Майкл Скэнлан: «Мы ня будзем удзельнічаць у гандлі вакол палітвязьняў»

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан падкрэсьліў, што ЗША лічаць неабходным «неадкладнае і безумоўнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў у Беларусі», але ўдзельнічаць у гандлі вакол зьняволеных не зьбіраюцца.

Адказваючы на пытаньне Эўрарадыё, наколькі плённым зьяўляецца супрацоўніцтва ЗША з ЭЗ ў дачыненьні да Беларусі, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан адзначыў, што «ЗША і Эўрапейскі зьвяз жадаюць бачыць Беларусь дэмакратычнай, квітнеючай і сувэрэннай дзяржавай, дзе паважаюцца правы чалавека.»

«Міжнародны досьвед паказвае, што паміж росквітам і дэмакратыяй існуе непарыўная сувязь: аднаго ня можа быць бязь іншага на ўстойлівай аснове. Таму неадкладнае і безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных было б першым крокам Беларусі ў гэтым напрамку, - падкрэсьліў Скэнлан. - Але дазвольце мне растлумачыць адну рэч: мы ня будзем удзельнічаць у гандлі вакол палітычных зьняволеных.»

Камэнтуючы на просьбу Эўрарадыё прапанову беларускага ўраду прыняць закон, які б караў за «бязьдзеяньне па папярэдняй згодзе». Майкл Скэнлан назваў яе абсурднай. «Мяне ўразіла, як шмат сіл і сродкаў прыклалі ўлады падчас эканамічнага крызісу, каб затрымаць і арыштаваць людзей, якія проста моўчкі стаялі або пляскалі ў ладкі. Чаму ўлады пайшлі на такія меры? Яны баяцца свайго народу?», - задаў пытаньне кіраўнік амэрыканскай дыпляматычнай місіі.