Слонім: За раздачу рэзалюцыі Народнага сходу — 175 тысяч штрафу

Алесь Масюк

Такі прысуд атрымаў у судзе Слонімскага раёну актывіст Алесь Масюк. Яго палічылі актыўным удзельнікам, паколькі ён раздаў сабраным рэзалюцыю Народнага сходу.

Сам Алесь Масюк вінаватым сябе ня лічыць, бо толькі прысутнічаў на сходзе. А міліцыя, кажа ён, нікога не папярэджвала пра тое, што гэта незаконная акцыя.

Калі сход скончыўся, да яго падышлі міліцыянты і запрасілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол затрыманьня. А ў панядзелак ізноў выклікалі ў пастарунак і склалі пратакол як на актыўнага ўдзельніка несанкцыянаванай акцыі.

У гэтыя хвіліны ў адным з пастарункаў Слоніма складаюць пратакол на Івана Бедку, які быў затрыманы разам з Алесем Масюком у суботу. Яго забралі з залі суду, дзе ён прысутнічаў як сьведка.