Свабоду Бяляцкаму патрабавалі ў Бішкеку, Маскве і Стакгольме


5 верасьня праваабаронцы ў Кіргізстане, Расеі і Швэцыі пікетавалі беларускія амбасады з патрабаваньнямі вызваліць старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Бішкек


Праваабаронцы ў Бішкеку наладзілі пікет ля амбасады Беларусі з патрабаваньнем вызваленьня Алеся Бяляцкага з-пад варты. Гэта ўжо другая такая акцыя ў Бішкеку за апошні час.

Your browser doesn’t support HTML5

У Бішкеку патрабуюць вызваліць Бяляцкага



17 жніўня некалькі дзясяткаў актывістаў кіргіскай грамадзкай арганізацыі «Грамадзяне супраць карупцыі» пікетавалі беларускае пасольства ў Бішкеку. Кіраўніца арганізацыі Талекан Ісмаілава паведаміла Свабодзе, што Алесь Бяляцкі двойчы быў у Кірзізстане і спрыяў дэмакратычным пераменам у гэтай краіне.


Масква


Ля амбасады Беларусі ў Маскве прайшла сэрыя адзіночных пікетаў з патрабаваньнем вызваліць беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

Як перадае карэспандэнт Граней.Ру, з плякатамі "Свабоду палітычным зьняволеным у Беларусі" і "Свабоду Алесю Бяляцкаму" па чарзе стаялі кіраўнік Цэнтра разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый Джыбладзэ, прадстаўнік камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Аляксандр Мнацаканян, прадстаўнік камітэту "Грамадзянскае садзейнічаньне" Алена Рабініна, кіраўнік фонду "Грамадзкі вэрдыкт" Натальля Таўбіна, кіраўнік "Мэмарыялу" Алег Арлоў, а таксама Фрыдэрыка Бэр з Amnesty International.

Пікетоўцы на працягу гадзіны пікетавалі амбасаду, пасьля чаго падпісалі і перадалі зварот на імя амбасадара Беларусі ў Расеі з патрабаваньнем вызваленьня арыштаванага беларускага калегі.


Стакгольм


5 верасьня адбыўся пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага ля амбасады Беларусі ў Стакгольме. Удзельнікі акцыі трымалі плякаты з надпісамі «Свабоду Алесю Бяляцкаму» па-беларуску і па-швэдзку.





Пасьля выступу старшыні швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Углы плянавалася перадаць ліст амбасадару Беларусі ў Швэцыі Андрэю Грынкевічу з патрабаваньнямі неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага. Аднак, у амбасадзе адмовіліся прыняць ліст, у выніку чаго ліст паклалі ў паштовую скрыню амбасады.


Акцыя прайшла спакойна, пад наглядам паліцыянтаў у двух дзяжурных машынах.