У Мазыры ўшанавалі памяць габрэяў, нягледзячы на забарону ўладаў

У Мазыры прадстаўнікі дэмакратычных сілаў маўчаньнем ушанавалі памяць габрэяў, якія 31 жніўня 1941 году ўчынілі акт самаспаленьня.

Мясцовы актывіст стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Аляксандар Кавальчук паведаміў, што да месца самаспаленьня прыйшлі актывісты праваабарончага цэнтру «Вясна», руху «За свабоду», Таварыства аховы помнікаў. Прысутнічаў тут і прэзыдэнт Усясьветнай арганізацыі беларускіх габрэяў (ЗША) Якаў Гутман, які нарадзіўся і працяглы час жыў у Мазыры.

Па традыцыі ўдзельнікі акцыі паклалі да памятнага знаку невялічкія каменьчыкі.

Якаў Гутман адмыслова замаўляў мітынг на 31 жніўня. Аднак мясцовы райвыканкам не дазволіў яго, параіўшы перанесьці мітынг на 29 студзеня, калі адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту.

Улады, дарэчы, вярнулі на жалобнае месца камень, які ўсталявала тут арганізацыя беларускіх габрэяў. Заменена й шыльда — на ёй цяпер пазначана, што тут, у габрэйскім доме, самаспаленьне ўчынілі звыш двух дзясяткаў мазырскіх габрэяў. Няправільна, аднак, названа дата трагедыі — восень 1941 году, хоць гэта адбылося 31 жніўня.

За маўклівым памінаньнем ахвяраў самаспаленьня назіралі міліцыянты — яны прыехалі ажно на трох аўтамашынах. Праз 15 хвілін пасьля пачатку акцыі намесьнік начальніка Мазырскага РАУСу Гвозьдзь адклікаў Якава Гутмана ўбок і запатрабаваў спыніць памінаньне. Удзельнікі акцыі ня сталі правакаваць праваахоўнікаў і праз колькі хвілін пакінулі жалобнае месца.

На памінаньне не прыйшлі прадстаўнікі габрэйскай абшчыны Мазыра. Адна з колішніх актывістак абшчыны патлумачыла, што ўжо й без таго нацярпелася ад паходаў па грамадзкіх справах.