Алёна Сьвірыдава: «Я не вагалася ні хвіліны, ці спяваць па-беларуску»

Алёна Сьвірыдава

Заслужаная артыстка Расіі Алёна Сьвірыдава ў рамках праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» перазапісала адзін са сваіх апошніх хітоў «Пока» ў перакладзе Андрэя Хадановіча. Да такой ідэі Алёна паставілася з вялікай прыязнасьцю: «Я не вагалася ні хвіліны, бо сама па сабе прапанова цікавая, а калі ўлічыць, што я доўгі час жыла ў Беларусі, дык і пагатоў».

Алёна Сьвірыдава - Пакуль

Алёна нарадзілася ў Керчы і, паводле яе прызнаньня, у ёй зьмяшаныя расейская і чвэрць украінскай крыві. Але ў Менску яна пражыла значную частку свайго жыцьця. Тут у яе было першае каханьне, тут яна напісала свае першыя песьні.

«Я люблю Беларусь, лічу Мінск эўрапейскім горадам і мне падабаецца туды прыяжджаць. Там засталося шмат маіх сяброў», — прызнаецца Алёна.

Сама Алёна з вялікай прыязнасцю паставілася да прапановы ўпершыню перасьпяваць адзін са сваіх хітоў па-беларуску. Для перасьпеву быў абраны адзін з апошніх хітоў сьпявачкі «Пока» з альбому «Сирена, или 12 историй, рассказанных на рассвете» (2008). Песьню ўзяўся пераасэнсаваць Андрэй Хадановіч. «Для мяне гэта быў самы нечаканы досьвед, бо я ніколі яшчэ не перакладаў таго, што завуць эстрадай, — прызнаецца ён. — Але гэты тэкст мне спадабаўся. Ясна, празрыста, какетліва, настраёва апавядаецца гісторыя каханьня. Я прасякнуўся вялікай сымпатыяй да лірычнай гераіні. У самім жа тэксьце давялося шмат чаго памяняць, каб ён загучаў на беларускай мове, але я імкнуўся пакінуць настрой, уласьцівы арыгіналу».

Сама Алёна кажа, што вынікам задаволеная: «Безумоўна, яна загучала па-новаму, і гэты варыянт мне падабаецца ня менш за арыгінал, хоць дзеля гэтага давялося трохі патрэніравацца. Выканала беларускі тэкст я толькі дубля зь дзясятага. Уражаньні ад гэтай працы засталіся выключна пазытыўныя».