«Бярозка» стане дадаткам да «Маладосці»

З Новага году ня стане найстарэйшага беларускамоўнага часопіса для падлеткаў «Бярозка», які выходзіць з 1926 году і ў якім пачыналі ці ня ўсе вядомыя беларускія літаратары. «Бярозка» страціць сваю вокладку і будзе дадаткам да часопіса «Маладосць».

У перабудовачныя часы, пры канцы 1980-х, калі рэдактарам часопіса быў Вячаслаў Адамчык, наклад «Бярозкі» дасягнуў 50 тысяч асобнікаў. У 2004 годзе былі ўжо спробы зачыніць «Бярозку», але ТБМ, грамадзкія актывісты ўзьнялі тады сур’ёзную хвалю ў абарону дзіцячага часопіса і адстаялі яго.

Сёлета ў верасьні выйшаў юбілейны, тысячны нумар «Бярозкі», а летась часопіс адзначаў сваё 85-годзьдзе. Цяпер жа «Бярозку» зробяць дадаткам да «Маладосьці». Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» Рагнед Малахоўскі кажа:

«Тлумачаць крызісам, але хто яго ведае, што там на самой справе… Пакуль я рыхтую тры апошнія нумары. Мяркую, гэта ўсё з-за таго, што холдынг, агульны кацёл. Грошы, калі яны ёсьць, дзеляцца на тых, каму трэба. Ня ведаю, што будзе зь „Бярозкай“ далей, але калі яна не захавае сваёй вокладкі, гэта будзе ўжо бяда… Мінулы нумар быў тысячны, юбілейны, гэта ўжо вялікая гісторыя. І людзі вядомыя працавалі і публікаваліся. Нягледзячы на ўсю „савецкасьць“, „Бярозка“ была сапраўды цікавая».
Тлумачаць крызісам, але хто яго ведае, што там на самой справе…

Васіль Зуёнак пачынаў менавіта зь дзіцячых выданьняў, а шэсьць гадоў — з 1972 па 1978 гады — быў галоўным рэдактарам «Бярозкі». Паэт узгадвае:

«Каго ні вазьмі зь вядомых літаратараў, яны ўсе прайшлі праз гэтае выданьне са сваімі лістамі, з далёкіх глухіх куточкаў дасылалі свае першыя творы. Я почыркі ўсіх памятаю і цяпер. Я кожны дзень дзясяткі адказаў даваў на іх лісты, на іх вершы, якія яны дасылалі».

Намесьніца галоўнага рэдактара холдынгу «Літаратура і мастацтва», якая назвалася Натальляй Ільінічнай, пацьвердзіла, што «Бярозка» стане дадаткам да «Маладосьці»:

«Так і будзе. Зьвязана гэта з маленькай падпіскай на „Бярозку“ — наклад у яе невялікі. Яна ня зьнікне і стане ня тое што дадаткам — два часопісы будуць выходзіць пад адной вокладкай. То бок застанецца пасьведчаньне аб рэгістрацыі. Кожны месяц у часопісе „Маладосць“ будзе тая ж самая колькасьць старонак. Аўтары нават і пераклікаюцца — у „Маладосці“ і „Бярозцы“. Таму, я думаю, мы тут не парушаем нейкіх этычных нормаў».
Ідзе палітыка на зьнішчэньне, на звужэньне беларускай журналістыкі, беларускага слова, беларускага выхаваньня.

Колішні галоўны рэдактар «Бярозкі» Васіль Зуёнак так ня лічыць. Калі ня будзе ўласнага твару, сваёй вокладкі ў «Бярозкі», яна проста засохне:

«Бярозка», мілая «Бярозка», у якой я працаваў… Я проста са сьлязьмі на вачах гавару пра гэта. Ідзе палітыка на зьнішчэньне, на звужэньне беларускай журналістыкі, беларускага слова, беларускага выхаваньня».

Пры канцы верасьня было прынята рашэньне дзіцячую беларускамоўную газэту «Раніца» зрабіць дадаткам да газэты «Переходный возраст», цяпер такі ж самы лёс напаткае і «Бярозку».