Узаранае поле Аршанскай бітвы

Банэр Алеся Пушкіна ў гонар Аршанскай бітвы

Увечары 10 верасьня мастак Алесь Пушкін зладзіў пэрформэнс на полі гістарычнай бітвы пад Воршай. Бард Андрэй Мельнікаў прыехаў на поле з гітарай. За падзеямі назіралі міліцыянты, якія чакалі каля вёскі Гацькаўшчына ўдзельнікаў бардаўскага фэсту «Аршанская бітва-2011».

Паводле традыцыі, фэст адбываецца ў выходныя, бліжэйшыя да гістарычнай даты 8 верасьня – у гонар славутай бітвы пад Воршай, якая адбылася ў 1514 годзе. Мастак Алесь Пушкін вырашыў зладзіць на полі бітвы пэрформэнс: ён прыехаў зь вялікім банэрам-плякатам, на якім было напісана «Слава Воршы ўжо ня горша». Банэр ён расклаў каля крыжа, усталяванага ў памяць пра загінулых тут ваяроў, проста на зямлі – на ўзараным полі.
Алесь Пушкін мацуе банэр
Усё поле, а таксама дарога да памятнага знака ў гонар гістарчнай бітвы былі пераараныя літаральна напярэдадні – нехта «паклапаціўся», каб тут было немагчыма нават прайсьці, ня тое, каб усталяваць намёты, як бывала ў мінулыя гады.
Сьпеўнае поле ўзаранае
Але сёлета Алесь Пушкін ладзіў свой пэрформэнс у адзіноце – праўда, пад пільным наглядам міліцыянтаў, якія зьехаліся ў вёску Гацькаўшчына на трох машынах. Яны толькі назіралі з дарогі, не пытаючыся ў прысутных дакумэнтаў і не спрабуючы ім замінаць.

Сьпявае Андрэй Мельнікаў
Крыху пазьней на Крапівенскім полі зьявіўся бард Андрэй Мельнікаў і яшчэ некалькі чалавек, якія прыехалі на сьпеўны фэст з Магілёўшчыны. Яны ня ведалі, што сёлета імпрэзу было вырашана праводзіць у іншым месцы, бо пасьля міліцэйскіх разгонаў мінулых гадоў ні месца сустрэчы, ні іншыя падрабязнасьці напярэдадні знарок шырока не разгалошваліся.

Новую пляцоўку для фэсту абралі за некалькі кілямэтраў ад старой, недалёка ад вадасховішча каля вёскі Барадуліна.

Туды ўначы прыйшоў бард Андрэй Мельнікаў ды выступіў перад нешматлікімі слухачамі: «кансьпірацыйныя» захады прывялі да таго, што многія ахвотныя на фэст трапіць проста не змаглі.

Сьпеўны фэст праводзіцца ў Аршанскім раёне з 1991 году, з таго часу тут выступілі ці ня ўсе вядомыя беларускія барды. Некалі на Крапівенскае поле слухачы зьяжджаліся цэлымі аўтобусамі з розных рэгіёнў, разьбівалі намётавыя гарадкі і ўсю ноч слухалі аўтараў-выканаўцаў. Сёлета на юбілейным, 20-м фэсьце «Аршанская бітва» сабраліся ўсяго з паўтара дзясятка чалавек.