Яраш Малішэўскі – што пачытаць пра Вільню

Яраш Малішэўскі


Вільня сёньня - сталіца незалежнай дзяржавы. Суседняй. І нават рамантычныя адраджэнцы пачатку 90-х ужо амаль разьвіталіся з мроямі пра вяртаньне былой сталіцы ВКЛ статусу галоўнага гораду беларускай дзяржавы. І ўсё ж так хочацца блукаць па яе вузкіх вулках бяз візы ў нацыянальным пашпарце. З дапамогай краязнаўцы Яраша Малішэўскага зробім гэта хаця б па кніжных старонках.


УЛАДЗІМЕР ЖЫЛКА. ВЕРШЫ АБ ВІЛЬНІ. ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ.

Менск, Беларускі кнігазбор, 1998

Узгадваючы тое, што напісана беларусамі пра Вільню, прамінуць Уладзімера Жылку аніяк не выпадае. Радкі пра сталіцу надзейна закарэніліся у памяці.

О, места роднае, каханае,
Цябе залье крывіцкі рух!


Лёс кідаў яго паміж Прагай і далёкім Уржумам, дзе й змушаны быў скончыць жыцьцёвы шлях паэт. А Вільня была местам-марай, местам-ідэалам, дзе і спачыць хацелася, “на могілках зацішных Росы”. У «Вершах аб Вільні» і настальгія за мінулай веліччу, і цьвёрдая перакананасьць пра шчасьлівую будучыню, дзе бязь Вільні аніяк. “Зьдзяйсьненьне сапраўднае сувэрэннасьці нашага народу, сапраўднае незалежнасьці адбудзецца толькі ў Вільні ці... нідзе. Менск — этап у разьвіцьці і поступе нашае ідэі”…У Вільні ж выдаваліся і першыя творы. А пра любае места Жылка ў палове дваццатых гадоў пісаў ў Празе. Апынуўшыся пазьней ў савецкім Менску, “паэт красы і хараства” быў там чужы “па форме і ідэйнаму зьместу» і набліжэньня да пралетарскай літаратуры ў яго не назіралася. Было іншае набліжэньне.

О, Вільня, крывіцкая Мекка!
Ці варта прарока ты стрэць?



МАКСІМ БАГДАНОВІЧ. КАСЬЦЁЛ СЬВЯТОЙ ГАННЫ Ў ВІЛЬНІ. ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 1996

Хто з нашых паэтаў пасьля Багдановіча не апяваў гэтую бажніцу! Адну з тых, пра якія існуе амаль аднолькавае паданьне – як прамаўляў зачараваны пекнатою бажніцы Банапарт: “Калі б мог, то перанёс бы на далоні гэтае цуда проста ў Парыж”. Гэтак нібыта было і ў Вільні, і Глыбокім, і ў Віцебску, і ў вёсачцы Ля Нёману. Зрэшты, ня гэтак тое і важна…

Каб загаiць на сэрцы раны,
Забыцца долi горкi глум,
Прыйдзеце да касьцёлу Ганны!
Там зьнiкнуць сьценi цяжкiх дум.


Максім запачаткаваў, можна сказаць, задаў тон, узровень. І распачалося. Сьвядома, ці не, але бываючы ў Вільні ці ня кожны імкнецца “прывязацца” да касьцёлу. Дый адзін з найгалоўных сымбаляў места – менавіта ён. Зірнеш на гэтую цацачку і дзівісься – як яна, мройная, вытрымала тое, што звальвалася на Вільню. Паглядзіш, і ў чарговы раз усьведамляеш, што за дзяржаву мы пра...спалі. І ці захавалася б тая дзівосная бажніца ў БССР? Невядома. На шчасьце, яна ёсьць. Там, дзе Максім адчуў, што такое Беларусь.


ЯКУБ КОЛАС. ДЗЯДЗЬКА Ў ВІЛЬНІ. НОВАЯ ЗЯМЛЯ. ЗБОР ТВОРАЎ У 14 ТАМАХ. Т. 6.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 1974

А тут погляд на Вільню зусім іншы. Рэдкі, не аддана-захоплены. Гэта не замілаваны сталіцай інтэлігент, каму знаёмы кожны завулак, а цень ад муроў здольная абудзіць натхненьне на твор, што гадоў за колькі мае шанцы стацца хрэстаматыйным. Гэта ня тое ўражаньне, калі сілкуесься, набіраючы поўныя грудзі віленскага паветра. Не, зараз на тутэйшым бруку госьцейкі адрознага кшталту – тыя, што звыклі да бароў ды пушчаў. Тыя, хто прызвычаены да чыстага паветра і прасторы. А ў Вільні ж усё іншае. Куды ні зірні – суцэльная экзотыка. Там, у роднай старонцы, “з старасьвецкімі дубамі каротка знаўся як зь сябрамі”. Але Вільня…

Як выйшаў дзядзька наш з вакзалу,
Яму аж моташна нейк стала
Такое пекла – шум страшэнны,

Снуе народ, як на пажары,
Пад ім аж гнуцца тратуары.
Эй, Божы люд! Якая сіла
Цябе віхрамі закруціла?


Зірнулі на места з вышыні Замкавай гары, на гэтае павуціньне вулак, на вежы касьцёлаў, на іншы сьвет -- тая прыгажосьць, вядома, у душу запала. Ды ўсё ж госьці канчаткова ўсьвядомілі – кожнаму сваё. Пекна, ды нязручна: трэба дахаты падавацца. Родная старонка – мілейшая.


МІКОЛА ШЧАКАЦІХІН. НАРЫСЫ ЗЬ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА

Менск, “Навука і тэхніка”, 1993

У стагодзьдзі дваццатым, калі беларусы то добраахвотна, то пад прымусам, масава адмаўляліся ад сваёй мовы, культуры ды краіны, знаходзіліся людзі нат з-за мяжы, якія паводзілі сябе іначай. Яскравым прыкладам у дадзеным выпадку ёсьць Мікола Шчакаціхін. Апрача роднай расейскай ён, дарэчы, ведаў яшчэ з тузін іншых. Ужо будучы навукоўцам, ён прыехаў у Беларусь, вывучыў мову нашую ды стаўся адным з пачынальнікаў беларускага мастацтвазнаўства. Зробленае ім уражвае. Гэта ж менавіта ён, Шкакаціхін, увёў ва ўжытак паняткі «беларускае Адраджэньне», “беларуская готыка” ці “беларускае барока”. Ды колькі ўсяго – не пералічыць! У 1928 годзе выйшаў першы том ягоных “Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва”, дзе Шчакаціхін абагульняў свае багатыя напрацоўкі. За першым томам мусілі выйсьці наступныя. Але з канца дваццатых усё зьмяняецца…

У кнізе, апрача ўсяго -- і віленскія замкі, муры ды бажніцы. Тут упершыню нашае мастацтва разглядаецца, як беларускае, без “адхіленьняў”. І побач зь Мірам, Горадняй, Наваградкам -- Вільня, як неадлучная частка. Час, калі Беларусь, хоць і падзеленая межамі, успрымалася, як адна краіна. Зь Менскам і Смаленскам. Зь Вільняй.

МАРЫЯН ПЕЦЮКЕВІЧ. У ПОШУКАХ ЗАЧАРАВАНЫХ СКАРБАЎ

Вільня, “Рунь”, 1998

Ня гэтак і лёгка знайсьці гэтулькі інфармацыі пра Вільню міжваенных гадоў – каб у адной кнізе. Прычым чалавек, што пісаў яе, ня проста жыў там, але браў не абы-які ўдзел у тагачасным віленскім жыцьці, быў адным з найбольш прыкметных беларускіх культурніцкіх дзеячоў. Чаго вартая хаця б пасада дырэктара Беларускага музэю! Ці атрыманая ад “асвабадзіцеляў” Варкута, лягер… Пецюкевіч стаўся адным зь нешматлікіх, з адзінак, што ацалелі падчас зачыстак Вільні ад беларушчыны. Карная машына ўкруціла ў свае колы і яго, але пашчасьціла выжыць. Перад чытачом – праўдзівая Вільня таго часу. Калярытныя, жывыя ўспаміны пра тых асобаў, што самі ёсьць сымбалямі. Луцкевіч, Станкевіч, Тарашкевіч, Гарэцкі… Гэтыя людзі былі ў жыцьці Пецюкевіча. А якая смачная, сакавітая мова -- праўдзівая віленская гаворка! Эксклюзыўныя, так бы мовіць, успаміны.

А скарбы, дарэчы, Пецюкевіч у Вільні знайшоў, прыйшоўшы туды па іх – веды, навуку. І хоць веды, як тое почасту бывае, памножылі смутак, Пецюкевіч ні пра што не шкадаваў: беларускі шлях лёгкім не бывае.