Масква не гатовая абараняць Лукашэнку

У Маскве ня згодныя з заявамі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што дзяржавы АДКБ дамовіліся аб прымяненьні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня для прадухіленьня дзяржаўных пераваротаў, заяўляюць у Крамлі.

"Беларускі лідэр хоць і лічыцца саюзьнікам Расеі, аднак ідэю дапамогі з боку АДКБ выкарыстаў у сваіх мэтах і вульгарызаваў", — заявілі газэце "Известия" ў Крамлі.

Паводле словаў прадстаўніка адміністрацыі Мядзьведзева, "Масква яшчэ ня вырашыла, ці будзе яна абараняць рэжым Лукашэнкі ў выпадку, калі паўторацца леташнія хваляваньні ў Менску".

Як паведамлялася, 30 жніўня А. Лукашэнка заявіў аб узгадненьні пазыцый з Расейскай Фэдэрацыяй па пытаньнях разьвіцьця АДКБ, у тым ліку аб прымяненьні КСАР для прадухіленьня дзяржаўных пераваротаў.

"Гаворка ідзе ня толькі аб прымяненьні КСАР на выпадак ўмяшаньня іншых дзяржаў звонку, але і аб умяшаньні іншых дзяржаў знутры АДКБ. Гэта будзе значная падтрымка краінам, якія ўваходзяць у АДКБ. Таму што вайной, фронтам ніхто на нас ня пойдзе, а вось канстытуцыйны пераварот зьдзейсьніць – рукі сьвярбяць у многіх ", — заявіў А.Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з генэральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам.

Газэта са спасылкай на крыніцу ў Крамлі паведамляе, што "сама ініцыятыва нарадзілася ў ходзе нефармальнага саміту, які прайшоў 12 жніўня ў Астане, і аўтарства належыць Маскве, хоць агучваў яе Лукашэнка".

Бардзюжа удакладніў, што гаворка ідзе аб выкарыстаньні патэнцыялу АДКБ для абароны канстытуцыйнага ладу, калі нацыянальныя сілы проста ня ў стане справіцца з становішчам, калі сытуацыя ідзе ў разнос, існуе пагроза жыцьцю і бясьпецы грамадзян, адбываюцца масавыя рабаваньні і марадзёрства, тады АДКБ можа ўмяшацца."Тое, што адбылося ў сьнежні 2010 году ў Менску – гэта ўнутраная справа дзяржавы", -- сказаў Бардзюжа.

Паводле расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава, у Лукашэнкі «сур'ёзныя праблемы зь легітымнасьцю чацьвёртага тэрміну» і менавіта таму ён заявіў пра гатоўнасьць да дыялёгу за адным сталом з удзелам ЭЗ, і Расеі. А абарона сваёй улады для яго - «першаступенная неабходнасьць, нават важней за эканамічную сытуацыю».

«Выкарыстаньне зьнешніх сіл дазваляе сысьці ад адказнасьці. Выкарыстаньне АДКБ для Лукашэнкі натуральнае, але ненатуральнае для Расеі », - адзначыў ён у інтэрвію парталу DELFI.

Літоўскі палітоляг Вадзім Валавой, гаворачы аб заявах Лукашэнкі наконт выкарыстаньня сілаў КСАР АДКБ, падкрэсьліў у інтэрвію DELFI, што Лукашэнку апошнім часам «уласціва рабіць заявы, якія зь цяжкасьцю мяжуюць з рэальнасцю».

«Цяжка ўявіць, каб расейскія сілы выкарыстоўваліся для падаўлення бунту ў Беларусі. Узбэкістан быў супраць выкарыстаньня сіл (КСАР) у дачыненьні да асобных краін. Верагодна, А. Лукашэнка робіць акцэнт на важнасьці міжнароднай падтрымкі. Але Расея ўжо дасягае сваіх мэтаў у Беларусі, і калі апазыцыя будзе перашкаджаць, то яна падтрымае А. Лукашэнку», - запэўнівае ён.