“І гэта ўлада абяцала нам, што падвысіць сярэдні заробак да 1000 даляраў?”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 5 кастрычника 2011 году
Назіраючы, як штодня мяняюцца цэньнікі ў крамах ды імкліва абясцэньваюцца заробкі, многія жыхары Беларусі сёньня з тугой успамінаюць кароткі прамежак часу, калі зарплаты расьлі, а цэны стаялі на месцы. Той пэрыяд, аднак, скончыўся адразу пасьля сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Чаму так адбылося? Гэта пытаньне задаюць сёньня многія беларускія грамадзяне, у тым ліку і слухачы Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допіса. Яго аўтар, наш даўні сябар Алесь Цадко з Маладэчна піша:

"Добра памятаю, як перад выбарамі на так званым Усебеларускім народным сходзе пад лёзунгам "За квітнеючую Беларусь!" Лукашэнка абяцаў народу такі расклад заробкаў: 2011 год – 500 даляраў; 2012-ы – 700; а ў 2015-м – 1000 даляраў!

На працягу наступных месяцаў перад выбарамі ўсю гэту эканамічна неабгрунтаваную лухту дзяржаўная прапагандысцкая машына, рознага кшталту паны ды падпанкі ўзмоцнена ўбівалі ў галовы беларускага электарату. І ня дзіўна, бо тым, хто пры ўладзе, ёсьць за што трымацца. Для іх гэтыя казачныя абяцанкі сталі явай ужо цяпер. Ведаю, што ў дырэктара любога сярэдняга завода ды некаторых іншых кіраўнікоў прадпрыемства даходы ў 6-8 разоў вышэй, чым сярэднія ў працоўным калектыве, які яны ўзначальваюць. Пры савецкай уладзе ўсё было інакш. Дырэктар маладзечанскага завода "Спадарожнік" (а тады на прадпрыемстве працавалі 8 000 чалавек) атрымліваў крыху больш як 500 рублёў за месяц (гэта толькі ў 2 разы больш, чым сярэдняя зарплата на заводзе).

Так што зразумела, чаму цяперашнія адміністратары са скуры вылузваюцца, каб забясьпечыць і збор подпісаў за ўладных кандыдатаў у працоўны час, і датэрміновае галасаваньне, і перасьлед любых іншадумцаў...А зь якой ахвотай яны пазбаўляюцца ад тых грамадзка актыўных людзей, якія здольныя ўголас гаварыць пра раскраданьне дзяржаўнай уласнасьці на заводах!

Цяпер, пасьля знішчэньня нафтавага афшору і значнага зьмяншэньня расейскіх датацый, зьнікла і дурніца, на якую мы жылі. Дастаткова зайсьці ў любую краму, паглядзець на цэньнікі і параўнаць іх зь беларускімі заробкамі. Праўда, прапаганда штодня запэўнівае, што хутка ўсё гэта скончыцца і ўсё будзе так, як і было...Але ёй цяпер ужо мала хто верыць. Як і ў тое, што мы хутка будзем атрымліваць па 1000 (ці хоць бы па 500) даляраў заробку"
.

Заўважу, спадар Алесь, што пра 500 даляраў (а тым больш пра тысячу) цяпер маўчыць і прапаганда: пра тое перадвыбарчае абяцаньне ні ў дзяржаўных медыях, ні з чыноўніцкіх трыбун ня згадваюць. Верагодна, у разьліку на тое, што людзі пра яго пакрысе забудуць. Кіраўнікі ўлады сёньня ставяць перад падначаленымі значна менш канкрэтныя мэты: на працягу бліжэйшага года паступова наблізіць даходы грамадзянаў да таго ўзроўню, якім ён быў летась. Якая гэта будзе ступень набліжэньня, паводле якога валютнага курсу яна будзе вымярацца – пра гэта не паведамляецца.

Пра стаўленьне да афіцыйнай беларускай прэсы выказваецца ў сваім лісьце на Свабоду Аляксандар Пуранкоў зь вёскі Лешча Аршанскага раёна. Слухач піша:

"Дзяржаўных газэт мы не набываем, бо ад іхнай хлусьні аж вушы вянуць. Мой знаёмы лекар з Воршы пад прымусам выпісаў цэлы груд гэтых газэт і час ад часу прывозіць мне ў вёску. Сякая-такая карысьць ад іх усё ж ёсьць. Ведаеце, як добра гэтай паперай распальваць печ. Няблага таксама загортваць у іх яблыкі для захоўваньня на зіму. Іншай карысьці ад іх я ня бачу".

Гэтыя ўласьцівасьці прапагандысцкай прэсы асабліва цаніліся ў савецкі час. Мая бабуля, памятаю, выпісвала адразу чатыры асобнікі якой-небудзь самай таннай газэты – коштам адна капейка за нумар. Чым нямала зьдзіўляла паштальёнаў. А чаму зьдзіўляцца, калі любая іншая папера, апроч газэт, была тады і дэфіцытнай, і дарагой?

Іншая справа, што цяперашняя прапагандысцкая прэса, адрозна ад савецкай, зусім ня танная. На прапагандзе цяперашняя ўлада імкнецца яшчэ і зарабіць... Таму такія маштабы набыла прымусовая падпіска.

Аўтар наступнага ліста Мікалай Куксо зь Івянца Валожынскага раёна разважае пра тое, ці справядлівыя абвінавачаньні ў пасіўнасьці і слабасьці, якія часта гучаць на адрас апазыцыйных палітыкаў. Слухач піша:

"Апошнім часам у незалежных СМІ часта кажуць, што ў Беларусі слабая апазыцыя і няма моцных лідэраў. А я мяркую так: апазыцыя моцная тады, калі голас падае сам народ! Гэта як у спорце: каб зрабіць добры скачок, патрэбен надзейны грунт. Калі ногі ў дрыгве, дык высока ня скочыш, будзеш толькі боўтацца ў балоце...
А моцныя лідэры ў нас ёсьць. Ды толькі адны ў турме ды на "хіміі", другія, як Пазьняк – у эміграцыі.
Бяда ў тым, што за 200 год паланізацыі, а потым за 200 год русіфікацыі ў нас дагэтуль ня склалася моцная нацыя. А насельніцтва ў складаных умовах чужаземнага прыгнёту ўпадобілася траве, якая хінецца туды, куды вецер дзьме...

Цяпер, калі ў Беларусі фактычна вымерла вёска, якая была беларускамоўнай, нам ва ўмовах лукашэнкаўскага рэжыму, калі вынішчаецца ўсё нацыянальнае, пагражае зьнікненьне як нацыі, асіміляцыя з расейцамі. А народ – маўчыць. Перамагае так званая памяркоўнасьць, а лепш сказаць – імкненьне выжыць любой цаной. І таму беларускае чынавенства, ды і многія расейцы, лічаць беларусаў няпоўнавартаснымі, зь якімі можна рабіць усё што заўгодна.

Зь іншага боку, цяжка вінаваціць і народ, які імкнецца выжыць. Ён шмат гадоў жыве ва ўмовах калгаснага прыгнёту. Гараджанаў трымаюць на кароткім павадку кароткатэрміновых кантрактаў. Студэнтам пагражаюць выключэньнямі з ВНУ. Усіх агортвае ўсеагульны страх, бо ўлада нязгодных сотнямі саджае ў турмы – як было пасьля 19-га сьнежня мінулага году. Вось таму і маўчыць народ, і слабой выглядае апазыцыя. Дарэчы, у часы Гітлера і Сталіна наогул не было ніякай апазыцыі, а народы адзінадушна падтрымлівалі антычалавечыя рэжымы. Як будзе ў нас? Адказу пакуль няма"
.

Выглядае так, што ў беларусаў свой асаблівы шлях разьвітаньня з аўтарытарным рэжымам – запозьнены ў часе ў параўнаньні з суседнімі народамі – палякамі, літоўцамі, латышамі... Для гісторыі 20 год – тэрмін нязначны. А вось для асобнага чалавека – траціна жыцьця, пэрыяд, за які зьямяняецца цэлае пакаленьне. Таму так драматычна ўспрымаюцца многімі ў Беларусі сёньняшнія рэаліі.

Беларускі рэжым нібы застыў у сваім разьвіцьці, скапіяваўшы даўно пахаваныя гісторыяй аўтарытарныя ўзоры 20-га стагодзьдзя. Але эўрапейскі кантынент даўно жыве па іншых законах, на іншых каштоўнасьцях і прынцыпах. Напэўна, аўтарытарную выспу можна было б захоўваць і далей, калі б на тое былі фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы, калі б існавала міжнародная падтрымка і падтрымка гэтай мадэлі ў самім грамадзтве. Але ні аднаго, ні другога, ні трэцяга ў аўтарытарнага беларускага лідэра фактычна не засталося.

Пра настроі, якія пануюць цяпер у асяродзьдзі жыхароў беларускай "глыбінкі", распавядае ў сваім новым лісьце на Свабоду наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна. Ён піша:

"Моладзь наша глядзіць цяпер у асноўным на Захад, а не на Усход. Вы скажаце, што на заробкі ўсё роўна езьдзяць у Расею? Так, езьдзяць, але зь якім настроем адтуль вяртаюцца? Адзін мой знаёмы хлопец, які на сабе паспытаў усе даброты расейскай рэчаіснасьці, кажа, што цудам застаўся жывы. А многія ж і ўвогуле не вяртаюцца з тых заробкаў... Калі будзе рэфэрэндум пра стварэньне саюзу з Расеяй ці пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Федэрацыі, дык я першы выступлю супраць. Калі спатрэбіцца, дык і коштам уласнага жыцьця. І ўсе людзі ў асноўным супраць гэтага...

Пра што яшчэ сёньня гаворыць вясковы люд?... Абмяркоўвае абяцаньне Лукашэнкі выдаць кожнаму пэнсіянэру па 500 тысяч рублёў разавай дапамогі... Год таму гэта былі неблагія грошы. А што сёньня, калі кіляграм самай таннай каўбасы – больш як 30 тысяч рублёў? Людзі даўно зразумелі, чаго вартыя абяцанкі такой улады. А што датычыць намёкаў на прымірэньне з апазыцыяй, дык усе бачаць, што гэта – балбатня. Наш правадыр проста спрабуе замазаць вочы Захаду. Думае, што там зноў, каторы ўжо раз, павераць, што ён гатоў да дэмакратычных зьменаў. Але і ў Беларусі, і на Захадзе даўно раскусілі, што гэта за асоба...Ня думаю, што больш будуць верыць яму на слова і пад абяцаньні пачнуць даваць грошы"
.

Заўважце, спадар Павал, што пра магчымасьць аб'яднаньня з Расеяй у адну дзяржаву (а тым больш уваходжаньне туды ў якасьці аднаго ці некалькіх суб'ектаў федэрацыі) цяпер ужо не гаворыць ніхто з афіцыйных асобаў Беларусі. Суверэнітэт і незалежнасьць абвешчаны нацыянальнымі каштоўнасьцямі, якімі ўлада не гандлюе. Хоць згадаем, што яшчэ ў сярэдзіне і прыканцы 90-х гадоў гэта ж улада такі гандаль вяла, і яшчэ як актыўна. Чаму цяпер ён практычна спыніўся? Па-першае, у Аляксандар Лукашэнкі шанцаў на тое, што ў аб'яднанай дзяржаве яго дапусьцяць да кіраўніцтва Крамлём – практычна ніякіх (адрозна ад канца 90-х, калі такая верагоднасьць была вельмі высокая). А па другое – прыхільнікаў аб'яднаньня ў сёньняшнім беларускім грамадзтве – ужо меншасьць, што таксама кардынальна адрозьнівае цяперашнюю сітуацыю ад той, што была ў Беларусі 10-15 год таму.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by