Гомельскага актывіста Кастуся Жукоўскага прыкавалі да батарэі

Кастусь Жукоўскі прыкаваны да батарэі

У Чыгуначным судзе Гомелю, дзе судзяць за Народны сход грамадзкага актывіста Валера Сьляпухіна, затрымалі Кастуся Жукоўскага. Міліцэйскія ахоўнікі на загад маёра Кошмана надзелі на Жукоўскага кайданкі й прычапілі яго ў холе суду да трубы ацяпленьня.

18:00 У суд неўзабаве прыйшоў участковы Цэнтральнага РАУС лейтэнант Марфушкін. Жукоўскага адвезьлі ў шпіталь, дзе лекары аказалі яму мэдычную дапамогу. Цяпер Кастусь знаходзіцца дома. Міліцыянт Сяргей Малашчанка склаў рапарт пра інцыдэнт, а Кастусь Жукоўскі, у сваю чаргу, напісаў заяву на імя начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі з просьбай разабрацца, на якой падставе міліцыянты валаклі яго па лесьвіцы й прыкулі кайданкамі да трубы ацяпленьня.

14:30 Кастусь праз тэлефон выклікаў нарад міліцыі і патрабаваў мэдычнай дапамогі: жаліўся, што зноў разбалелася зламаная спэцназам нага, зь якой толькі ўчора зьнялі гіпс.

Your browser doesn’t support HTML5

Кастуся Жукоўскага прыкавалі да батарэі


Кастусь Жукоўскі спрабаваў высьветліць у старшыні суду Тацяны Адрыбец, калі адновіцца суд над Валерам Сьляпухіным. Судзьдзя Ільля Сьвірыдаў абвясьціў перапынак у справе Сьляпухіна, але не назваў часу аднаўленьня судовага паседжаньня — і сышоў.

Жукоўскі выправіўся высьвятляць у старшыні суду час аднаўленьня разгляду справы Сьляпухіна. І Адрыбец, паводле Жукоўскага, паведаміла, што а 15-й гадзіне. Аднак у 13:05 Ільля Сьвірыдаў аднавіў судовае паседжаньне па разглядзе адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да Валера Сьляпухіна. Гэта выклікала эмацыйную рэакцыю з боку Жукоўскага на адрас старшыні суду. Яна палічыла, што Жукоўскі абразіў яе, і распарадзілася скласьці на Кастуся Жукоўскага адміністрацыйны пратакол.