Берасьцейскія настаўнікі ня выпускаюць школьнікаў за мяжу

Дырэкцыя берасьцейскіх школаў №26, 28 і 29 націснула на вучняў, якія зьбіраліся паехаць у Люблін на “Моладзевую біржу грамадзкіх ініцыятываў”, якую ладзіць фундацыя “Шчасьлівае дзяцінства” з Польшчы і агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Дзедзіч” зь Берасьця.

20 вучняў адклікалі заяўкі на ўдзел у гэтым праекце, паведаміў кіраўнік "Дзедзіча" Зьміцер Шыманскі.

Школьніца Кацярына кажа, што завуч і настаўнікі настойліва раілі ім адмовіцца ад вандроўкі:

“Яны казалі нам, што ў нас будуць праблемы з далейшым навучаньнем, маўляў, нас ня будуць браць у ВНУ. Казалі, што “Дзедзіч” будзе прымушаць нас сьцягамі махаць на вуліцах, і за намі будзе сачыць міліцыя. Нават запалохвалі, што нас у Польшчы ў рабства прададуць…”

Кіраўнік “Дзедзіча” Зьміцер Шыманскі зьдзіўлены:

“Незразумела, што іх магло напалохаць у гэтай вандроўцы? Яна ж зусім непалітычная. Праз праект "Моладзевая біржа грамадзкіх ініцыятываў" мы спрабуем паказаць маладым людзям як цікава і з карысьцю для іншых праводзіць вольны час. "Шчасьлівае дзяцінства" праводзіць разнастайныя адукацыйныя праграмы для моладзі ад 13 да 25 гадоў з розных краінаў, у тым ліку зь Беларусі. Тэматыка разнастайная - ад культуры да экалёгіі".

Вандроўка ў Польшчу заплянаваная падчас восеньскіх вакацыяў. Нягледзячы на тое, што пасьля ціску 20 вучняў забралі свае заяўкі на ўдзел, паездка ўсё ж адбудзецца, мяркуе Зьміцер Шыманскі.