"Вопли Видоплясова", "Мумий Тролль" і “Фіолет” засьпявалі па-беларуску

Алег Скрыпка

Кампанія "Будзьма беларусамі!" і музычны партал "Тузін Гітоў" прадстаўляюць праект "Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2". Зоркі шоў-бізнэсу сьпяваюць свае гіты па-беларуску.

"Цікава было пабачыць, як прагучаць усім вядомыя поп-, рок-, джаз-гіты па-беларуску. Праект даў беларускае жыцьцё песьням выканаўцаў з Бэльгіі, Швэцыі, Нямеччыны, Нарвэгіі, Расеі, Украіны ды іншых краінаў. Беларуская мова загучала на цэлы сьвет", — кажа аўтар праекту, рэдактар інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" Сяргей Будкін.

Кожны з удзельнікаў складанкі сам вызначаў, які са сваіх гітоў выканае на беларускай мове.

Ад 8 верасьня штодня на сайце "Тузін Гітоў" будзе прэзэнтавацца новая песьня са складанкі "Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2".

Першым сваю беларускую песьню прадставіць гурт "Вопли Видоплясова".

Алег Скрыпка анансуе песьню "Краіна мрой":

http://www.youtube.com/embed/TkY77PaljcQ



Украінскі гурт “Фіолет” зьняў кліп на сваю беларускамоўную песьню “Месца пакуты”. Аснову кліпа складаюць здымкі выступу гурту на фэстывалі “Бандэрштат-2011” у жніўні гэтага года.

http://www.youtube.com/embed/vcuATBzyQ-E

Як паведаміў вакаліст “Фіолета” Сяргей Мартынюк ужо 16 верасьня гурт выступіць у Менску на ўручэньні прэмій “Тузіна гітоў”. Нагадаем, што па выніках году песьня "Месца пакуты" украінскага гурту заняла 4 месца сярод 69 кампазыцый, якія былі прадстаўленыя на “Тузіне гітоў”.

А восеньню каманда зьбіраецца ў невялікае турнэ па гарадам Беларусі.
Гурт “Фіолет” з песьняй “Месца пакуты” стаў першым удзельнікам кампаніі “Украінская музыка для Беларусі”, у межах якой украінскія музыкі засьпяваюць песьні на беларускай мове на пратэстную тэматыку.

Ініцыятарам кампаніі выступіў украінскі Цэнтар “Супрацоўніцтва без межаў”.