Расейскія палітолягі пра артыкул Лукашэнкі ў «Известиях»

Навошта Аляксандар Лукашэнка выступіў у «Известиях» з артыкулам на тэму постсавецкай інтэграцыі, які стаў адказам на праграмны артыкул Уладзімера Пуціна, што зьявіўся ў той самай газэце раней? На якія моманты ў выступленьні прэзыдэнта РБ вы зьвярнулі ўвагу?

З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да рэдактара часопіса "Россия в глобальной политике" Фёдара Лук'янава і дырэктара Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўгена Мінчанкі. Зь імі гутарыў Юры Дракахруст.

Здаецца, што падзецца Лукашэнку і Беларусі ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі няма куды


Лук'янаў: Навошта? Мяркую для таго, каб павітаць расейскага лідэра, які вяртаецца. Зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым дачыненьні ў Аляксандра Лукашэнкі ня склаліся зусім, і калі зараз стала зразумела, што Мядзьведзеў ня будзе граць ранейшай ролі, дык Аляксандар Рыгоравіч не хавае свайго паблажлівага стаўленьня да дзейнага прэзыдэнта. З Пуціным у іх таксама асаблівай цеплыні ніколі не было, але Лукашэнка зразумеў, што калі чалавек вяртаецца і магчыма вельмі надоўга, то гэты фактар у палітычных разьліках трэба ўлічваць.

Па-другое, дрэйф у бок здачы Беларусі Расеі назіраецца ўжо некалькі месяцаў. Здаецца, што падзецца Лукашэнку і Беларусі ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі няма куды. Пры гэтым трэба аддаць яму належнае – кожны крок ён прадае як мага даражэй. І ў гэтым артыкуле, жахліва камплімэнтарным і апалягетычным у адносінах да Пуціна, праводзіцца галоўная для Беларусі думка (і для Казахстана, але для Беларусі асабліва), што гэта павінна быць узаемадзеяньне роўнапраўных суб'ектаў. Гэта вельмі важны момант, бо галоўная праблема любой інтэграцыі на постсавецкай прасторы – гэта неймаверная дыспрапорцыя магчымасьцяў. Калі ў Эўропе ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя пачыналася інтэграцыя, дык яе ўдзельнікі былі сувымерныя паводле эканамічнай і палітычнай вагі. На постсавецкай прасторы гэтага і блізка няма. І задача Расеі – паказаць, што інтэграцыя не азначае, што ўсе падпарадкоўваюцца толькі ёй. І Лукашэнка лішні раз пра гэта нагадаў. А ў цэлым зьяўленьне гэтага артыкула – гэта крок, які закліканы прадэманстраваць гатоўнасьць да далейшага дыялёгу і гандлю.

Лукашэнку варта было б задумацца пра тыя абмежаваньні для расейскай прадукцыі, якія па-ранейшаму існуюць у Беларусі


Мінчанка: Першае – гэта падкрэсьліваньне раўнапраўнасьці, роўных правіл і ўмоваў для ўдзельнікаў агульнага рынку. Хутчэй за ўсё, ён найперш намякае на тэму энэргетыкі. Але калі размова ідзе пра раўнапраўе, то Лукашэнку варта было б задумацца пра тыя абмежаваньні для расейскай прадукцыі, якія па-ранейшаму існуюць ў Беларусі.

Другі важны момант у гэтым тэксьце – гэта ідэя "вялікай Эўропы" і стварэньне моцнага інтэграцыйнага аб'яднаньня ад Лісабона да Ўладзівастока. Спроба Лукашэнкі стаць улюбёнцам Эўропы была сарваная на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, нягледзячы на тое, што пад гэта было многае "заточана". Я не выключаю, што Аляксандар Рыгоравіч паспрабуе выбудаваць гэтую канфігурацыю нанова, але ўжо ў фармаце Эўразійскага саюзу.

Дракахруст: У сваім інтэрвію тром расейскім тэлеканалам Уладзімер Пуцін назваў галоўнымі ідэолягамі цяперашняга этапу постсавецкай інтэграцыі сябе і Назарбаева: «Дарэчы, вось тыя працэсы, якія цяпер разьвіваюцца і пра якія я пісаў, – рэальным аўтарам гэтых прапановаў і плянаў быў далёка ня толькі я. І ня толькі Расея. Насамрэч першы штуршок у гэтым кірунку быў зроблены прэзыдэнтам Казахстана Назарбаевым». Чаму Пуцін не адзначыў ролю Лукашэнкі (хаця і прыгадаў яго, як аднаго з удзельнікаў інтэграцыйнай нарады)? У свой час Лукашэнка лічыўся хіба ня самым вялікім інтэгратарам.

Лукашэнка быў самым вялікім інтэгратарам, па-першае, на словах, а па-другое, даволі даўно


Лук'янаў: Лукашэнка быў самым вялікім інтэгратарам, па-першае, на словах, а па-другое, даволі даўно. Таму ня дзіўна, што Пуцін прыгадвае Назарбаева, бо ідэя мытнага саюзу сапраўды належыць Назарбаеву, які пра гэта казаў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Да таго ж зараз Назарбаеў дэ факта найбольш блізкі і нэўтральны партнэр Расеі. Нэўтральны ў добрым сэнсе – гэта значыць той, зь якім дагэтуль не было публічных скандалаў, у адрозьненьне ад літаральна ўсіх іншых постсавецкіх краін. Лукашэнка за апошнія гады зарэкамэндаваў сябе як партнэр для Расеі вельмі цяжкі, кожны крок даводзіцца выбіваць з баямі. Таму вялікай удзячнасьці яму расейскае кіраўніцтва не адчувае.

Самым пасьлядоўным прыхільнікам інтэграцыі на постсавецкай прасторы, чалавекам, які быў супраць развалу СССР, зьяўляецца Нурсултан Назарбаеў


Мінчанка: Лукашэнка быў самым вялікім інтэгратарам у часы Ельцына, калі ён спадзяваўся, што атрымаецца стварыць аб'яднаную дзяржаву Расеі і Беларусі, а яму стаць прэзыдэнтам гэтага новага аб'яднаньня. У канцы 1990-х гадоў камуністы былі гатовыя яго ў гэтым падтрымаць, шэраг расейскіх алігархаў пачалі гуляць у гэтую гульню. Але потым зьявіўся Пуцін, стала зразумела, што Пуцін – гэта надоўга, адпаведна першае месца Лукашэнку ў новым аб'яднаньні ня сьвеціць. І ўзровень яго энтузіязму наконт інтэграцыі рэзка зьнізіўся. Калі глядзець гістарычна, дык самым пасьлядоўным прыхільнікам інтэграцыі на постсавецкай прасторы, чалавекам, які быў супраць развалу СССР, зьяўляецца Нурсултан Назарбаеў.