У Берасьці забаранілі пікеты Віктара Чайкоўскага

Віктар Чайкоўскі

Намесьнік старшыні аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі атрымаў адмоўны адказ з гарвыканкаму на сваю заяўку аб правядзеньні сэрыі пікетаў.

У адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Вячаслава Хафізава прадпрымальніку паведамляецца, што ў правядзеньні пікетаў адмоўлена. Падставай для такога рашэньня стала тое, што заяўнік не заключыў дамовы на абслугоўваньне мерапрыемстваў зь міліцыяй, камунальнікамі й мэдыкамі. Акрамя таго, Чайкоўскаму паведамілі, што пікеты плянаваліся ў забароненых, а ня ў вызначаных уладамі месцах.

Віктар Чайкоўскі кажа, што будзе абскарджваць гэтае, на яго думку, несправядлівае рашэньне:

«Тым больш — адказ з гарвыканкаму мне прыйшоў з парушэньнем закону аб масавых мерапрыемствах. Ён быў адпраўлены мне 27-га чысла, а 28-га я яго атрымаў. Згодна з законам мне павінны былі даць адказ за 5 дзён да плянаванай акцыі, а я атрымаў за 3 дні. Фактычна я атрымаў фармальную адпіску. Ды ў ёй мне пішуць, што такія акцыі можна ў Берасьці праводзіць толькі ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе толькі сабак выгульваць можна, або на стадыёне „Лякаматыў“, дзе нават і сабакі не прабягаюць».

Віктар Чайкоўскі разам з дэмакратычнымі актывістамі, праваабаронцамі меркаваў правесьці 5 пікетаў з 1-га да 5-га кастрычніка пад лёзунгам «Свабоду палітзьняволеным! Спыніць катаваньні й перасьлед!». Пікеты плянавалася праводзіць у розных ажыўленых месцах Берасьця.