Ганна Янкута – пра беларускага Чэслава Мілаша

Ганна Янкута

Перш чым пачаць расказваць пра кожную кнігу беларускага збору твораў Чэслава Мілаша, чый 100-гадовы юбілей адзначаюць сёлета чытачы з усяго сьвету, нельга не захапіцца афармленьнем гэтых тамоў. Няма сумневаў, што гэта чатыры самыя якасныя выданьні мастацкай літаратуры па-беларуску, выданьні, якія неверагодна прыемна трымаць у руках. Зрэшты, любыя такія сьцьверджаньні могуць падацца галаслоўнымі, пакуль чытач ня возьме кнігу ў рукі сам. І чатырохтомнік Мілаша варты таго, каб зазірнуць у кнігарню і хаця б патрымаць яго ў руках.



Мілаш, Ч. Выратаваньне: выбраныя вершы і паэмы / уклад. А. Хадановіч.

Менск: І.П. Логвінаў, 2011.

Зборнік вершаў Чэслава Мілаша “Выратаваньне” – вынік працы беларускіх
перакладчыкаў над паэзіяй польскага нобэлеўскага ляўрэата і падсумаваньне ўсіх іх дасягненьняў. Бо пераклады вершаў Мілаша друкаваліся і раней, як у літаратурных часопісах (такіх як “Крыніца” і “Дзеяслоў”) і анталёгіях (“Галасы з-за небакраю” Міхася Скоблы), так і асобным выданьнем – кнігай “Іншага канца сьвету ня будзе”, якая выйшла ў 2007 годзе і зусім нядаўна была перавыдадзеная. У новым зборніку
можна знайсьці ня толькі перадрукі старых перакладаў, сабраных з самых розных крыніц (якіх, варта прызнаць, у кнізе зусім няшмат), але і цалкам новыя працы, якія былі падрыхтаваныя спэцыяльна для гэтага выданьня і нідзе раней не друкаваліся.

Кніга “Выратаваньне” раскажа беларускаму чытачу пра Мілаша шмат новага. Бо і тры трактаты – “Маральны”, “Паэтычны” і “Тэалягічны”, – і паэма “Сьвет”, якая змушае згадаць “Песьні цнатлівасьці і досьведу” Ўільяма Блэйка (і што згадкі гэтыя невыпадковыя, пацьвердзіць “Зямля Ульра”), і многія іншыя творы – гэта не зусім той Мілаш, якога мы
ведалі з папярэдніх беларускіх публікацыяў. Ён трошкі больш разнастайны і нечаканы, чым здавалася (і выдавалася) дагэтуль, і гэта значыць, што 100-годзьдзе пісьменьніка сьвяткавалася ў нас зусім не дарэмна.



Мілаш, Ч. Даліна Ісы / пер. з пол. Марыі Пушкінай; Нобэлеўская лекцыя /пер. з пол. Яўгена Бурага.

Менск: І.П. Логвінаў, 2011.

Калі зборнік вершаў Чэслава Мілаша зьмяшчае некаторую колькасць перакладаў, якія беларускі чытач мог бачыць раней, то тры празаічныя кнігі чатырохтомніка – абсалютныя і стоадсоткавыя навінкі. Кніга “Даліна Ісы”, апроч гэтага, – яшчэ і адзін з найлепшых сёлетніх дэбютаў, першая праца перакладчыцы-паляністкі Марыі Пушкінай.

Апроч аднайменнага рамана том змяшчае Нобэлеўскую лекцыю Чэслава Мілаша ад 8 сьнежня 1980 году ў перакладзе Яўгена Бурага.

У творчасьці Чэслава Мілаша “Даліна Ісы” (1955) займае адмысловае месца. Гэта ня толькі спроба асэнсаваць – дый проста згадаць – сваё дзяцінства ў Шатэйнях (якія ў кнізе ператвараюцца ў мітычную даліну вельмі падобнай да Нявяжы ракі Ісы ў Азёрным краі), але і спроба перажыць душэўны крызыс, зьвязаны з неабходнасьцю жыць у эміграцыі і
складанымі стасункамі з суайчыньнікамі, і, як казаў сам аўтар, багаслоўскі трактат.

Але міталёгія даліны Ісы вельмі своеасаблівая. Гэта не дакладна выбудаваны і прадуманы сьвет Правека, створанага Вольгай Такарчук (чамусьці падчас чытаньня рамана Мілаша адразу прыгадваецца перакладзены нядаўна Марынай Шодай “Правек і іншыя часы”), а спантанна вымысьленая рэальнасьць, кожны факт якой імкнецца зрабіцца
мітам. А праз гэта твор нібыта перашкаджае аналізаваць сябе і не дае адказу на самыя простыя пытаньні: гэта казка ці ўспамін? Назіраньне за хісткім сьветам, што існуе па законах магічнага рэалізму, ці спроба псіхалягічнага аналізу дзіцячай сьвядомасьці? Але няма сумневу, што “Даліна Ісы” пісалася для сябе і толькі для сябе, а таму чытач можа
спакойна разгортваць кнігу, ведаючы, што знойдзе там сапраўднага Мілаша – і ня толькі і ня столькі ў вобразе Тамаша Сурконта. Ну і, безумоўна, большую, чым дзе-колечы, колькасьць д’яблаў.


Мілаш, Ч. Зямля Ульра / пер. з пол. Марыны Казлоўскай; Руіны і паэзія / пер.з пол. Марыі Мартысевіч.

Менск: І.П. Логвінаў, 2011.

“Зямля Ульра” Чэслава Мілаша – гэта эсэ пра духоўныя пошукі, спроба асэнсаваць свае літаратурныя карані і зыходныя пункты сыстэмы каардынатаў. І перш за ўсё гэта кніга пра самога Чэслава Мілаша – такога, якім ён бачыў сябе ў 1970-х гадах (першае выданьне “Зямлі Ульра” адбылося ў 1977 годзе). Творчасьць пісьменьнікаў ХХ і ранейшых
стагодзьдзяў ён разглядае, абапіраючыся на свой жыцьцёвы досьвед (а часам і на досьвед асабістага знаёмства, як у выпадку з Гамбровічам), і дзякуючы гэтаму дае чытачу магчымасьць паглядзець на творчасьць гэтых пісьменьнікаў зусім па-новаму – вачыма Чэслава Мілаша. І чытач можа ў сваю ахвоту спрачацца з аўтарам, калі толькі не паверыць яму раптам на слова і не захопіцца яго дзіўным, часам досыць бессыстэмным і заўсёды
вельмі суб’ектыўным аповедам так, што пачне чытаць “Зямлю Ульра” як раман пра лёсы сусьветнай літаратуры.

Адмысловае месца ў мілашаўскам літаратурным пантэоне, а можа, бэстыярыі, займаюць Оскар Мілаш, Адам Міцкевіч, Эмануэль Сведэнборг і Ўільям Блэйк. Менавіта з апошняга ўзятая назва твора. Зямля Ульра – чужая краіна, пустэча, у якой бадзяецца дух аўтара і ня можа знайсьці свайго месца, бо адзіная праўда, якая там прымаецца, – праўда
навуковая, і паэту і філёзафу месца ў той краіне няма. Усьвядоміўшы сябе жыхаром зямлі Ульра, Мілаш ня можа з гэтым зьмірыцца – і ў выніку выносіць культуры ХХ ст. далёка не станоўчы вырак.

Апроч усяго іншага, у кнізе “Зямля Ульра” можна проста прачытаць безліч цікавага пра творцаў розных эпохаў. Але як бы там ні было, нідзе і ніколі нельга рэкамендаваць яе як падручнік па сусьветнай літаратуры.

Мілаш, Ч. Родная Эўропа / пер. з пол. Марыны Шода.

Менск: І.П. Логвінаў

У кнізе “Родная Эўропа” Чэслаў Мілаш сумясьціў прыемнае з карысным: расказаў пра гісторыю роднай яму Эўропу, упісаўшы ў гэтую гісторыю ўспаміны пра сваё мінулае.

Цяжка сказаць, што ў гэтым творы першаснае: ці то войны і рэвалюцыі адбываюцца на фоне сталеньня будучага нобелеўскага лаўрэата, ці то Чэслаў Мілаш мужнее на фоне сусьветных катаклізмаў. Але пра што б ні расказваў аўтар – пра свае пастаянныя пераезды і зьвязаныя з імі адчуваньні, пра габрэяў Вільні і палітычнае жыцьцё горада, пра
сваё наступнае парыжскае існаваньне, – усе яго аповеды пакідаюць адчуваньне няўлоўнай загадкі, якую загадала ХХ стагодзьдзе і якую Мілаш спрабуе разгадаць. І колькі б ні спрачаліся сёньня гісторыкі і мілашазнаўцы адносна яго інтэрпрэтацыі падзеяў, нельга не пагадзіцца на тым, што перш за ўсё ён – іх сьведка, які, нягледзячы на суб’ектыўнасьць, ведае, пра што гаворыць. І хаця мілашаўская Эўропа – як і мілашаўскае Вялікае Княства
Літоўскае – не існуе на геаграфічнай карце, літаратура ад гэтага зусім не прайграе.

Апроч усяго іншага, у кнізе “Родная Эўропа” можна проста прачытаць безліч цікавага пра гістарычныя падзеі. Але нідзе і ніколі нельга рэкамендаваць яе як падручнік па эўрапейскай гісторыі.

Чалавек шматпавярховы / Андрэй Хадановіч чытае Чэслава Мілаша

Аўдыёкніга. – 2011.


Аўдыёкніга вершаў Чэслава Мілаша дазваляе паглядзець на нобелеўскага лаўрэата новымі вачыма, а дакладней, паслухаць новымі вушамі. Перакладчык вершаў Мілаша Андрэй Хадановіч чытае творы пад музыку гурта “Рацыянальная дыета”, напісаную спэцыяльна для гэтага праекту.У аўдыёкнігу ўвайшло 25 вершаў розных перыядаў творчасьці паэта .

З аднаго боку можна сказаць, што і музыка, і прачытаныя перакладчыкам тэксты навязваюць слухачу пэўнае ўспрыняцьце твора, даюць гатовую эмоцыю ці хаця б спрыяюць яе ўзнікненьню. У гэтым пляне традыцыйная кніга дае чытачу больш свабоды. З іншага боку, інтэрпрэтацыя прафэсійнага перакладчыка і прафэсійных музыкаў таксама вельмі цікавая: слухач атрымлівае магчымасьць паслухаць “чужога” Мілаша і зразумець, што ў ім пабачылі іншыя. І, можа, нават пагадзіцца з імі і падзяліць іх захапленьне. Ды і проста паслухаць добрыя пераклады паэзіі пад добрую музыку.