Раней зьнішчалі толькі забаронамі. Цяпер — яшчэ і цэнамі

У жорсткіх эканамічных умовах у рэгіёнах краіны на сёньня ацалела 12 выданьняў. Даржэюць папера, друкарскія паслугі, транспарт — усё гэта адбіваецца на дзейнасьці друкаваных СМІ. Тым часам Саўмін Беларусі ўзмацняе падтрымку дзяржаўных выданьняў. Згодна з пастановай ураду яшчэ ў гэтым годзе 25 дзяржаўных газэт і часопісаў атрымаюць буйныя грашовыя датацыі. Сярод прывілеяваных СМІ — газэты «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Звязда» ды іншыя. А на што разьлічваць незалежным медыям?

Падрабязнасьці пра сытуацыю, у якой даводзіцца выжываць недзяржаўным СМІ ў рэгіёнах, распавядаюць уласныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Незалежныя СМІ ў рэгіёне — гэта цяпер інфармацыйныя бюлетэні і малафарматныя газэты

На Гомельшчыне існаваньне недзяржаўных мэдыяў апошнім часам зьвязана найперш з інтэрнэтам. У дадатак да сайту «Моцныя навіны», які быў заснаваны ў траўні 2008 году, сёлета з ініцыятывы беларускіх праваабаронцаў у абласным цэнтры створаны новы інфармацыйны інтэрнэт-партал «Гомельская вясна». Зразумела, ніякай падтрымкі хаця б на конкурснай аснове ў незалежных мэдыяў няма.

Гаворыць адзін з заснавальнікаў сайту «Моцныя навіны», рэгіянальны кіраўнік руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў:

Пятро Кузьняцоў
«Дыктатура — яна ня можа ня тое што падтрымліваць незалежныя СМІ, а нават проста ствараць роўныя ўмовы. Гэта для яе было б адразу поўнай паразай. Ва ўлады проста няма іншых шляхоў. Зараз яна ў тупіку, у тым ліку і інфармацыйным, і яна робіць тое, што можа. Мы сямнаццаць гадоў выжываем у такіх умовах. СМІ зараз знаходзяць іншыя інфармацыйныя каналы распаўсюду інфармацыі — яны ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках. І на гэтым полі ўлада значна прайграе незалежным СМІ. І гэта добра, бо менавіта ў гэтым полі існуюць самыя думаючыя людзі, самыя дасьведчаныя й адукаваныя».

Спадар Кузьняцоў з паплечнікамі спрабаваў зарэгістраваць летась і аднайменную газэту «Моцныя навіны», аднак Міністэрства інфармацыі адхіліла заяву на той падставе, што рэдактарка ня мела 5-гадовага стажу кіраваньня пэрыядычным выданьнем.

У Сьветлагорску перастала існаваць газэта «Регион-вести», у Мазыры — «Мозырская неделя»

У абласным цэнтры апошняя незалежная газэта зачынілася з прычыны фінансавых і паліграфічных цяжкасьцяў шэсьць гадоў таму. З гэтых жа прычынаў у Сьветлагорску перастала існаваць газэта «Регион-вести», а ў Мазыры — «Мозырская неделя».

Калі ня браць пад увагу рэклямныя выданьні, то сёньня незалежныя друкаваныя СМІ прадстаўленыя ў рэгіёне толькі інфармацыйнымі бюлетэнямі й малафарматнымі газэтамі.

Васіль Палякоў
Адно з такіх выданьняў — бюлетэнь «Грамадзянскія ініцыятывы» — рэдагуе старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў. Раней бюлетэнь выходзіў штомесячна, цяпер — адзін раз на тры месяцы:

«Тут ёсьць значныя праблемы, бо ніякай падтрымкі з боку дзяржавы няма. Немажліва прайсьці рэгістрацыю, і, апрача таго, абмежаваны іх наклад. Раней хоць да 500 асобнікаў можна было выдаваць, а зараз — 299. Безумоўна, гэта ня тая колькасьць, з дапамогай якой можна данесьці да насельніцтва сваю думку й нейкім чынам праводзіць асьветніцкую працу. Усе праблемы, зьвязаныя з коштам паперы, фарбы, тэхнікі, нарастаюць з кожным годам. Замест таго каб дапамагчы стаць на ногі такім выданьням, дзяржава, наадварот, стварае штучныя перашкоды».

Спэцслужбы ня раз рабілі ператрусы, канфіскоўвалі тэхніку, затрымлівалі й штрафавалі распаўсюднікаў незалежных малафарматных выданьняў і бюлетэняў.

Леанід Судаленка
Сярод актывістаў незалежнага прафсаюзу РЭП у рэгіёне распаўсюджваецца й малафарматная газэта «Перазьменка». Аўтар выданьня, юрыст Леанід Судаленка мяркуе, што дзяржава не зацікаўленая ў тым, каб да насельніцтва даходзіла альтэрнатыўная інфармацыя. Таму яе падтрымка такая аднабокая — яе маюць толькі падкантрольныя ўладзе СМІ:

«Дзяржава не зацікаўленая ў тым, каб да простага народу даходзіла альтэрнатыўная інфармацыя, якую грамадзяне ня могуць пачытаць, паслухаць, убачыць празь беларускае тэлебачаньне, дзяржаўныя газэты й дзяржаўнае радыё».

Дзяніс Рабянок
Пазаштатны карэспандэнт «Народнай волі» Дзяніс Рабянок з Калінкавічаў адзначае, што дзяржава падтрымлівае толькі тыя СМІ, якія служаць сродкамі ня столькі масавай інфармацыі, колькі агітацыі й прапаганды. Гэтаксама як у былым Савецкім Саюзе:

«Я лічу, што ў сёньняшняй Беларусі дзяржаўныя газэты, радыё й тэлебачаньне — гэта ня сродкі масавай інфармацыі, а сродкі агітацыі й прапаганды. Толькі замест камуністычнай партыі — рэжым Лукашэнкі».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Нядаўняя страта — івацэвіцкая «Газета для Вас»

У 2011 годзе на Берасьцейшчыне на адно незалежнае выданьне паменела — перастала існаваць івацэвіцкая «Газета для Вас». Аднак, нягледзячы на гэта, па колькасьці зарэгістраваных незалежных газэт Берасьцейшчына — адзін з найбольш пасьпяховых рэгіёнаў.

У рэгіёне цяпер выдаюцца 5 недзяржаўных газэт: «Брестский курьер», «Брестская газета», «Ганцавіцкі час», баранавіцкі «Intex-press», лунінецкая «Информ-прогулка».

Рэдактары недзяржаўных газэт кажуць, што перажываюць сёньня не найлепшыя часы. Віктар Марчук, галоўны рэдактар «Брестской газеты», тлумачыць, што асабліва цяжка адбіваецца на газэце падаражэньне паперы і друкарскіх паслугаў.

«Брестская газета» зьменшыла аб’ём нумара — перайшла на 24 паласы

Віктар Марчук: «Пачынаючы з красавіка, на пачатку кожнага месяца друкарня падымала расцэнкі. На пачатку лета падлічыў, што на той пэрыяд на 78% падаражэлі паслугі друкарні. Таму калі раней мы выходзілі на 32 палосах, то зь ліпеня вымушаныя былі перайсьці на 24-палосны нумар. Бо пры такіх цэнах на паперу і паслугі друкарні мы проста ня зможам выцягнуць 32 паласы. Да таго ж і рэклямадаўцы цяпер перажываюць пэўныя цяжкасьці...»

Рэдактар «Брестской газеты» кажа, што Шклоўскі завод газэтнай паперы — манапаліст, які кошт ён вызначае, такі і будзе. А вось кошт газэт вызначаецца рынкам, і яго немагчыма бясконца падымаць, бо людзі папросту перастануць купляць.

Віктар Марчук: «Сёньня чалавек перш падумае, што яму набыць — газэту ці бохан хлеба, і ён, вядома ж, выбера хлеб...».

«Ганцавіцкі час» выжывае на энтузіязьме

Намесьнік рэдактара газэты «Ганцавіцкі час» Пётар Гузаеўскі кажа, што ў такіх складаных умовах журналісты працуюць найперш на энтузіязьме.

«Апошнія гады мы пакрыху павялічвалі наклад. Яго літаральна з 2 тысяч 300 да 3 тысяч 500 асобнікаў давялі за 4 гады. Але ж рост коштаў друку і паперы ставіць такую газэту, як „Ганцавіцкі час“, у такія рамкі, што фактычна мы больш ужо думаем не пра павышэньне заробкаў, а пра тое, ці варта далей працягваць гэтую працу. Тут не патрэбныя ніякія палітычныя ўзьдзеяньні, газэта папросту можа зачыніцца з эканамічных прычынаў...».

ВІЦЕБШЧЫНА


Рэдактар ратуе выданьне сіламі сваёй сям’і

Уладзімер Скрабатун
Уладзімер Скрабатун, рэдактар і выдавец незалежнай газэты «Вольнае Глыбокае», вымушаны друкаваць сваё выданьне ў суседнім рэгіёне — у Маладэчне на Меншчыне. Там паслугі друкарні таньнейшыя, але за апошні час кошты ўсё адно ўзрасьлі ў два разы, скардзіцца спадар Уладзімер:

«Яно ўсё даражэла на працягу красавіка, траўня і пачатку чэрвеня. І атрымалася, што ў два разы вырас кошт друку. Натуральна, падаражэла і газэта: мы прадавалі яе за адну тысячу рублёў, потым за паўтары, а цяпер ужо і за дзьве!».

Уладзімер Скрабатун сам вярстае газэту, сам адвозіць яе ў друкарню і сіламі сваёй сям’і рэалізуе «Вольнае Глыбокае» на мясцовым кірмашы. Паколькі выдаткі на ўсё гэта вырасьлі, падвысілася і цана газэты, кажа выдавец:

«Іншага выйсьця ўжо няма! Таму што друк друкам, але наўкола ўсё даражэе: падвысіліся кошты на паліва, кошт месца на кірмашы... Пайшла ланцуговая рэакцыя! Зьмяншаць, можа, і наклад давядзецца на якіх асобнікаў дзьвесьце».

Сёньня газэта «Вольнае Глыбокае» мае наклад 2 тысячы асобнікаў. Але ўвесь наклад цяпер не разыходзіцца. Уладзімер Скрабатун тлумачыць гэта «сэзонным зьніжэньнем попыту» — маўляў, людзі ў выходныя едуць капаць бульбу на вёску, таму на кірмашы бывае мала пакупнікоў. Можа, для кагосьці газэта стала і дужа дарагая.

Вадзім Баршчэўскі
Падвышэньнем цэнаў на паперу, камунальныя выдаткі і паліва незадаволены таксама і рэдактар газэты «Витебский курьер» Вадзім Баршчэўскі. Выданьне зарэгістравана ў Расеі, друкуецца ў Смаленску. Але выдаткі растуць усё адно, кажа спадар Вадзім:

«У Расеі друк крыху таньнейшы, але й там даражэе ўсё. Ну, і паліва ж даражэе. Калі туды-назад 300 кілямэтраў, ды там па горадзе — толькі й лічы! Ну, і ўсё, што тут трэба купляць, таксама даражэе. Вось папера, прыкладам, для працы — падаражэла ўжо ў разы! Камунальныя выдаткі даражэюць, так што лягчэй не становіцца!».

«Витебский курьер» не прадаецца ні ў шапіках «Белсаюздруку», ні ў прыватных распаўсюднікаў — як ні спрабавалі выдаўцы дамагчыся атрыманьня ліцэнзіі на продаж, так ім гэта і не ўдалося. Газэта распаўсюджваецца бясплатна — валянтэры раскідаюць яе па паштовых скрынях у некаторых раёнах Віцебску. Рэдактар Вадзім Баршчэўскі кажа, што на сёньняшні дзень яна выходзіць накладам 10 тысяч асобнікаў, і «кур’ераўскі» калектыў прыкладае ўсе намаганьні, каб наклад не скараціўся.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На дзяржаўную падтрымку выдаўцы незалежных СМІ не спадзяюцца.

На Магілёўшчыне падаражэньне паперы і паслуг друкарняў б’е па недзяржаўнай і камэрцыйнай прэсе. На дзяржаўную падтрымку выдаўцы гэтых газэт не спадзяюцца.

Агульнапалітычны тыднёвік «Узгорак» выдаецца накладам адна тысяча асобнікаў. Распаўсюджваецца ў трох раёнах Магілёўшчыны — Горацкім, Дрыбінскім ды Мсьціслаўскім. Спадзяваньняў на дзяржаўную падтрымку незалежнага выданьня ў рэдактаркі Галіны Буднай няма. Як выжывае газэта? — пытаюся ў журналісткі.

Галіна Будная
«Некалькі разоў ужо даражэлі паслугі друку і папера. Апошняя цана — каля сямісот тысяч рублёў за наклад. Калі мы даведаліся пра цану, то былі ў шоку. Практычна тры чвэрці бюджэту цяпер ідзе на друкарню. Яшчэ значная частка — на заробкі. Выжываем мы дзякуючы добрым рэклямадаўцам, тым, хто разумее, у якіх умовах мы працуем».

Як сьцьвярджае спадарыня Будная, наклад газэты пакуль застаецца ранейшым.

Праз падаражэньне паслугаў друкарняў маюць праблемы й камэрцыйныя недзяржаўныя выданьні. Так, на сайце бабруйскай газэты «Коммерческий куръер» пазначана, што яна выдаецца накладам 15 300 асобнікаў. Рэдактарка выданьня Тацяна Новік удакладніла:

«Не, у нас троху менш ужо. У нас трынаццаць тысяч. Крызіс. Паперы няма. Мы збавілі троху тэмпы. Выжываем. Стараемся змагацца з крызісам. Стараемся пісаць цікавыя матэрыялы. Стараемся быць карыснымі для нашых чытачоў».

Выдаткі на выпуск газэты вырасьлі прыкладна ў тры разы

Ці нашмат вырасьлі цэны ў магілёўскай друкарні імя Сьпірыдона Собаля, пытаюся ў яе супрацоўніцы:

«На паперу — дужа вырасьлі. На паліграфічныя паслугі — вырасьлі, але не нашмат. Вырасьлі ў асноўным за кошт матэрыялаў. Матэрыялы вырасьлі прыкладна ў тры разы. Мы набываем усё імпартнае, акрамя паперы. Яна — шклоўская».

Тым часам растуць цэны й на дзяржаўныя «раёнкі». Квартальная падпіска на некаторыя зь іх вырасла больш як на шэсьць тысяч рублёў.

Андрэй Бастунец
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што найбольш пэрспэктыўны цяпер напрамак разьвіцьця — гэта інтэрнэт-вэрсія:

«У якасьці прыкладу можна ўзгадаць „Экспрэс“, які паўстаў на месцы былога „Кур’ера з Барысава“. Газэта „Бабруйскі кур’ер“ таксама ўзнаўляецца ў выглядзе інтэрнэт-парталу. Дарэчы будзе нагадаць пра выданьне „Салідарнасьць“. Гэта цяпер папулярны інтэрнэт-рэсурс, пасьля таго як фактычна быў спынены выхад друкаванага выданьня».

Па словах Андрэя Бастунца, для падтрымкі рэгіянальных СМІ ў Беларусі створана Асацыяцыя выдаўцоў.

Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы была заснавана ў ліпені 2009 году, яна аб’ядноўвае 12 недзяржаўных прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія ў межах сваёй вытворчай дзейнасьці выдаюць больш за 20 рэгіянальных масава-палітычных выданьняў агульным накладам больш за 100 000 асобнікаў.

У асацыяцыю ўваходзяць: «Борисовские новости», «Брестская газета», «Брестский курьер», «Вечерний Бобруйск». «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонимская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press», «Інфа-кур’ер», «Информ-прогулка», «Наша слова», «Нясвіжскі час», «Рэгіянальная газета».