Тацяна Барысік – пра камфорт і дабрабыт у беларускай літаратуры

Тацяна Барысік

Почасту той, хто паўсюль дэкляруе, нібыта побытавы камфорт, дабрабыт дый наогул усё матэрыяльнае для яго неістотна, асабіста для сябе імкнецца набыць тэхніку апошняй мадэлі ды адзеньне й абутак выключна фірмовыя. Рэчы часам маюць вялікую ўладу над асобаю ці нават робяцца яе часткаю.

Тацяна Барысік – пра творы беларускіх пісьменьнікаў, галоўныя героі якіх - рэчы, што жывуць побач з чалавекам.


Артур Клінаў. Шалом. Раман.

Менск, “ Логвінаў”, 2011


Галоўны герой рамана Андрэй, скульптар з абласнога цэнтру, падчас наведваньня замежжа, маючы абмежаваныя грашовыя сродкі, змушаны рабіць пакутлівы выбар паміж упадабаным нямецкім шаломам часоў першай усясьветнай і ботамі для цешчы. Урэшце ён набывае шалом. З гэтага моманту шалом робіцца для яго не антыкварыятам, а сымбалем вайны за самога сябе. Андрэй вырашае не здымаць яго ніколі, абвясьціўшы сябе чалавекам у шаломе. Ягоныя прыгоды не заканчваюцца, а чакаюць яго на кожным кроку. Паспрабуйце хаця б самае простае - памыць валасы, не здымаючы шалому, альбо прыйсьці ў ім на працу ў правінцыйную ВНУ. Але Андрэй не здаецца, нягледзячы і на больш цяжкія выпрабаваньні. А аўтар твора з яго дапамогаю раскрывае самыя таемныя чалавечыя пачуцьці і думкі, у каторых ніколі не прызнаесься нават самому сабе.

Вінцэсь Мудроў. Альбом сямейны. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе).

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2007

У разьдзеле кнігі “Фотаздымкі з натуры” вядзецца гаворка пра прадметы побыту, адзеньне, што мелі асаблівае, часам нават культавае значэньне для савецкага грамадзяніна ў 60-70 гады мінулага стагодзьдзя, а цяпер выйшлі з ужытку ці маральна састарэлі.
- Нашто мне пра гэта чытаць, калі я сам і так усё бачыў, - наракне сталы чалавек, каторы ня мае настальгіі па тагачаснай штодзённай рэчаіснасьці. Тым жа, хто ня толькі ня бачыў на свае вочы, а нават, магчыма, і ня чуў пра керагаз, трумо, храмачы і іншае будзе карысна даведацца пра выгляд ды прызначэньне рэчаў, якія суправаджалі жыцьцё іх дзядоў і бацькоў і з якой цяжкасьцю гэта ўсё ім даставалася. Бо часам такія дэталі жыцьця кажуць пра эпоху больш яскрава і зразумела, чым шматлікія старонкі падручніка. А яшчэ пераканацца ў тым, што здаровы розум у рэшце перамагае хуткаплынную, але нязручную ва ўжытку модную тэндэнцыю, як у выпадку з балёньняй, парыкамі, ботамі-панчохамі. А прымаўка “Паклаў чорт славу на крывыя граблі”, мабыць, ніколі ня страціць слушнасьці.

Якуб Колас. Новая зямля. //Дзедаў човен//. Паэмы.

Менск ,“Мастацкая літаратура”, 1986”

Што ні кажыце, а набыцьцё новай, доўгачаканай рэчы, нават калі гэтая “новая” рэч трохі б/у, зьмяняе ня толькі настрой, але й зьнешні выгляд чалавека. Так адбылося й з дзядзькам Антосем, калі дзед Юрка падараваў яму свой стары човен. Ды Антося тое не бянтэжыць: крыху падстроіўшы човен, шчасьлівы дзядзька выпраўляецца ў водную вандроўку.
“А дзядзька важны выгляд мае;
Замест вясла прысок трымае,
А твар яго, як сонца, ясны,
Бо гэты човен - яго ўласны…”
На жаль, набыткі не заўжды бываюць удалымі.

Андрэй Мрый. Алё, Алёна! Апавяданьне. У кнізе “Творы.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 1993”


Тэхнічных навінак і зараз багата хто баіцца і не адразу здольны засвоіць. Што ўжо казаць пра 20-гады мінулага стагодзьдзя і вясковую бабу Алёну, сын каторай выйграў праз газэту прыймач.Усе пачуцьці ўладальніка новага ноўтбука блякнуць перад Алёнінымі. З аднаго боку яе разьбірае цікавасьць і гонар, бо ніхто ў вёсцы такога ня бачыў і не мае.З іншага – палохае, бо патрэбен ёй ужо той прыймач, як у мосьце дзірка. Вы ж хаця не падумайце, што расповед гэты выключна для аматараў мінуўшчыны. Словы Алёны: “Не баюся, сынок, тваёй ідалёгіі. Ты сам ідал!” у сучаснасьці не згубілі актуальнасьці.

Лідзія Арабей. Салён “Шчасьце”. Апавяданьне. У кнізе “Халодны май. Аповесьць, апавяданьні.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 1993


На што вы асабіста пагадзіліся б дзеля новых чаравікаў, гарнітура, сукенкі і іншых неабходных рэчаў. Цягацца па крамах, зьбіраць грошы на абновы? Гераіня апавяданьня ідзе яшчэ далей. Каб атрымаць талён на пакупку вопраткі ў краме для жаніхоў і нявест салён “Шчасьце”, яна адмыслова падае заяву ў ЗАГС, зусім не зьбіраючыся замуж. А што рабіць, калі ў часы дэфіцыту са звычайных крамаў усё зьнікла? Прадпрымальная дзеўчына, ды й не адна яна такая. Сорамна павінна быць ня ёй, а тым, хто давёў людзей да такога стану. Кепска толькі, што яе абраньнік ні аб чым не здагадваецца і ўсур’ёз рыхтуецца да шлюбу.