Міхалевіч пра зварот Паўлюкевіча: «Я веру, што ўлады гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі»

Адміністратар суполкі «Мы за Вялікую Беларусь» vkontakte.ru Сяргей Паўлюкевіч выклаў у інтэрнэце відэазварот, у якім распавядае, як 14 ліпеня 2011 году яго ў Жодзінскай турме з прымяненьнем катаваньняў прымусілі падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з КДБ. Гэты відэазварот зьявіўся на многіх сайтах. Як гучныя заявы Паўлюкевіча камэнтуюць афіцыйныя асобы і тыя людзі, якія таксама зазнавалі катаваньні і зьдзекі ў ізалятарах і турмах?

Спэцслужбы ў такіх выпадках звычайна доўгі час маўчаць, як было пасьля відэазвароту экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў СІЗА КДБ, і пасьля заявы ў судзе пра катаваньні, якую зрабіў яшчэ адзін экс-кандыдат — Андрэй Саньнікаў.

Кіраўнік прэсавай службы КДБ Аляксандар Антановіч зьдзівіўся пытаньню наконт катаваньняў над Паўлюкевічам:

Карэспандэнтка: «КДБ неяк камэнтуе гэта? Ці будзе камітэт правяраць інфармацыю?».

Антановіч: «Я наагул, шчыра кажучы, пакуль не гатовы вам нічога сказаць. А калі, вы кажаце, зьявілася інфармацыя?».

Карэспандэнтка: «У суботу зьявіўся відэазварот Сяргея Паўлюкевіча, адміністратара групы „Марш мільёнаў“ у сацыяльных сетках».

Антановіч: «Праз гадзінку ператэлефануйце мне, калі ласка».

Ні праз гадзіну, ні празь дзьве тэлефон прэсавай службы КДБ больш не адказваў. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС і Генпракуратуры параілі зьвярнуцца зь пісьмовым запытам.

Сам Сяргей Паўлюкевіч на тэлефонную сувязь не выходзіць. Дарэчы, «наезды» на яго былі і раней. На пачатку чэрвеня, калі толькі пачыналіся першыя маўклівыя акцыі, у кватэры Паўлюкевіча быў ператрус, забралі кампутар, прымусілі зьнішчыць акаўнты. Тады запалохвалі і ягоную маці. Праўда, сам Сяргей пра гэта падрабязна не распавядаў:

«Можа, вы ведаеце, мяне КДБ прыціснуў трохі… Я знаходжуся тут, у Беларусі, у зоне дасягальнасьці КДБ».

У чэрвені ціснулі і яшчэ на аднаго адміністратара групы «Рух будучыні» — Дзьмітрыя Няфёдава, які таксама знаходзіўся ў Беларусі. Іншыя адміністратары груп у сацыяльных сетках у асноўным знаходзяцца па-за межамі Беларусі — ва Ўкраіне, у Польшчы, у Вялікай Брытаніі. Вымушаны быў зьехаць зь Беларусі пасьля гучных заяваў пра катаваньні і кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч. Наконт звароту Сяргея Паўлюкевіча ён выказаў такое меркаваньне:

Алесь Міхалевіч
«Тое, што апісвае Сяржук, цалкам магло здарыцца. Сяржук — чалавек, які стварыў найвялікшую групу ў сацыяльнай сетцы „Вконтакте“. І зразумела, што ў нейкі момант гэтай групы вельмі баяліся. Ён зьмяніў назву групы „Мы за вялікую Беларусь“ на „Марш мільёнаў“, пачаў фактычна прасоўваць палітычныя ідэі пра тое, што беларусам трэба выйсьці на плошчу, што нас у патрэбны момант можа быць мільён. Я абсалютна веру, што ў нейкі момант улады перапужаліся і былі гатовыя супраць яго выкарыстаць любыя сродкі».

Дарэчы, пасьля звароту Алеся Міхалевіча ніякай рэакцыі афіцыйных уладаў так і не было. Пасьля сьведчаньняў пра катаваньні, якія зрабіў Андрэй Саньнікаў, да яго ўжо ў Наваполацкую калёнію прыяжджалі супрацоўнікі ваеннай контравыведкі. Жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп перакананая, што пры гэтай уладзе нічога ня зьменіцца, катаваньні і зьдзекі ў турмах будуць працягвацца:

Ірына Халіп
«Як можна, напрыклад, уратаваць Бандарэнку, калі гэта сыстэма, гэта не выключэньне, гэта правіла. Калі толькі зьявілася заява Міхалевіча, дык неўзабаве прыйшоў ліст ад Аўтуховіча, у якім ён пісаў, што ўсё так і было — і на „Валадарцы“, ня толькі ў СІЗА КДБ. Трэба мяняць усю сыстэму стаўленьня да зьняволеных, няважна, гэта палітычныя, эканамічныя, крымінальныя. Трэба мяняць усё ў адносінах да сыстэмы і выкананьня пакараньняў, і ўвогуле ўтрыманьня арыштаваных падчас сьледзтва. Яны наагул ня маюць ніякіх правоў. Як чалавек, які сядзеў, я гэта пацьвярджаю. Толькі зьмена ўсёй сыстэмы».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч таксама асабліва ня верыць у тое, што ўлады будуць сур’ёзна разьбірацца ў падобных сытуацыях. Але гэта ўсё нельга замоўчваць:

«Я ня веру, што будзе нейкая станоўчая рэакцыя, зьвязаная з тым, каб прадухіліць падобныя дзеяньні на будучыню. Але тое, што пра такія справы пачынаюць пісаць, што яны выходзяць вонкі, гэта, безумоўна, спрыяе таму, каб падобных дзеяньняў не было ў будучыні, каб катаваньні спыніліся, каб улады баяліся».