У Магілёве раздавалі лісты з надпісам “І так усё зразумела”

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш дом» 23 верасьня ў Магілёве раздавалі мінакам чыстыя лісты каляровай паперы, паведамляе БелаПАН.

Пяць актывістаў кампаніі выйшлі а 18-й гадзіне да прыпынку грамадзкага транспарту насупраць Магілёўскага гарвыканкаму з жоўтымі і салатавымі лістамі каляровай паперы фармату А4. Ніякай інфармацыі на паперы не было, за выключэньнем словаў «Навошта пісаць, і так усё зразумела».
Прыкладна 20 хвілін маладыя людзі раздавалі лісты паперы, ідучы па вуліцы Першамайскай, Зорнай плошчы і вуліцы Ленінскай. Усяго было раздадзена каля 200 лістоў.

Як паведаміла ўдзельніца флэшмобу Крысьціна Шацікава, мэта акцыі — «каб людзі прывыклі, што можна штосьці раздаваць».

«Як у старым савецкім анэкдоце: чалавек раздаваў чыстыя лісты, і, калі яго затрымалі, ён сказаў, навошта штосьці пісаць, і так усё ясна, — сказала Шацікава. — Увесь час трэба штосьці дарыць людзям, каб яны разумелі, што ёсьць месца такім тонкім флэшмобам. Людзі павінны перастаць баяцца».
На працягу ўсёй акцыі супрацоўнікаў міліцыі заўважана не было, што выклікала некаторае засмучэньне яе ўдзельнікаў. «Акцыя прайшла пасьпяхова, але не зусім так, як мы хацелі. Думалі штосьці падарыць нашым супрацоўнікам міліцыі, але не было ніводнага», — адзначыла Шацікава.