Лукашэнка абяцае рыначны курс рубля ў сярэдзіне верасьня

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пачынаючы зь сярэдзіны верасьня на валютна-фондавай біржы адкрыецца дадатовая сэсія, на якой курс рубля будзе вызначацца попытам і прапановай.

"Курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапановай, як і любы іншы тавар. Мы штучна падтрымліваць курс не плянуем", - заявіў Лукашэнка на чарговай нарадзе па пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі.

"Я пагадзіўся з прапановай Нацбанку аб адкрыцьці зь сярэдзіны верасьня — 12—14—15 чыслы — дадатковай сэсіі таргоў на валютнай біржы, на якой можна будзе свабодна купіць і прадаць даляры, эўра, расейскія рублі і іншую валюту", — паведаміў Лукашэнка.

Разам з гэтым ён даручыў Нацбанку "ўзяць пад жорсткі кантроль працу біржы".

"На асноўнай сэсіі валюта будзе прадавацца толькі для аплаты за газ, электраэнэргію і іншыя неадкладныя плацяжы".

Лукашэнка таксама паведаміў, што падпісаў указ, які скасоўвае "ўсякія ільготы па абавязковым продажы валюты".

"Усе абменныя пункты банкаў пасьля адкрыцьця дадатковай сэсіі абавязаныя будуць праводзіць куплю і продаж валюты насельніцтву па рынкавым курсе", — папярэдзіў Лукашэнка.

Лукашэнка загадаў сілавым структурам кантраляваць "спэкулянтаў, якія штучна нагнятаюць становішча".

"Гэта тычыцца і сродкаў масавай інфармацыі", — дадаў ён.


Валюту будуць прадаваць па пашпартах


У Беларусі не пазьней за кастрычнік будзе ўведзеная электронная сыстэма ўліку набыцьця валюты.

Лукашэнка даручыў Нацыянальнаму банку не пазьней за кастрычнік увесці электронную сыстэму ўліку куплі валюты па пашпарце, па кожным пакупніку пэрсанальна.

"Паводле пашпарта, так, як гэта робяць у сьвеце", — адзначыў Лукашэнка.

"Пасьля таго як гэтай валюты нахапаліся, вобразна кажучы, усе, каму яна патрэбна, курс умацуецца да раўнаважнага. Так было ва ўсіх дзяржавах. І мы гэта забясьпечым. Рэсурсы для гэтага ёсьць", — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле яго слоў, увесь працэс выхаду на раўнаважны курс ня зойме шмат часу .



Чалы: Лукашэнка зацьвердзіў множнасьць курсаў

Гэта псэўдарынкавае рашэньне, гэта вяртаньне да мінулага, да 90-х гадоў. Усё гэта мы ўжо праходзілі да 1998 году. Гэта ўзаконьваньне сыстэмы множнасьці валютных курсаў".




Багданкевіч: Лукашэнка зрабіў палавіністы крок


Экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч назваў апошнія валютныя рашэньні Лукашэнкі "паўтарэньнем досьведу 90-х".




Барыс Жаліба: Гэта запозьненыя захады

"Я думаю, што курс даляра можа перавысіць 10 тысяч".





Папярэдняя нарада на тую ж тэму прайшла ў Адміністрацыі прэзыдэнта 25 жніўня.

Тады Лукашэнка абвясьціў, што сытуацыя на валютным рынку будзе стабілізавана праз паўтара-два месяцы. Ён таксама сказаў, што ў бліжэйшыя дні будзе канчаткова вызначаны далейшы курс эканамічнага разьвіцьця краіны.

"Далей цягнуць нельга. Да аўторка-серады (30—31 жніўня. — БелаПАН.) усё гэта будзе зьведзена ў адзіны дакумэнт і вынесена на ўзровень прэзыдэнта, і я асабіста абвяшчу людзям, як будзе дзейнічаць урад і Нацбанк у гэтай сытуацыі", — заявіў Лукашэнка.