«Хлеб зноў падаражэе? А я сухароў насушу!»

У Беларусі зноў павышаныя максымальныя адпускныя цэны на хлеб і малочныя прадукты. Ранейшыя кошты пратрымаліся роўна месяц. Новыя — на 5% вышэйшыя.

Даражэйшымі сталі хлеб жытні і жытна-пшанічны, батоны й хлябцы з пшанічнай мукі. Таксама падаражэлі малако і кефір, сьмятана, тварог.

Сёньня карэспандэнты «Свабоды» ў рэгіёнах наведалі крамы і рынкі, запісвалі меркаваньні пакупнікоў.

ВІЦЕБШЧЫНА


Цэньнікі мяняюць штодня

У крамах гандлёвай сеткі «Віцебскія прадукты» гандляркі ад самага раньня займаюцца звыклай ужо справай — зьменай цэньнікаў на малочныя прадукты. Адна зь дзяўчат кажа, што цяпер цэньнікі даводзіцца мяняць амаль штодня:

«Кожны дзень кошты растуць. Гэта афіцыйна яны падымаліся разы два. А так штодня: на 100 рублёў, на 10 рублёў. І хочуць, напэўна, яшчэ падвысіць!».

Пэнсіянэрка спадарыня Галіна чула пра афіцыйнае падвышэньне коштаў з дня апублікаваньня пастановы Міністэрства эканомікі, але яна салідарная з гандляркамі: цэны на малако і хлеб падвысілі яшчэ раней:

«А дзяўчаты сказалі, што яшчэ ў выходныя ўсё падаражэла! Вось я штодня бяру літар малака, батон і палавінку хлеба. Я жыву ўдваіх са сваёй маці, таксама пэнсіянэркай, і гэта галоўная пэнсіянэрская ежа! Так што колькі б гэта ні каштавала, мы ўсё адно будзем купляць, але будзем купляць менш! А вось сыры зьніклі. Яны зьявяцца, не хвалюйцеся, хутка будуць! Але — па якім кошце?».
Я штодня бяру літар малака, батон і палавінку хлеба. Гэта галоўная пэнсіянэрская ежа!

Сыры сталі ў некаторых крамах Віцебску дэфіцытам. Адны кажуць, што іх раскупляюць прыежджыя пакупнікі з Расеі, для якіх беларускія прадукты сталі танныя, бо вырас курс расейскага рубля. Іншыя мяркуюць, што сыры адмыслова не пастаўляюць у крамы вытворцы — бо чакаюць магчымасьці прапанаваць іх па ўжо падрослых цэнах.

Каб цэньнікі менш палохалі, кошты перапісалі за 0,5 кг

У продажы ёсьць толькі элітныя гатункі сыру, плаўленыя сыркі ды плаўлена-вэнджаныя сыры Аршанскага сырзаводу. Апошнія — па нязвыкла нізкіх цэнах, ад 13 да 15 тысяч рублёў. Спадарыня Галіна разгадала сакрэт: кошты пазначаныя за паўкілё тавару:

«Вядома, як за паўкілё, дык нібыта і патаньнела нешта. Гэта зроблена, каб людзі ня дужа ўзбураліся! Бо ад маёй пэнсіі, во — не застаецца нічога. Спачатку, здаецца, грошай шмат, і ты сабе нешта дазваляеш… А потым, зь сярэдзіны месяца, глядзіш — ай-яй-яй, ты сабе зашмат дазволіў! І ўжо цягнеш-цягнеш, як толькі можна! Так што перад пэнсіяй у мяне ў кашальку бывае нуль цэлых нуль дзясятых, як кажуць. Ну, і пуста ў лядоўні, вядома!».

Віцебская пэнсіянэрка шкадуе, што нельга назапасіць таньнейшых харчоў перад падаражэньнем. І — зьбіраецца наперад насушыць сухароў:

«Малака ня купіш на ўвесь месяц, і хлеба… Хіба што калі сушыць сухары? А што — і насушу! Дык перад наступным падаражэньнем ня траплю ў пастку, як гэтым разам! У мяне ўжо будзе насушана! А там ужо неяк з малачком — дык і будзе добра!».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Мы, можа, галадаць хутка будзем…»

Як рэагуюць гарадзенцы, што думаюць пра няспынны рост цэнаў? Калі ён спыніцца?

Сталая спадарыня: «Пэнсіі ён колькі дабавіў? А цэны растуць, мы, можа, галадаць хутка будзем. Нідзе мы нічога не маглі купіць. Усё дарагое, мы за нашу пэнсію такое мяса ня купім».

Спадар: «Забойчыя цэны. Больш няма чаго сказаць. Мне здаецца, скоцімся мы да такога нізу, што далей няма куды».

Сталы спадар: «Цэны хутка растуць, і амаль кожны дзень. Я цяпер вяртаюся з рынку, і прадаўшчыцы кажуць, што яны не пасьпяваюць мяняць цэньнікі. Далей: зайдзіце на рынак, там амаль усе мясныя прылаўкі пустыя — ялавічыны няма, курыных набораў няма, пуста ўсё. А да пэнсіі мне ўсяго дваццаць сем тысяч прыбавілі. Гэта пра штосьці кажа: як вырасьлі цэны і як індэксуюцца пэнсіі».
Трэба нашага кіраўніка вялікага спытаць: куды гэта ўсё дзяваецца?

Спадар: «Не павінна рэзка так быць, але што зробіш? Кіраўніцтва вырашыла, то будзем неяк жыць. Сказаў „бацька“, што не да канца будзе падвышэньне цэнаў, спыніцца некалі».

Спадар: «Бог яго ведае, трэба нашага кіраўніка вялікага спытаць: куды гэта ўсё ідзе?»

Спадар: «Што я вам паведамлю? Гэта ніколі ня спыніцца, так і будзе працягвацца. У прэзыдэнта папытайцеся, патэлефануйце» (сьмяецца).

Спадар: «Цэны растуць, таму што падае беларускі рубель, а эканоміка завязаная ў асноўным на Расею… Махаць на Расею шабляй ня трэба. Самая апошняя рэч — ваяваць. Вы калі-небудзь былі на вайне?».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Чарговае падаражэньне не кампэнсуецца павышэньнем пэнсіі»

Чарговае падаражэньне хлеба й малака закранула найперш пэнсіянэраў, якія мусяць лічыць кожную капейчыну.

Пэнсіянэрка, якая гандлюе кветкамі каля калгаснага рынку ў Берасьці, кажа, што падаражэньня прадуктаў не кампэнсуюць ніякія павышэньні пэнсіі:

Пэнсіянэрка: «Без канца ўсё павышаюць кошты. А нам як і дабавяць крыху, то што ж гэта? Як той казаў, на адзін паход у краму…».

Самыя простыя гатункі хлеба цяпер можна набыць па 2100–2400 рублёў за бохан. І берасьцейцы кажуць, што гэта яшчэ не апошняя цана для гэтага году. Шмат хто ўпэўнены, што хлеб будзе даражэць і далей.

Спадарыня: «Тысячы па тры яшчэ можа будзе, бо ўжо зараз па дзьве зь нечым. Менш чым па дзьве тысячы хлеба і няма. І то па 800, па 900 грамаў боханы, кіляграму нават няма».

Жанчына кажа, што берасьцейцы ўжо не пасьпяваюць сачыць за ростам цэнаў: даражэе ўсё па некалькі разоў на месяц.

Спадарыня: «Ужо на працягу месяца то на дзесяць адсоткаў падаражэе, то на пяць, а колькі ўжо разоў — мы і ня лічым».

Многія лічаць, што беларускія цэны імкнуцца да ўзроўню расейскіх.

Спадар: «Таму што Мытны зьвяз… У Расеі ўсё даражэйшае нашмат, я нядаўна там быў. Слоік сьмятаны расейскай там прадаецца за 35 рублёў, а беларуская — 24 рублі…».

Эканаміст Міхаіл Залескі: «Беларуская эканоміка ня мае надзейнага апірышча»

Міхаіл Залескі лічыць, што ў Беларусі ў крызіс цэны на харчы рэгулююцца ня попытам і прапановай, а загадамі аднаго чалавека, якія аддаюцца насуперак эканамічным законам:

«Уявіце, што на нейкі фізычны прадмет накінулі рыбацкую сетку ды цягнуць за адзін край. Ячэйкі гэтай сеткі пачынаюць дэфармавацца й страчваць сваю правільную форму. Пацягнулі ў іншы бок — зноў сетка дэфармавалася. Вось гэта падобна да кіраваньня цэнамі ўручную. Пацягнулі за мяса — перакосы адбыліся ў хлебнай прамысловасьці. Пацягнуць за хлеб — зьнікне сьмятана… І так мы скачам ужо амаль 20 гадоў і, відаць, яшчэ столькі будзем. Праходзілі ўжо й падтрымку гаспадаркі фінансавай падтрымкай, перакрыжаваным фінансаваньнем. Адначасова даводзіцца спажыўцоў падтрымліваць… І ўсё гэта ўжо стаіць на падпорках. То бок надзейнага апірышча эканоміка ня мае. А нармальнае апірышча любой эканомікі — гэта зямля і прыватная ўласнасьць. А ў Беларусі не правялі прыватызацыю нармальна і зямлю не зрабілі прыватнай».