Дашкевіч сядзіць у адзіночцы

Зьміцер Дашкевіч

Адвакатка Марына Кавалеўская наведала зьняволенага кіраўніка «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча ў Глыбоцкай калёніі.

Марына Кавалеўская паведаміла Ўладзімеру Палажанку, бацьку Насты Палажанкі, нявесты Зьмітра, што Дашкевіч сядзіць у адзіночнай камэры.

Дашкевіч заявіў адвакатцы, што ня мае прэтэнзіяў да адміністрацыі калёніі.

Кавалеўская таксама паведаміла, што Дашкевіч пачуваецца нармальна.

Зьміцер Дашкевіч пацьвердзіў адкаватцы Марыне Кавалеўскай словы былога кандыдата на прэзыдэнта, палітзьняволенага Андрэя Саньнікава пра пагрозы жыцьцю і Дашкевіча, і самога Саньнікава.

28 верасьня Ірына Халіп пераказала журналістам словы свайго мужа Андрэя Саньнікава. Халіп заявіла, што ў магілёўскім і віцебскім ізалятарах да Саньнікава падыходзілі вязьні і папярэджвалі, што ёсьць пагроза ягонаму здароўю і жыцьцю, што яго могуць не давезьці да Бабруйску і нават забіць. Тое самае, паводле Халіп, вязьні казалі і пра Зьмітра Дашкевіча.

Зьмітра Дашкевіча этапавалі ў Глыбоцкую калёнію 27-га верасьня.

26 верасьня бацька Насты Палажанкі Ўладзімер атрымаў ад Дашкевіча ліст, у якім той прасіў пра тэрміновую сустрэчу з адвакатам. Дашкевіч адправіў ліст з транзытнай камэры ў Магілёўскім СІЗА.

Сама Наста Палажанка, намесьніца Дашкевіча ў кіраўніцтве арганізацыі «Малады фронт», адбывае цяпер 11 сутак арышту. 19 верасьня яе і былога палітвязьня Ўладзімера Яроменка затрымалі, калі яны меліся вывесіць у Менску нацыянальныя сьцягі.

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў.

Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.