Арганізатара Народнага сходу ў Полацку выклікаюць у міліцыю

Віктар Калесьнік

Позву ў Полацкі гарадзкі аддзел міліцыі, каб здаць адбіткі пальцаў, Віктар Калесьнік лічыць нейкай правакацыяй.

“У нашым гарадзкім аддзеле міліцыі пасьля шматлікіх затрыманьняў ужо даўно ёсьць ня толькі мае адбіткі пальцаў, але і фота ў розных ракурсах, і відэа, і аўдыёзапісы допытаў. Адным словам, поўнае дасье. Так што выклік на дактыляскапію – гэта поўная лухта. Да ўсяго, позву прымусілі атрымаць маю маці, пакуль я быў у ад'езьдзе. Каб ня гэта, я адразу б запытаўся, якая сапраўдная нагода для выкліку”, - кажа Віктар Калесьнік.

Спадар Калесьнік адзначае, што на многіх полацкіх сябраў аргкамітэту Народнага сходу ціснуць на працы. Таму некаторыя зьбіраюцца на выходныя зьехаць з гораду, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў.