грамадзкіх, праваабарончых арганізацый. Гэта ўмовы дзейнасьці, якія стварыла сама дзяржава. Яна іх выпхнула, выштурхнула з прававога поля. І зараз за тое, што не была спынена праваабарончая дзейнасьць, вось гэтае пакараньне. Я проста спадзяюся на цуд, бо справа палітычная і ўсё далей будзе залежаць ад палітычнай каньюнктуры».

Жана Літвіна пра суд над Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Жана Літвіна пра суд над Бяляцкім




12:48 Пракурор пачынае допыт Бяляцкага.

Бяляцкі паведамляе, што ад 2007-га ня быў беспрацоўны, а перайшоў на творчую працу, пісаў артыкулы, кнігі, перакладаў з польскай мовы і на польскую мову, маючы дамову з грамадзянінам Польшчы. З гэтага ён плаціў падаткі.

Пракурор пытаецца, якія прыбыткі меў Бяляцкі. Ці мае ён прыбыткі ад камэрцыі і грамадзкай дзейнасьці? Ці плацяць Бяляцкаму як віцэ-прэзыдэнту Фэдэрацыі правоў чалавека?

Не, адказвае Бяляцкі, гэта грамадзкая пасада. Ён таксама кажа, што ня мае прыбыткаў ад камэрцыйнай дзейнасьці.


12:43 Жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч: «Я вельмі даўно ведаю Алеся, я некалі працавала ў „Вясьне“. Алесь — гэта вельмі знакавая фігура, калі казаць пра агульныя матывацыі, для беларускага праваабарончага руху. І гэта чалавек, які асабіста вельмі шмат для мяне зрабіў. Ён падтрымліваў мяне ва ўсе цяжкія часы, якія мы зараз перажываем. Я яму пэрсанальна вельмі ўдзячная».

Марына Адамовіч пра суд над Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Марына Адамовіч пра суд над Бяляцкім


12:42 Бяляцкі згадзіўся даваць суду паказаньні. Ён яшчэ раз заявіў, што не прызнае сябе вінаватым.

Пракурор зьвярнуўся да Бяляцкага: ад яго паказаньняў залежыць, ці будуць падтрыманыя ягоныя наступныя хадайніцтвы. «Прапаную вам адказваць шчыра. У выпадку атрыманьня зьвестак, што вы ня будзеце перашкаджаць працэсу і што вы ня будзеце ўхіляцца ад суду, магчымая зьмена меры стрыманьня — вызываленьне пад заклад, вяртаньне шкоды ці паручальніцтва. У выпадку сплаты шкоды магчымы перагляд хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня».


12:27 Старшыня асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч: «Я прыйшоў, бо хачу падтрымаць майго сябра, паплечніка па грамадзкай дзейнасьці Алеся Бяляцкага. Гэта галоўная задача. А да судовага працэсу стаўлюся як да расправы за праваабарончую дзейнасьць. Тут, я думаю, адназначнае меркаваньне ў нашага грамадзкага сэктару».

Сягей Мацкевіч пра суд над Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Сягей Мацкевіч пра суд над Бяляцкім



12:26 Хадайніцтваў у бакоў больш няма. Суд пераходзіць да судовага сьледзтва. Пракурор зачытвае абвінавачаньне Бяляцкаму.

Паводле пракурора, Бяляцкі парушыў Падатковы кодэкс і ўхіліўся ад сплаты падаткаў на суму 352 мільёны 274 тыcячы рублёў. Гэтым ён нанёс шкоду дзяржаве ў асабліва буйным памеры.

Пракурор называе нумары рахункаў у літоўскім Nordbank’у і польскім Bank’у Śląski’м.

Бяляцкі, маўляў, атрымаў на гэтыя рахункі 550 тысяч эўра, але не прадставіў дэклярацыі аб падатках на іх.

Перакладчыца ціха перакладае Бяляцкаму гэтую частку абвінавачаньня.

«Зьяўляючыся падатковым рэзыдэнтам Беларусі і ведаючы пра абавязак прадстаўляць падатковыя дэклярацыі, ухіліўся ад сплаты падаткаў у буйных памерах», — гэтак гучыць абвінавачаньне.

Бяляцкі кажа, што сутнасьць абванавачаньня зразумелая, але незразумела, якія сумы сьледзтва лічыць ягоным прыбыткам.

Бяляцкі вінаватым сябе не прызнаў: «Я перакананы, што мяне перасьледуюць за мае палітычныя погляды, за праваабарончую дзейнасьць, за тое, што я крытыкую дзейныя ўлады».

Бяляцкі назваў абвінавачаньне пазбаўленым усялякай лёгікі.

Пракурор заявіў, што віна Бяляцкага даказваецца паказаньнямі сьведкаў, рэчавымі доказамі.

12:20 Бяляцкі заявіў суду, што па-ранейшаму настойвае, каб увесь працэс яму перакладалі на родную мову.


12:19 Пісьменьнік Барыс Пятровіч: «Алесь Бяляцкі — сябра нашай арганізацыі. Мы прыйшлі, каб падтрымаць яго. Каб сваёй прысутнасьцю аказаць яму падтрымку, каб сказаць, што мы яго паважаем, што з павагай ставімся да ягонай працы. І спадзяемся, што ўсё будзе справядліва і мы хутка ўбачымся зь ім на волі».

Барыс Пятровіч пра суд над Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Барыс Пятровіч пра суд над Бяляцкім



12:18 Перакладчыца зачытвае пастанову па-беларуску, робіць памылкі і зьбіваецца, шмат русізмаў. Часам гэта выглядае як пераклад у Гугле, жартуюць калегі.

12:16 Судзьдзя адхіліў хадайніцтва адваката, каб Бяляцкаму зьмянілі меру стрыманьня з утрыманьня пад вартай на падпіску пра нявыезд. Абгрунтаваньне тое ж — «цяжкае злачынства», у якім абвінавачваецца падсудны.

12:15 Працэс аднавіўся. Алеся прывялі назад у клетку і публічна зьнялі кайданкі.

12:00 Кіраўнік расейскага праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Алег Арлоў: «Я прыехаў, бо Алесь — мой сябар. Мы зь ім даўно знаёмыя. Я яго ведаю як сьмелага і цудоўнага чалавека і
законы існавалі і ў нацысцкай Нямеччыне. Але потым гэтых судзьдзяў судзілі за тое, што яны выконвалі гэтыя нібыта законы …

сапраўднага праваабаронцу. Гэта найперш. Па-другое, я прыехаў, бо судзяць майго калегу, праваабаронцу. Гэта палітычны працэс. Гэта трэба бачыць, назіраць і, чым можна, дапамагчы Алесю. Спачатку ўлады ствараюць усе ўмовы, калі ў супярэчнасьці з нормамі права грамадзкія арганізацыі ня могуць працаваць, ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб яны не працавалі. І потым пад надуманымі падставамі, нібыта чалавек парушае крымінальнае заканадаўства, судзяць. Згадаем, што законы існавалі і ў нацысцкай Нямеччыне. Але потым гэтых судзьдзяў судзілі за тое, што яны выконвалі гэтыя нібыта законы. Бо закон можа быць, але ён ніякага дачыненьня да права ня мае. Вось мы сутыкаемся тут роўна з гэтым жа самым».

Алег Арлоў пра суд над Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Алег Арлоў пра суд над Бяляцкім




11:55 Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч: «Мы назіраем працэдуру палітычнай расправы над праваабаронцам, над чалавекам, які вельмі шмат значыць для беларускай грамадзянскай супольнасьці. І зараз проста адбываецца акт за актам па той драматургіі, якую сёньняшні рэжым для сябе абраў. Таму, безумоўна, мы не чакаем ад суду ніякага ўсебаковага, аб’ектыўнага разгляду гэтай справы. Мы толькі разьлічваем, што палітычны момант абавяжа сёньняшні рэжым выпусьціць Алеся Бяляцкага. Бо ён — закладнік сёньняшняга палітычнага рэжыму, які можа дзеля сваіх нейкіх там гульняў, патрэбаў проста яго вызваліць,бо гэта адпавядае сёньняшняй палітычнай каньюнктуры.

Тое, што многія, хто хацеў патрапіць на працэс, не атрымалі візы, гэта таксама частка такой палітычнай расправы над Бяляцкім. І, безумоўна, сёньняшні рэжым абсалютна не зацікаўлены, каб вельмі вядомыя людзі ў сьвеце, якія заступіліся за Алеся, маглі прысутнічаць тут і падтрымаць яго».

Уладзь Лабковіч пра суд Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Уладзь Лабковіч пра суд Бяляцкім



11:51 Іну Кулей ахова вывела з судовай залі за тое, што яна надзела майку з партрэтам Бяляцкага. Сказалі, што больш у залю ня пусьцяць. Заступніцтва Аляксандра Мілінкевіча не дапамагло.

10:40 Праваабаронца Алег Воўчак: «Прыйшоў падтрымаць свайго калегу Алеся Бяляцкага. Бо гэта працэс ня толькі адносна Бяляцкага, а адносна ўсяго праваабарончага руху. Гэтае судовае паседжаньне незаконнае, не было юрыдычных падстаў для пачатку крымінальнай справы супраць Алеся. Але мы павінны ўсё гэта зафіксаваць на судзе і потым зрабіць маніторынг і аналіз і паказаць нацыянальнай і міжнароднай грамадзкасьці, што справа надуманая, гэта ўсё пабудавана на псэўдадоказах. Гэта расправа над праваабаронцамі за тое, што пасьля 19 сьнежня аказалі падтрымку палітвязьням, іх сем’ям. Гэта была насамрэч моцная падтрымка грамадзянаў. Ну, і ўлады хочуць пасеяць страх, каб людзі баяліся супрацоўнічаць з праваабаронцамі.

Алег Воўчак пра суд над Бяляцкім

Your browser doesn’t support HTML5

Алег Воўчак пра суд над Бяляцкім




11:24 Судзьдзя зноў пайшоў у дарадчы пакой, каб вынесьці рашэньне па хадайніцтве пра зьмену меры стрыманьня.

Your browser doesn’t support HTML5

Суд над Алесем Бяляцкім. Пачатак працэсу


11:20 Судзьдзя агалошвае пісьмовае хадайніцтва адваката, якое знаходзіцца ў матэрыялах справы, пра зьмену меры стрыманьня: «Адсутнічаюць дастатковыя падставы і неабходнасьць утрыманьня Бяляцкага пад вартай».

11:15 Адвакат заяўляе новае хадайніцтва: запатрабаваць з пунктаў пропуску дзяржаўнай мяжы акты мытнага дагляду Бяляцкага ў часе ягоных замежных паездак. Бяляцкі падтрымаў. Пракурор зноў супраць, кажа, што ў матэрыялах справы няма зьвестак, што на Бяляцкага складаліся нейкія акты мытнымі службамі. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва «на дадзеным этапе працэсу».

11:05 Суд задаволіў хадайніцтва пра пераклад дакумэнтаў справы пра абарот грошай з замежных моваў. З гэтых дакумэнтаў можна высьветліць мэтавае прызначэньне сумаў, якія пералічваліся.

Адвакат просіць запатрабаваць дадатковыя дакумэнты з падатковай інспэкцыі пра разьлік прыбыткаў і выдаткаў Бяляцкага за 2000-2010 гады. Пракурор супраць.

Судзьдзя пастанавіў на дадзенай стадыі судовага разбору адхіліць гэтае хадайніцтва.


11:00 Адвакат просіць далучыць да матэрыялаў справы копіі скаргаў. Перакладчыца за ім перакладае. Але адвакат кажа, што ён так ня можа чытаць. Адвакат вырашыў сам зачытаць хадайніцтва па-беларуску і далей агучвае хадайніцтва на цудоўнай беларускай мове.

10:55 Бяляцкі папрасіў перакладчыка. Той знайшоўся ў залі.

Перакладчыца Кацярына Ермакова
прадстаўленая суду. Яна падпісала адпаведныя дакумэнты. Яе пасадзілі побач з адвакатам.

Я магу сказаць — сябар саюза пісьменнікаў, а вы патлумачыце — друг …

Судзьдзя просіць яму не перакладаць паказаньні Бяляцкага. Але Бяляцкі настойвае, што судзьдзя можа памыліцца: «Я магу сказаць — сябар саюза пісьменнікаў, а вы патлумачыце — друг». Заля адрэагавала на гэтую рэпліку Бяляцкага воплескамі.

Судзьдзя ўсё ж вырашыў, што ён дастаткова разумее беларускую мову, а калі што, сам папросіць перакласьці.


10:53 Судзьдзя забараніў відэазапіс працэсу. апэратары пакінулі залю.

10:49 Працэс аднавіўся. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня. Судзьдзя патлумачыў сваё рашэньне тым, што Бяляцкі падазраецца ва ўчыненьні «цяжкага злачынства».

10:25 На працэсе кароткі перапынак. Судзьдзя пайшоў у дарадчы пакой, каб вырашыць пытаньне пра зьмену меры стрыманьня.

10:17 Адвакат просіць далучыць даведку, што Бяляцкі сябра СБП, і творчую характарыстыку на яго. Адвакат зачытвае творчую характарыстыку СБП на Бяляцкага як літаратара, стваральніка музэю Багдановіча, аўтара некалькіх кніг.

Адвакат пералічвае шматлікія міжнародныя прэміі Бяляцкага, літаратурныя і праваабарончыя.

Пракурор заявіў, што правы Бяляцкага ня будуць парушаныя, калі працэс будзе весьціся па-расейску, бо сьведкі давалі паказанні па-расейску і па-расейску існуюць законы.

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва весьці працэс па-беларуску, бо ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы.

«А калі нейкія тэрміны будуць незразумелыя, то будзе прадстаўлены перакладчык», — заявіў судзьдзя.

10:14 Бяляцкі адказвае на пытаньні судзьдзі па-беларуску. Кажа, што ён творчы працаўнік, праваабаронца, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Судзьдзя заявіў падсуднаму, што калі ён недастакова валодае расейскай мовай, на якой вядзецца працэс, то мае права даваць паказаньні і пісаць хадайніцтвы па-беларуску.

Бяляцкі падаў хадайніцтвы аб зьмяненні меры стрыманьня і вядзеньні працэсу па-беларуску.


10:12 Працэс пачаўся. Судзьдзя Сяргей Бандарэнка. Адвакат
Зьміцер Лаеўскі. Пракурор Сайкоўскі. У залю таксама здолелі трапіць Уладзімер Някляеў разам з жонкай Вольгай, старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, праваабаронцы Алег Гулак, Гары Паганяйла. Відэаапэратарам дазволілі здымаць пачатак працэсу.

9:50 Жонкі Бяляцкага ў судзе няма. Сам праваабаронца прасіў, каб яна не прыходзіла. У залі суду — дыпляматы з ЗША і краінаў Эўразьвязу: кіраўнік амбасады ЗША Майкл Скэнлан, амбасадар Нямеччыны, прадстаўнікі амбасадаў Францыі і Вялікай Брытаніі, амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка. У судзе прысутнічаюць Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Зьміцер Дрозд, Алег Воўчак, былы адвакат Павал Сапелка, літаратары Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін.


9:40 Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: Падчас сьледзтва не было парушэньняў права на абарону, як гэта было ў справах за Плошчу. Адвакат меў магчымасьць сустракацца зь ім без абмежаваньняў па колькасьці сустрэчаў і іх працягласьці. Таксама не было інфармацыі пра катаваньні або бесчалавечнае абыходжаньне. Вядома, ён у ізаляцыі, і адвакаты кажуць, што рэдка бывае, каб па такіх эканамічных артыкулах прызначаюць такую меру стрыманьня — утрыманьне пад вартай. У нашым выпадку — ён быў цалкам ізаляваны, меў спатканьні толькі з адвакатам. Жонка Алеся ні разу не атрымала дазволу на спатканьне — ён ня бачыў сваіх родных ад 4 жніўня.

Адно з парушэньняў, пра якія можна казаць згодна зь міжнароднымі нормамі права — гэта тое, што ён не паўстаў перад судзьдзём адразу пасьля затрыманьня, а меру стрыманьня яму выбірала пракуратура. Міжнародны пакт патрабуе, каб гэта рабіў суд, але ў нас такая практыка паўсюдная.

І яшчэ адно парушэньне — Алесь фактычна ня мог карыстацца роднай мовай падчас падрыхтоўкі да суду, паколькі ў нашай краіне — ня ведаю зь якой нагоды — дагэтуль няма заканадаўства па-беларуску. Проста ў прынцыпе няма — ні крымінальна-працэсуальнага, ні крымінальнага кодэксу, хоць Канстытуцыя гарантуе роўны статус абедзьвюх моваў. Алесь зьвярнуўся ў шэраг дзяржаўных установаў з патрабаваньнем перакладу заканадаўства, каб ён мог гэта выкарыстоўваць, але гэтага зроблена не было, і калі будзе зроблена — невядома. Ну і паглядзім, як падчас працэсу будзе забясьпечвацца ягонае права ўдзельнічаць у працэсе на роднай мове — ці будзе забясьпечаны перакладчык, ці судзьдзя і пракурор будуць весьці працэс па-беларуску.


Інтэрвію Валянціна Стэфановіча Валеру Каліноўскаму перад пачаткам суду

Your browser doesn’t support HTML5

Інтэрвію Валянціна Стэфановіча Валеру Каліноўскаму перад пачаткам суду



9:15 Ля будынка суду дзяжураць некалькі аўтобусаў са спэцназам міліцыі. На пляцоўцы побач з судом забароненая паркоўка. Ля дзьвярэй залі, дзе будзе слухацца справа, пачынаюць зьбірацца людзі — праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці. У судзе ўжо знаходзіцца намесьнік Бяляцкага па «Вясьне» Валянцін Стэфановіч.

Пачатак заплянаваны на 10:00

Крымінальную справу будзе весьці судзьдзя Першамайскага раёну Сяргей Бандарэнка.

Працэс будзе праходзіць у памяшканьні суду Маскоўскага раёну, бо ў Першамайскім судзе, які месьціцца ў старым будынку, малыя залі судовых паседжаньняў.

Адрас Маскоўскага суду: пр. Газэты «Праўда», 27

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Напярэдадні амбасады Беларусі ў розных краінах адмаўляліся выдаваць візы міжнародным праваабаронцам, якія зьбіраліся прыехаць у Менск на судовы працэс над Алесем Бяляцкім.

Беларускае пасольства ў Парыжы ня выдала візу прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн, спаслаўшыся на непажаданасьць яе прысутнасьці ў Менску.

У візе адмоўлена кіраўніку праграм праваабарончай арганізацыі «Сivil Right Defenders» Мары Мэнсан (Швэцыя), праваабаронцам з Нарвэгіі Ане Бандэ і Дайве Пяткевічуце, якія прадстаўляюць фонд «Дамоў правоў чалавека», прадстаўніцы «Partnership for Human Rights» Марыяне Роча (Бэльгія).

Беларусь таксама адмовіла ў візе прадстаўніку Нарвэскага Хэльсынскага камітэту Берыт Ліндэман.