Ператрус у кватэры актывіста БНФ Алеся Каліты

Пра ператрус у кватэры Алеся Каліты паведаміў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Паводле зьвестак, раней Алеся Каліту дапыталі ў райаддзеле міліцыі паводле справы аб зьбіцьці ахоўніка будынку, дзе месьціцца офіс партыі БНФ.

Інцыдэнт адбыўся 13 жніўня. У зьбіцьці ахоўніка падазраюць Алеся Каліту, Максіма Губарэвіча і Сяргея Семянюка. Допыты падазроных мусілі прайсьці ў канцы жніўня, але былі адкладзеныя.

Падазроныя кажуць пра сваю невінаватасьць. Паводле актывістаў партыі БНФ, ахоўнік Алег Гордыс быў нападпітку і сам прычапіўся да Алеся Каліты, пачаў яго зьневажаць.«Мы яго супакоілі, і ён зьехаў у таксі, якое яму выклікалі», — згадвае Сяргей Семянюк.

«Гэта яўна справа з палітычным падтэкстам. Чамусьці адразу пасьля інцыдэнту прыехала міліцыя, хаця яе ніхто не выклікаў. Я заявіў, што ня маю прэтэнзій да гэтага чалавека, які мне пагражаў, бо ўсё ж гэта чалавек ва ўзросьце... Але чаму тады ўзьнікла справа? Магчыма, рэжым спрабуе пазбавіць партыю БНФ актыўных фронтаўцаў», — камэнтаваў справу Алесь Каліта.

Сяргей Семянюк перакананы, што гэта правакацыя, такая ж, якая была арганізаваная супраць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якіх засудзілі да 2 і 4 гадоў турмы нібыта за зьбіцьцё невядомых.