Саньнікаў у Магілёве

Андрэй Саньнікаў

Былы кандыдат на прэзыдэнцтва Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў Магілёўскім сьледчым ізалятары № 4. Пра гэта паведаміў праваабаронцы з грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціне Шацікавай дзяжурны ізалятара.

"Як толькі я атрымала інфармацыю, што Саньнікаў можа быць у Магілёўскім ізалятары, я тут жа туды паехала. І сапраўды пацьвердзілі, што ён у Магілёве. Скаргаў на здароўе ў яго няма. Мэдыкі яго правяралі. Перадачу яму перадаць нельга, бо ён "транзытны". Колькі ён будзе ў Магілёве знаходзіцца, у ізалятары ня ведаюць, бо пакет на яго запячатаны. Таксама паведамілі, што на практыцы ніколі не было, каб да "транзытных" перасыльных пускалі адвакатаў. Сказалі: калі адвакат хоча, то няхай наўпрост выходзіць на начальніка ізалятара, але такога ніколі не было", паведаміла "Свабодзе" Крысьціна Шацікава.

21 верасьня стала вядома, што Саньнікава этапуюць з наваполацкай калёніі ў бабруйскую ПК-2. У пятніцу 23 верасьня супрацоўнікі калёніі казалі, што былога кандыдата на прэзыдэнта Саньнікава павінны прывезьці ў суботу.

13 траўня былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.