Берасьце: справу Рамана Кісьляка суд накіраваў на дапрацоўку

Раман Кісьляк

Суд Ленінскага раёну Берасьця накіраваў матэрыялы справы, пачатай супраць Рамана Кісьляка, на дапрацоўку ў РАУС. Праваабаронца адпушчаны з залі суду.

Судьдзя Рэўцкі паглядзеў матэрыялы і адзначыў, што ў працэсе падрыхтоўкі былі дапушчаныя недакладнасьці і супярэчнасьці:

“Напрыклад, было незразумела, які артыкул закону аб масавых мерапрыемствах я парушыў. Таксама, у адным месцы ў справе напісана, што я пікетаваў, а ў другім – што я рухаўся. То бок, яўныя супярэчнасьці. Менавіта гэтыя недаробкі дазволілі судзьдзі накіраваць матэрыял на дапрацоўку,” – распавёў Кісьляк.

Праваабаронца правёў ноч ў ізалятары пасьля затрыманьня падчас шэсьця салідарнасьці з Алесем Бяляцкім. Ён распавёў, што ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары жахлівыя:

“Пацьвердзілася ўсё тое, што казалі актывісты, якіх затрымлівалі раней. Той рамонт, які адбыўся ў 2008 годзе пасьля скаргі ў ААН Інгі Абрамавай і Юрыя Бакура, напэўна, быў апошнім рамонтам. Камэра брудная, прыбіральня сьмярдзіць, вада цячэ, дошкі падлогі прагнілі, у адным месцы нават дзірка. З раніцы на ўсю моц уключаюць радыёкропку, так, што проста невыносна ні спаць, ні знаходзіцца…Было вельмі холадна ў камэры, накрываўся ўсім, што ёсьць. Карацей, жахлівыя ўражаньні”.

Пасьля дапрацоўкі справы Рамана Кісьляка выклічуць у суд позвай.

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк затрыманы 16 кастрычніка падчас акцыі салідарнасьці з арыштаваным кіраўніком праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім.

Акцыя адбывалася ў 17.50 на пешаходнай частцы бульвару Касманаўтаў у Берасьці. Падчас шэсьця Раман Кісьляк праз мэгафон інфармаваў берасьцейцаў аб незаконнасьці ўтрыманьня Бяляцкага пад вартай. Ужо празь дзесяць хвілінаў ад пачатку шэсьця праваабаронца быў затрыманы міліцыянтамі.