«На Дзяды мы адведваем і магілы нашых аднадумцаў»

Віцебскія актывісты адведалі магілы сяброў і аднадумцаў, якія ўжо сышлі ў іншы сьвет. А таксама запалілі сьвечкі памяці на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій каля вёскі Паляі Віцебскага раёну.

На могілках у вёсцы Друкава актывісты кампаніі «Гавары праўду», прыхільнікі стварэньня партыі БХД, сябры іншых партый ды рухаў ушанавалі памяць Уладзімера Плешчанкі, былога старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

На могілках «Копці» актывісты добраўпарадкавалі магілу Сяргея Цярэнцьева, аднаго зь першых віцебскіх фронтаўцаў, сябра культурна-асьветніцкай суполкі «Ўзгор’е», якая ў 1980-я гады ратавала ад руйнаваньня помнікі гісторыі і культуры.

Жыцьцё склалася так, што догляд за пахаваньнем Сяргея Цярэнцьева стаўся клопатам ягоных аднадумцаў, якія штогод наведваюцца на могілкі ў пачатку лістапада.

Стала традыцыяй і наведваньне магіл іншых апазыцыйных актывістаў, пахаваных на могілках «Копці»: магілы Алеся Мудрычэнкі і Рамана Салаўяна — сябраў КХП БНФ, Алены Залескай — колішняй старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Згадваючы Алену Залескую, актывіст кампаніі «Гавары праўду», былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч сказаў так:

«Мы сёньня наведалі магілы нашых сябраў, хаця многіх зь іх я асабіста ня ведаў. А вось Алену Васільеўну памятаю добра. Яна мне пісала лісты ў турму. Гэта была сьмелая, адданая справе жанчына. Усе нашы сябры-нябожчыкі шмат рабілі, каб жыцьцё ў нашай краіне было лепшае. Можа, пакуль гэта не атрымалася. Але насеньне, якое яны кінулі ў глебу, абавязкова ўзыдзе!»

Your browser doesn’t support HTML5

Дзяды ў Віцебску


Вяртаючыся ў Віцебск, актывісты спыніліся каля вёскі Паляі, каб наведаць месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Гэта «віцебскія Курапаты» — тут у памяць трагічных падзеяў 1930–50-х гадоў прадстаўнікі розных палітычных партый усталёўваюць памятныя крыжы ды садзяць дрэўцы. Яны спадзяюцца, што калі-небудзь тут будзе сапраўдны мэмарыял. А пакуль штогод на Дзяды тут ускладаюць кветкі ды запальваюць сьвечкі.