Украінец з Баранавічаў хоча праявіць салідарнасьць зь Цімашэнкай

Баранавіцкі праваабаронца Рыгор Грык падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне пікету салідарнасьці з былой прэм’ер-міністаркай Украіны Юліяй Цімашэнкай.

Рыгор Грык пабываў ва Ўкраіне ў ліпені, быў у судзе на працэсе Юліі Цімашэнкі і намётавым гарадку ў яе падтрымку. Актывіст, украінец па нацыянальнасьці, лічыць, што суд адбываецца з палітычных матываў.

"З усёй Украіны ў палатачны гарадок зьяжджаюцца людзі, каб падтрымаць Юлію Цімашэнку, бо яна невінаватая, гэта палітычная справа. Юлія Цімашэнка — адна з кіраўнікоў украінскай апазыцыі. Менавіта да гэтага я хачу прыцягнуць увагу беларусаў, жыхароў Баранавічаў, якія ня ведаюць пра тое, што творыцца ва Ўкраіне. Хачу маральна падтрымаць Юлію Цімашэнку ў барацьбе за праўду, свабоду й справядлівасьць", – кажа Грык.

Пікет Рыгор Грык мяркуе правесьці пад лёзунгам "Стане праўда, стане воля!" — гэта словы ўкраінскага пісьменьніка Тараса Шаўчэнкі.

Былая прэм’ер-міністарка Ўкраіны Юлія Цімашэнка абвінавачваецца ў перавышэньні паўнамоцтваў пры заключэньні газавых кантрактаў з Расеяй.