Чорнае лета

Праграма «Пакуль ляціць страла», у якой Уладзімер Арлоў адказваў на пытаньні чытачоў і слухачоў «Свабоды», была часова прыпыненая пасьля 19 сьнежня 2010 году. Пісьменьнік разам з усім намі сачыў за лёсам палітвязьняў, зьвяртаўся зь лістамі да іхніх сваякоў і начальнікаў турмаў. Тым часам пытаньняў ня менела, і сёньня Ўладзімер Арлоў працягвае дыялёг з вамі.

Your browser doesn’t support HTML5

Пакуль ляціць страла, ч.1




Упэўнены, што лета 2011 году ня толькі мне, але тысячам з нас запомніцца як час страшэнных стратаў для Беларусі, час сыходу цэлага сузор’я выдатных асобаў, якія будавалі новую Беларусь: Уладзімер Конан, Віталь Сяліцкі, Віталь Скалабан... Пачынаеш гэты жалобны сьпіс, дзе так шмат людзей, што маглі б жыць ды жыць, і сэрца сьціскаецца ад балючага пытаньня: ЧАМУ?

Георгі зь Бешанковічаў


Падзяляючы вашыя боль і скруху, Георгі, згадваю цэлыя тыдні, калі вусьцішна было выходзіць у сеціва: амаль кожны дзень гэты сьвет пакідалі знаёмыя, калегі, аднадумцы, тыя, разам з кім працаваў над новымі кнігамі...

У трыццаць шэсьць гадоў спынілася беларускае сэрца Віктара Цемушава, аднаго з найлепшых гістарычных картографаў Эўропы, неверагодна адукаванага, разумнага, далікатнага чалавека. За лічаныя дні да сьмерці ён працягваў рабіць удакладненьні ў мапах, якія стварыў для другой часткі нашай зь Зьмітром Герасімовічам кнігі "Краіна Беларусь". Кожная размова зь Віктарам была выпрабаваньнем, бо, абмяркоўваючы межы нашых старажытных княстваў, я ведаў, што заўтра ягоная душа ўжо можа спасьцігаць межы ці бязьмежжа нябеснай Беларусі. Віктар і сам ведаў гэта, але спадзяваўся на дзіва і расказваў пра свае новыя праекты.

Палітолягу, бліскучаму аналітыку і, між іншага, апантанаму футбольнаму заўзятару, Віталю Сіліцкаму назаўсёды засталося трыццаць восем. Колькі гадоў таму, адказваючы на анкету "Што гэта значыць — быць беларусам?", ён напісаў: жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, дбаць пра Беларусь, любіць Беларусь.

Дзе ён будзе глядзець гульню БАТЭ з "Барсэлёнай"?

Трыццаць тры гады было памерлай летам Вользе Рамановіч, гісторыку і перакладчыцы, дзякуючы якой загучалі па-беларуску два тамы францускамоўных мэмуараў Міхала Клеафаса Агінскага. Не прапусьціце гэтае выданьне, калі яно зьявіцца, яшчэ і дзеля зробленых Вольгай грунтоўных і надзвычай цікавых камэнтароў.

Чаму яны сышлі, не дажыўшы да сарака?

Крыху больш пражылі паэтка Сьвятлана Явар, гісторык і паэт Эдуард Мазько, мастацтвазнаўца Юрась Малаш. Сорак пяць было Васілю Храмцову, ці ня першаму з тых, дзякуючы каму апошнія гадоў пятнаццаць трымалася беларушчына на Полаччыне. Відаць, я і на тым сьвеце згадаю крупнік, які ён варыў на Купальле.

Нашаму выдатнаму архівісту, чалавеку-энцыкляпэдыі Віталю Скалабану, якога Аляксандар Лукашук мэтафарычна-дакладна назваў "шчодрым рыцарам", ня споўнілася і шасьцідзесяці пяці. Хіба гэта старасьць?

Кожны быў непаўторны, а хтосьці і незаменны.

Дык чаму?

Можна пачуць, што зь Беларусі пачаў напоўніцу зьбіраць сваю даніну Чарнобыль. Магчыма. Але такі адказ выглядае занадта простым, калі не сказаць прымітыўным.

Прычыны паморку — каб жа ён улетку і скончыўся! — бачацца глыбейшымі й страшнейшымі. Яны выразна адкрыліся мне падчас працы над кнігаю "Імёны Свабоды".

Не выключаю, што рэчы, якія буду казаць, камусьці пададуцца банальнымі, але пытаньне зададзенае і трэба адказваць.

У выніку сталінскага тэрору, які шмат хто паводле савецкай традыцыі працягвае эўфэмістычна называць рэпрэсіямі, наша нацыянальная інтэлігенцыя, найперш гуманітарыі, была амаль цалкам вынішчаная. І сёньня слой беларускай інтэлігенцыі застаецца вельмі тонкім. А гэта значыць, што даводзіцца ўскладаць на сябе абавязкі й клопаты, прызначаныя, на добры лад, не для аднаго чалавека.

За такі цяжар бяруцца перадусім асобы пасіянарныя, надзеленыя не адным талентам, але і патрыятызмам, імкненьнем служыць ня толькі абранай навуцы ці сваёй сфэры культуры, але — цэлай краіне. Ня кожнаму дадзена несьці такую ношу доўга.

З гісторыі мы ведаем не аналягічныя (аналягаў нашых стратаў няма), але ў нечым падобныя сытуацыі. Напрыклад — у маладых эўрапейскіх краінах, якія ўзьніклі пасьля Першай усясьветнай вайны. Аднак там вучоныя, пісьменьнікі, мастакі, тэатральныя дзеячы, працуючы на нацыянальную ідэю, на сваю культуру й дзяржаву, мелі прызнаньне і падтрымку гэтай дзяржавы. Улада ўспрымала такіх асобаў як багацьце нацыі, ейны залаты запас.

У цяперашняй "нашай" улады іншыя "залатыя запасы".

Ці варта казаць пра ўжо ледзь не ўсясьветнае лідэрства ў колькасьці "ахоўнікаў парадку" на тысячу (ці ўжо на сотню?) грамадзянаў?

Замест таго згадаю размову з маім колішнім суседам, філёзафам Уладзімерам Конанам — чалавекам, які, нібыта легендарны Гільгамэш, сілаю сваёй заўсёды маладой думкі зь серабранкаўскай кватэры ўздымаўся ў касьмічныя вышыні, вызначаючы адтуль месца Беларусі ў прасторы й гістарычным часе. Аднойчы, выпіўшы са мною кілішак зусім зямнога напою — айчыннага джыну "Ведрыч" з старых запасаў — і распавёўшы пра вечаровую сустрэчу з прыручанай ім (неверагодная рэч!) куніцай, Уладзімер Міхайлавіч між іншага сказаў, што сяржант спэцназу атрымлівае заробак, большы за ягоны тагачасны прафэсарскі. Паведаміў гэта амаль весела, з гумарам, зь нязводнай тонкай конанаўскай іроніяй. Я ўявіў грамілу, што колькі дзён таму ляцеў на мяне з гумовым друкам у руцэ на вулічнай акцыі, і падумаў, што майго пачуцьця гумару на падтрыманьне зададзенага філёзафам тону можа не хапіць. Для дзяржавы нязьмерна больш каштоўны быў не выбітны мысьляр, аўтар шматлікіх манаграфіяў і тысяч энцыкляпэдычных артыкулаў, а ягоны антыпод з дручком.

А бог зь ёй, з уладай! (Хоць у маім уяўленьні зь ёю якраз ня Бог.)

Мне ня надта падабаецца карыстацца даволі-такі неакрэсьленым паняткам "народ", ды што паробіш, калі нацыі не даюць канчаткова сфармавацца.

Дык што народ? Ён шануе сваіх творцаў? Прыслухоўваецца да іх? Намагаецца зразумець?

Іду зь Вінцэсем Мудровым па Наваполацку на пахаваньне Васі Храмцова, заходжу ў кветкавую краму. Калі ласка, дзьве белыя хрызантэмы й адну чырвоную. Старэйшая з прадавачак, жанчынка гадоў на трыццаць пяць, падае замест чырвонай сінюю. Я паўтараю, што трэба чырвоная. Яна кажа, што па-беларуску не разумее. Як звычайна ў такіх выпадках, спачуваю: маўляў, ясна, вы мігрантка, нядаўна прыехалі і яшчэ не пасьпелі вывучыць мову краіны, якая дала вам прытулак. Тлумачу, што чырвоная — гэта "красная". Прадавачку неспадзявана ўзрывае: "Никакая я не мигрантка! Я здесь родилась и выросла! А мову вашу не-на-ви-жу!".

Такі вось атрымаўся букет на магілу чалавека, які ўсё жыцьцё паклаў на тое, каб яны, такія жанчынкі, сваю ж мову, прынамсі, разумелі.

Я абсалютна ўпэўнены, што да нашых велізарных стратаў гэтага году прычынілася й атмасфэра пасьля апошніх прэзыдэнцкіх "выбараў", калі краіна пачала часам успрымацца як суцэльная турма, адно што з рознымі рэжымамі.

Калі нехта думае, што гэтыя радкі піша пэсыміст, ён памыляецца. Мы выдадзім кнігі, якія не пасьпелі ўбачыць Віктар Цемушаў і Вольга Рамановіч. Мы зробім сэнсацыйныя архіўныя знаходкі, напішам новыя філязофскія трактаты і раманы, што будуць перакладаць на розныя мовы, улучна з каталёнскай, музыка якой мне так падабаецца. Бясспрэчна, шмат каму давядзецца працаваць больш, чым ён можа і, напэўна, крыху менш, чым хацелася б.

Але, як напісала "Наша Ніва" пасьля рэфэрэндуму 1995 году: "Ня зломіш!".

А што да жанчынкі-"мігранткі"... Зрабіце экспэрымэнт. Зайдзіце заўтра ў кветкавую краму і папрасіце чырвоных ружаў для каханай або для маці ці жонкі палітвязьня.