Пачаў дзейнічаць новы Кодэкс аб адукацыі

1 верасьня ў Беларусі набыў моц Кодэкс аб адукацыі. Ён быў падпісаны 13 студзеня і накіраваны «на комплекснае і сыстэмнае рэгуляваньне грамадзкіх адносінаў у сфэры адукацыі».

Кодэкс дзеліць адукацыю на асноўную, дадатковую і спэцыяльную, а таксама ўпершыню уводзіць паняцьце «адукацыйныя праграмы».

Уводзяцца новыя формы навучаньня, у прыватнасьці дыстанцыйнае навучаньне для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

Замацавана права ствараць ва ўстановах адукацыі клясы або групы, у якіх навучаньне ажыцьцяўляецца на замежнай мове.

Акрамя таго, уносяцца зьмяненьні ў школьную праграму: плянуецца скараціць колькасьць гадзін на прадметы эстэтычнай накіраванасьці. Кодэкс прадугледжвае падпісаньне дамовы на навучаньне ўсімі студэнтамі ВНУ, а таксама навучэнцамі сярэдніх спэцыяльных навучальных устаноў і прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. У дамове будуць прапісаны правы, абавязкі і адказнасьць студэнта і ВНУ, а пры неабходнасьці — і працадаўцы.

Усталёўваецца новы від дакумэнту пра адукацыю — дыплём дасьледчыка, які выдаецца па выніках навучаньня ў асьпірантуры. Гэтая кваліфікацыя будзе прысвойвацца выпускнікам асьпірантуры, якія пасьпяхова завяршылі курс навучаньня, але па нейкіх прычынах не змаглі абараніць кандыдацкую дысэртацыю. Гэтая кваліфікацыя дазволіць яе уладальнікам «разьлічваць на асаблівыя пасады на рынку працы».

У Кодэкс унесены нормы, зьвязаныя з дысцыплінарнай адказнасьцю навучэнцаў. Упершыню ўведзены панятак «дысцыплінарны праступак навучэнца» і прадугледжаны падставы для прыцягненьня яго да адказнасьці. Сярод іх — спазьненьне або няяўка без уважлівых прычын на заняткі, парушэньне дысцыпліны ў ходзе адукацыйнага працэсу.

У Міністэрстве адукацыі сьцьвярджаюць, што ніякіх зьмяненьняў у вучэбных пляна у сувязі з кодэксам сёлета не адбудзецца, паколькі гэтыя плян былі да яго уваходжаньня ў сілу. На працягу года будзе праводзіцца маніторынг працы навучальных устаноў у рамках дзеяньня кодэкса, а праз год плянуецца прыняць канчатковае рашэньне па асобных кірунках дзейнасьці сыстэм адукацыі.