"Свабода" прэзэнтуе "Галасы салідарнасьці"

Упершыню ў гісторыі Беларусі

Упершыню ў гісторыі Радыё Свабода

Галасы салідарнасьці


Былыя прэзыдэнты ЗША і Чэхіі Джордж Буш і Вацлаў Гавэл, усясьветна вядомыя дысыдэнты, філёзафы, парлямэнтары, міністры, пісьменьнікі, праваабаронцы чытаюць імёны людзей, якія пацярпелі за дэмакратыю ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году.

Мікрасайт

Спампаваць ISO-вобраз дыска



Навагодняя малітва па-беларуску

Я ніколі ня думаў, што буду вучыць беларускаму вымаўленьню амэрыканскага прэзыдэнта, а ён старанна будзе паўтараць "кан-ды-да-тыў-прэ-зы-дэн-ты-бе-ла-ру-сі". Як ніхто зь сямідзесяці чатырох удзельнікаў гэтай самай неверагоднай перадачы Радыё Свабода за ўсю гісторыю яго існаваньня ня думаў, што ў цэнтры Эўропы напрыканцы 2010 году можна за адну ноч арыштаваць сем афіцыйных прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду краіны і больш за сямсот іх мірных прыхільнікаў.

Самае галоўнае слова для чалавека — ягонае імя. Так пабудаваная пошукавая сыстэма цывілізацыі, так яна працуе ўсюды, ад запісу ў пасьведчаньні аб нараджэньні да запісу ў пасьведчаньні кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, ад пераклічкі ў турэмнай камэры да радка памінальнай малітвы.

Ніводнаму з удзельнікаў "Галасоў салідарнасьці" з трох кантынэнтаў ня трэба было доўга тлумачыць, чаму мы просім іх прачытаць дзесяць імёнаў невядомых ім людзей — міністры і паэты, філёзафы і сьвятары, мастакі і кінарэжысэры, кангрэсмэны і рок-музыкі, былыя прэзыдэнты, кіраўнікі ўрадаў у ноч на Новы 2011 год гаварылі па-беларуску, і супраць гэтых словаў былі бясьсільныя шчыты і дубінкі, краты і турэмныя муры, генэралы і іхні галоўнакамандуючы.

Гэтыя імёны і прозьвішчы ў ноч на Новы 2011 год чуваць былі ў любым месцы зямной кулі. Гэты кароткі акустычны сыгнал пра сем сотняў сярод сямі мільярдаў зямлянаў азначаў толькі адно — пра вас не забыліся, вы былі, вы ёсьць.

Ня больш.

І ня менш.

Аляксандар Лукашук,

дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода

Марына Лобава: "Новы 2011 год мы сустракалі пад зачытваньне прозьвішчаў зьняволеных"

Марына Лобава, маці Эдуарда Лобава, якога асудзілі нібыта за хуліганства разам са Зьмітром Дашкевічам: "Гэты праект Радыё Свабода нас вельмі падтрымаў. І новы 2011 год мы сустракалі пад зачытваньне прозьвішчаў зьняволеных. Мы выключылі тэлевізар, каб ня бачыць навагодняе віншаваньне так званага кіраўніка дзяржавы. Мы ўключылі кампутар і слухалі праз інтэрнэт "Радыё Свабода", дзе выбітныя людзі зачытвалі прозьвішчы пакараных за Плошчу. Такім чынам, Новы 2011 год мы сустракалі разам з Радыё Свабода і слухалі прозьвішчы сапраўдных герояў Беларусі".

Алена Ліхавід: "Любое слова і любое ўзгадваньне нашых хлопцаў дае сілы"

Алена Ліхавід, маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда: "Любое слова і любое ўзгадваньне нашых хлопцаў дае сілы. Больш за тое, яно дае надзею, што пра нас не забыліся, што пра нас ведаюць, пра нас памятаюць. У адзіночку, самому справіцца з тым, што нам давялося прайсьці, проста нерэальна і немагчыма. Я ў першыя дні, як тое сьляпое кацяня, ня ведала, куды зьвярнуцца, куды крычаць, у каго прасіць парады. І калі я даведалася, што на другім канцы нашай плянэты пра нашых дзяцей ведаюць і называюць прозьвішчы звычайных хлопцаў і дзяўчат, якіх ніхто ня ведае, — канечне, гэта дапамагае, гэта акрыляе і дае надзею".



Дар’я Корсак:" Гэта было такім зарадам аптымізму: што іх памятаюць, пра іх ведаюць, не забываюцца"


Дар'я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара штабу Андрэя Саньнікава: "Адразу ж пасьля арышту майго мужа, іншых актывістаў я была ў глыбокай дэпрэсіі. Не было ні сіл, ні жаданьня нічога ні слухаць, ні чытаць. А калі перад самым Новым годам мне распавялі пра праект Радыё Свабода і я пачула галасы Вацлава Гавэла, Джорджа Буша, выбітных дзеячаў Беларусі, якія зачытвалі прозьвішчы нашых мужоў, сыноў, — гэта адразу ўзьняло настрой, гэта было такім зарадам аптымізму: што іх памятаюць, пра іх ведаюць, не забываюцца... Дзякуй Радыё Свабода за падтрымку".

Юлія Дранчук: "Гэта дапамагае ня проста выстаяць, а зноў выйсьці на Плошчу"

Юлія Дранчук, прэсавая сакратарка выбарчага штабу Ўладзімера Някляева, была затрыманая а другой гадзіне ночы 20 сьнежня ў офісе на Нямізе. Яе асудзілі за Плошчу і пасадзілі на 15 сутак. Новы год Юлія сустрэла ў ізалятары: "Найперш, гэты праект вельмі важны для пачуцьця самаўсьведамленьня тых людзей, якія трапілі на суткі і якіх цягам усіх 15 сутак пераконвалі ў тым, што на іх усе забыліся, што іх лёсы нікому не цікавыя, што іх адседка — гэта проста страчаныя дні. І вось калі чалавек, які знаходзіўся 15 сутак у ізаляцыі, якога амаль пераканалі ў тым, што на яго забыліся, што ўсё, што ён робіць, — цалкам бессэнсоўна, даведаўся, што сам Вацлаў Гавэл праявіў ня проста зацікаўленасьць, але і прамовіў у эфіры прозьвішчы ахвяраў рэжыму, які ў тыя часы можна было без ілжывага патасу назваць "крывавым", — гэта дапамагае ня проста выстаяць, а зноў выйсьці на Плошчу. І адстойваць свае думкі, свабоду перакананьняў, сваю свабоду — пакуль ня будзе Перамогі".