«ЭЗ ня можа бязьдзейна назіраць за дзеяньнямі Лукашэнкі»

Марылюіза Бэк

Такую заяву напярэдадні судовага працэсу над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім зрабілі дэпутат Бундэстагу ад партыі зялёных, каардынатар у пытаньні Ўсходняй Эўропы Марылюіза Бэк і віцэ-прэзыдэнт нямецкага парлямэнту Катрын Герынг-Экард (яна ж апякун палітвязьня ў рамках кампаніі праваабарончай кампаніі «Libereco — Partnership for Human Rights»).

«Лукашэнку нельга давяраць — ягоныя словы аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў да канца кастрычніка нічога ня вартыя, адзначаюць нямецкія палітыкі. Тым ня менш, Беларусь павінна неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць ўсіх палітзьняволеных і рэабілітаваць іх», — адзначаюць нямецкія палітыкі.

Як мяркуюць Герынг-Экард і Бэк, трагічна, тое, «што часткова вінаватымі ў крымінальным перасьледзе Бяляцкага» ёсьць такія краіны ЭЗ як Літва ды Польшча, якія раскрылі Менску інфармацыю адносна банкавых рахункаў «Вясны»«.

«Гэты прэцэдэнт нанёс вялікую шкоду надзейнасьці і імкненьню ЭЗ актыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. Ён таксама дэманструе неадэкватнасць інструмэнтаў Зьвязу ў барацьбе з дыктатурамі, гэтыя інструмэнты павінны быць неадкладна перагледжаныя.

ЭЗ ня можа бязьдзейна назіраць за дзеяньнямі Лукашэнкі. Напрыклад, у Беларусі — краіне, дзе рэжым наступае на грамадзянскую супольнасьць, непрымальна праводзіць першынства сьвету па хакеі −2014», — перакананыя Катрын Герынг-Экард і Марылюіза Бэк.