Чалы: Лукашэнка зацьвердзіў множнасьць курсаў

Эканаміст Сяргей Чалы прагназуе 4 паралельныя курсы беларускай валюты і "рынкавы" даляр па 10 тысяч рублёў.

Спадар Чалы згадвае, што ўхваленая сёньня Лукашэнкам схема ўрэгуляваньня валютнага рынку ўжо прапаноўвалася ў красавіку гэтага году, але не была рэалізаваная пасьля ўмяшаньня кіраўніка краіны, які ў пасланьні Нацыянальнаму сходу прызнаў гэта немэтазгодным. Цяпер да гэтай прапановы вярнуліся.

"Гэта псэўдарынкавае рашэньне, гэта вяртаньне да мінулага, да 90-х гадоў. Усё гэта мы ўжо праходзілі да 1998 году. Гэта ўзаконьваньне сыстэмы множнасьці валютных курсаў", — перакананы Сяргей Чалы.

Як мінімум, такіх курсаў будзе 4, кажа Сяргей Чалы — адзін будзе выкарыстоўвацца на асноўнай сэсіі валютнай біржы, другі будзе фармавацца на дадатковай сэсіі, яшчэ два курсы будуць выкарыстоўвацца на чорным рынку наяўнай і безнаяўнай валюты.

Курс дадатковай сэсіі будзе складаць каля 10 тысяч, мяркуе спадар Чалы, а чорны курс — яшчэ больш.

"У нейкай ступені гэта аздаровіць сытуацыю, гэта лепей, чым нічога, бо імпартэры атрымаюць легальны доступ да валюты, чаго раней ня мелі. Дый у экспартэраў зьявіцца стымул прадаваць валюту. Але фактычна гэта азначае і захаваньне карупцыйнай сыстэмы для асобных пакупнікоў валюты і канфіскацыі часткі прыбытку ў экспартэраў".

Ці зьявіцца наяўная валюта ў абменьніках, залежыць ад таго, ці дапусьцяць банкі на так званыя дадатковыя сэсіі біржы. Калі дапусьцяць — то насельніцтва зможа купіць валюту па рынкавым курсе, мяркуе Сяргей Чалы.

На ягоную думку, гэтыя рашэньні ніяк не палепшаць шанцы Беларусі на атрыманьне новых замежных крэдытаў, бо множнасьць курсаў наўпрост супярэчыць статуту МВФ і абавязкам Беларусі перад Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС.