Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".
Эфір 14 верасьня 2011 году
Чым больш абвастраюцца ў Беларусі эканамічныя праблемы, тым меней агрэсіўнымі робяцца выказваньні кіраўніка беларускай дзяржавы на адрас сваіх палітычных апанэнтаў. Два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка нават згадаў пра магчымасьць круглага стала, у дыскусіі за якім разам з уладай маглі б удзельнічаць прадстаўнікі апазыцыйных сілаў. У мінулую пятніцу ён, праўда, удакладніў, што гэта павінен быць менавіта круглы стол, дыскусія — а не перамовы, як на тое разьлічвалі некаторыя апазыцыянэры. Тым ня менш гэтая ідэя на працягу апошняга часу актыўна абмяркоўваецца ў асяродзьдзі апазыцыі. Выказваюцца наконт яе і слухачы "Свабоды".
Алег Кукніцкі зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, да такой актыўнасьці апазыцыянэраў ставіцца скептычна. Ён піша:
"Як заўзята наша апазыцыя ўхапілася за адну толькі згадку Лукашэнкі пра магчымасьць "круглага стала". Наладжваюць нарады, дыскутуюць, даюць інтэрвію, пішуць артыкулы... Нібы іх і не падманвалі 17 год, ня білі міліцэйскімі ботамі, ня кідалі ў турмы, ня лаялі апошнімі словамі. Ну трэба ж быць такімі наіўнымі! У іх усе лідэры па турмах ды калёніях ні за што сядзяць, а яны за круглым сталом з турэмшчыкам месцы дзеляць. Ды не зьбіраецца ён ні з кім дзяліцца ўладай — няўжо не зразумела? А казачка пра круглы стол — гэта тактычны манэўр, нажыўка для нашых наіўных апазыцыянэраў. Няхай пацешацца, паспадзяюцца, што ў Беларусі можа пачацца новая лібэралізацыя. А заадно няхай Захад пачынае раскашэльвацца: калі Лукашэнка робіць такія саступкі — значыць, трэба даваць новыя крэдыты.
Ніколі драпежнікі не становяцца траваеднымі — і не спадзявайцеся. Лукашэнка — ня з тых, хто аддае ўладу праз круглыя сталы. Пакуль да ягонай рэзыдэнцыі ня прыйдуць сотні тысяч людзей і не запатрабуюць замены гэтай абрыдлай за доўгія гады аўтарытарнай сыстэмы — ён будзе трымацца за ўладу ўсімі сіламі".
Ну, у тым, што ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі выклікала такую жывую рэакцыю сярод апазыцыянэраў, нічога дзіўнага, спадар Алег, няма: падобных прымірэнчых заяў ды заклікаў да згоды і кампрамісу беларускія грамадзяне ад кіраўніка дзяржавы ўжо даўно ня чулі. Дый сама па сабе ідэя круглага стала хіба можа выклікаць пярэчаньні ў цяперашняй сытуацыі? Улада давяла краіну да эканамічнага каляпсу і палітычнай ізаляцыі — чаму б не распачаць агульнанацыянальны дыялёг пра тое, як з гэтага тупіку выйсьці, якія рэформы правесьці. Іншая рэч, што ініцыятар круглага стала, зусім верагодна, хоча весьці размову зусім ня з тымі, не пра тое і ня дзеля таго выніку, на які разьлічвае апазыцыя. Гэтак у нядаўняй беларускай гісторыі ўжо здаралася.
Але чарговы раз увесьці ў зман, перахітрыць, паабяцаць і адмовіцца ад абяцаньня — наўрад ці ўдасца. І кіраўніцтва Эўразьвязу, і лідэры беларускай апазыцыі выказаліся на гэты конт даволі пэўна. Круглы стол? Выдатна. Але спачатку вызваліце з турмаў і рэабілітуйце ўсіх асуджаных за сьнежаньскую Плошчу.
Час, калі можна было атрымліваць грошы за пацалункі, усьмешкі і абяцаньні, для беларускай улады, выглядае, скончыўся і ў Маскве, і на Захадзе.
Аўтар наступнага ліста Ўладзімер Цыбенка з Івацэвічаў прычынай многіх сёньняшніх грамадзкіх праблемаў лічыць тое, што ў людзей няма аб'ектыўнай інфармацыі. Слухач піша:
"Ведаю, што большасьць нашай мясцовай інтэлігенцыі ігнаруе "Панараму" ды іншыя прапагандысцкія праграмы дзяржаўнага тэлебачаньня. Паглядзіш іх — дык аказваецца, у Беларусі ўсё выдатна, квітнеем ды радуемся жыцьцю. А ў сапраўднасьці ж усё зусім інакш. Праблема ў тым, што народ наш загнаны ў цемру няведаньня, запалоханы, нічога ня бачыць і ня чуе. А без арыентацыі ў навакольных падзеях які можа быць сьветапогляд і як прымаць правільныя рашэньні?".
У сёньняшняй Беларусі, спадар Уладзімер, амаль пагалоўная пісьменнасьць — 99,6 працэнта. 90 працэнтаў насельніцтва мае базавую, сярэднюю альбо вышэйшую адукацыю. Калі ў цябе ў кішэні атэстат аб заканчэньні сярэдняй школы, дык, на маю думку, пара ведаць, адкуль можна атрымаць аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі ва ўласнай краіне. Калі чытаеш нараканьні на неадукаванасьць, забітасьць, цемру ў галовах беларусаў, складаецца часам уражаньне, што размова ідзе пра Беларусь канца 19-га стагодзьдзя, а не пра эпоху пагалоўнай пісьменнасьці, інтэрнэту і спадарожнікавага тэлебачаньня.
Пра настроі, якія пануюць у цяперашнім беларускім грамадзтве, разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну. Слухач піша:
"Як і многія іншыя людзі, я абураны тым бязладзьдзем, якое ў нас цяпер адбываецца. І ўсё ж часткова веру ў тое, што за цяперашні рэжым у сьнежні прагаласавала большасьць насельніцтва. Справа ў тым, што многім нашым людзям глыбока напляваць на чужыя пакуты і перажываньні. Галоўнае — каб сабе, любімаму, было добра. І гэтыя далёка ня лепшыя чалавечыя якасьці вельмі тонка прапагандуюцца афіцыйным рэжымам. Людзей ператвараюць у паслухмянае быдла.
А прагрэсіўную меншасьць усяляк уціскаюць, перасьледуюць. І зьмяніць што-небудзь у нашых умовах вельмі цяжка. Патрэбна пастаянная барацьба за розумы людзей. Вялікую ролю ў гэтай справе магла б выканаць царква. Але гэтага чамусьці ня бачна.
І нашым палітычным партыям трэба неяк пашыраць сваю дзейнасьць. Бо ў надта ўжо вузкім коле яны вядуць сваю працу".
Сумленнага падліку галасоў на беларускіх выбарах даўно ўжо няма, спадар Віктар: шматлікія незалежныя міжнародныя назіральнікі на працягу апошніх гадоў шмат разоў гэта засьведчвалі. Зусім магчыма, што ў выніку апошніх выбараў у сьнежні мінулага году Аляксандар Лукашэнка і набраў адносную большасьць галасоў: даведзеная ў сьнежні да 500 даляраў сярэднемесячная зарплата беларусаў нямала гэтаму спрыяла. Сёньня, калі рэальны заробак паводле рэальнага курсу ледзь дацягвае да 200 даляраў, калі ў крамах ледзь ня штодня перапісваюць цэньнікі, а з продажу раз-пораз зьнікаюць самыя неабходныя тавары — настроі ў грамадзтве зусім іншыя.
Новы ліст — ад нашага даўняга слухача і аўтара Ігара Паснова, дзіцячага доктара зь Віцебску. Ён працягвае змагацца з марнатраўствам мясцовай улады, якая, замест таго каб зьвярнуць увагу на патрэбы мэдыцыны, укладае бюджэтныя грошы найперш у вонкавае аздабленьне гораду. Спадар Ігар піша:
"У нас ёсьць дзьве асноўныя партыі: сумленных людзей і — прайдзісьветаў. І мне вельмі хочацца верыць, што наш прэзыдэнт належыць да першай зь іх. Некалькі гадоў таму ліст з такімі высновамі я накіраваў у "Советскую Белоруссию". Тады, напярэдадні чарговых перавыбараў нашага правадыра, мой ліст ахвотна надрукавалі. Цяпер не друкуюць — шлюць ветлівыя адмовы. Але мінаюць гады — і я ўсё больш пераконваюся, што меў рацыю. Партыі, рухі, плыні — усё гэта мішура. Бачу, што ў атачэньні прэзыдэнта шмат прайдзісьветаў. Ня меней іх і ў шэрагах апазыцыі.
Я ўжо ня раз пісаў у розныя інстанцыі, у тым ліку і на "Свабоду", пра тое, што ўкладаць мільярды рублёў у прыхарошваньне фасадаў і вуліц у той час, як у нас застаюцца занядбанымі шпіталі ды паліклінікі, — ня ёсьць добра. Тратуарную плітку толькі пакладуць — пачынае крышыцца. Даводзіцца перакладваць па 2—3 разы.
Губэрнатар мае недатыкальную ўладу, прызначае на высокія пасады сваіх людзей. А што гэта за людзі?
Нядаўна аднаго ягонага намесьніка арыштаваў менскі КДБ — узялі проста на дачы-палацы, якую ён нядаўна адгрукаў. Аказваецца, "вялі" гэтага таварыша яшчэ зь Менску, адкуль яго "выпісаў" губэрнатар. А людзі ж нездарма кажуць: "Скажы мне, хто твой сябар...". Прыемна, вядома, што нашы спэцслужбы ня толькі падлеткаў на флэш-мобах ловяць... Але што ж гэта за кадравая праца ў нас, калі такое магчыма? Асабіста мне цяпер многае стала зразумела: і чаму плітку перакладваюць па 2—3 разы, і чаму яна ўвесь час крышыцца... Бескантрольнасьць — гэта шлях да карупцыі".
Карупцыі спрыяе ня толькі бескантрольнасьць, спадар Ігар. Якраз у кантралёрах у Беларусі недахопу нібыта няма: розных ведамстваў настварана шмат, увесь час правяраюць адны адных. Карупцыя квітнее ня там, дзе мала кантралёраў, а там, дзе зашмат чыноўнікаў, дзе яны надзелены шырокімі паўнамоцтвамі, і найперш — што да разьмеркаваньня і пераразьмеркаваньня бюджэтных грошай. У прававых дэмакратычных дзяржавах такія чыноўнікі не самастойныя ў сваіх рашэньнях: там важную ролю выконваюць дэпутаты мясцовых органаў самакіраваньня. Яны вырашаюць — куды выдаткоўваць бюджэтныя грошы, яны ж і пільна сочаць за чыноўнікамі. І журналістамі там ніводзін чыноўнік не адважыцца камандаваць — бо выйдзе сабе даражэй. У Беларусі ж ні самастойных прадстаўнічых органаў улады, ні незалежнай мясцовай прэсы няма: выканаўчая "вэртыкаль" камандуе ўсімі.
На заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад нашай даўняй адданай слухачкі Марыі Кемеравай з Горадні. Яна піша:
"Дарагія супрацоўнікі Радыё Свабода. Дзякуй, што вы ёсьць. Што б я ні рабіла, чым бы ні займалася — у 18:00 усё кідаю і сьпяшаюся ўключыць "Свабоду", якая даўно стала роднай. Калісьці слухала Быкава на вашых хвалях, потым атрымала ў падарунак дыск "Доўгая дарога дадому". Дык яго паслухалі ўсе мае знаёмыя — і такім чынам слухачоў у вас дадалося... Больш за трыццаць год я з вамі. І так будзе заўсёды".
Дзякуй за добрыя словы, спадарыня Марыя, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by