«Калгасную бульбу крадуць адкрыта: капаюць, як на ўласным агародзе…»

Валянцін Жданко

За вокнамі — жнівень. Подых хуткай восені адчуваецца і ў пошце «Свабоды». Многія нашы слухачы бяруць з сабой прымач, працуючы на сваіх лецішчах і «сотках», зьбіраючы вырашчанае на прысядзібных участках. Некаторыя паведамляюць пра сельскія клопаты і навіны ў лістах на «Свабоду».

Пільна назірае за вясковымі справамі і праблемамі наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову. Разважаючы пра адметнасьці сёлетняга жніва, ён піша:

«Як заўсёды, хваляцца і абяцаюць, што ўбяруць бяз стратаў. А як абысьціся бяз тых стратаў, калі падчас пачатку жніва ўбіралі толькі там, дзе вышэй: у нізінах стаяла вада? Камбайн там ня пусьціш. І такая праблема ня толькі ў СВК «Чырвоны партызан» — ва ўсім раёне. У былыя гады ў такіх выпадках дапамагалі жанчыны зь сярпамі ды мужчыны з косамі. Але дзе цяпер тыя сярпы? Няма ўжо і людзей, якія могуць зь імі ўпраўляцца. Дый з касой мала хто ўмее працаваць. Перайшлі на газонныя касілкі. А з той касілкай хіба ўлезеш на затопленае поле?

Багата сёлета пасадзілі бульбы. Толькі ў нас у СВК «Ляхаўцы» — больш як 120 гектараў. Падпісалі дамову з Санкт-Пецярбургам на пастаўку туды 500 тон. Але ці атрымаюць тое, на што разьлічваюць? Людзі кажуць: можа так стацца, што да 30 працэнтаў бульбы зьнікне яшчэ да таго, як калгас яе пачне ўбіраць.
Крадуць адкрыта: капаюць, як на ўласным гародзе.

Крадуць адкрыта: капаюць, як на ўласным гародзе. Неяк злавілі кампанію нейкіх прыхадняў-наркаманаў. Нібыта завалаклі іх у суд, выпісалі штраф. А яны вярнуліся зноў — ды п’юць гарэлку, якую за крадзеную бульбу атрымалі. І зноў крадуць бульбу. Цяпер кажуць: «Гэта — на штраф, бо адкуль жа мы возьмем грошы, каб зь дзяржавай разьлічыцца. Болей у нас няма нічога — што з нас узяць».

Цікава, як бы адрэагаваў прыватны гаспадар, калі б засьпеў на сваім полі такую кампанію? Наўрад ці абмежаваўся б ушчуваньнямі і наўрад ці задаволіўся б абяцаньнямі заплаціць штраф. Нездарма заежджыя злодзеі зь ліку гарадзкіх люмпэнаў рэдка наважваюцца ладзіць набегі на прыватныя соткі. Ведаюць, што там ці аглоблі па сьпіне можна атрымаць, ці зарад шроту ў мяккае месца…


На пачатку і ў сярэдзіне лета ў эфіры «Свабоды» часта гучала тэма стыхійных грамадзкіх пратэстаў, арганізаваных з дапамогай сацыяльных сетак. Кожную сераду людзі выходзілі на плошчы Менску ды іншых гарадоў, каб моўчкі альбо плясканьнем у далоні выказаць сваю нязгоду з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі. У жніўні маўклівыя акцыі прыпыніліся, але ў пошце «Свабоды» гэтая тэма працягвае гучаць. Наш слухач Ігнат Гавенскі з Полацку з гэтай нагоды піша:

«Зьдзівіла празьмерная жорсткасьць міліцыі пры разгоне такіх акцыяў. Для мяне відавочна, што гэта — апошнія сутаргі, прыкметы агоніі беларускай дыктатуры.
„Маўчунам“ варта засвоіць сумныя ўрокі і добра падрыхтавацца да будучых флэш-мобаў, што адбудуцца ўвосень.

Галоўная слабасьць сеткавых актывістаў — тое, што яны на сваіх старонках пакідаюць дакладныя зьвесткі пра сябе: імёны, адрасы, фатаздымкі, нумары тэлефонаў… Усё гэта адкрывае вялікія магчымасьці перад КДБ… Чалавеку могуць пазваніць з пагрозамі а трэцяй гадзіне ночы… Могуць падпільнаваць у бязьлюдным месцы ды зьбіць… А могуць наладзіць перасьлед на працы ці на вучобе… Гэта, а таксама міліцэйскі хапун ды „мёртвы сэзон“ летніх адпачынкаў прывялі да таго, што колькасьць удзельнікаў маўклівых акцый пачала рэзка зьмяншацца. „Маўчунам“ варта засвоіць сумныя ўрокі і добра падрыхтавацца да будучых флэш-мобаў, што адбудуцца ўвосень.

А яшчэ ім нялішне ведаць, што ня ўсе ў Беларусі суткамі сядзяць у інтэрнэце. А таму патрэбныя і ўлёткі, і налепкі, і графіці».
Высновы пра «апошнія сутаргі» і «агонію», відавочна, заўчасныя, спадар Ігнат. Міліцыя, спэцслужбы і суды дзейнічаюць у гэтай сытуацыі падкрэсьлена жорстка дзеля зусім пэўнай мэты: ня даць гэтаму грамадзкаму руху разрасьціся і набыць шырокія маштабы, задушыць яго ў зародку. На тое, што абвінавачаньні і прысуды беспадстаўныя, што яны грунтуюцца на сумнеўных альбо неправераных сьведчаньнях, у сёньняшняй Беларусі, калі ідзе размова пра палітычныя справы, мала хто з афіцыйных асобаў зьвяртае ўвагу.


Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара, вайсковага пэнсіянэра Міколы Канаховіча з Пружанаў. Назіраючы за тым, як на працягу апошніх месяцаў імкліва зьніжаецца жыцьцёвы ўзровень многіх беларусаў, спадар Мікола піша:

«Амаль палова нашага насельніцтва ледзь зводзіць канцы з канцамі. Патрэбна немалое майстэрства, каб у такіх умовах неяк выжыць. Асабліва гаротны стан — у пэнсіянэраў. У многіх большасьць пэнсіі ідзе на лекі. А колькі ў нас хворых дзяцей, дапамагчы якім могуць толькі за мяжой, бо наша мэдыцына значна адстае ад разьвітых краін. Але ж няшчасныя бацькі хворых дзяцей найчасьцей чуюць ад чыноўнікаў адзін і той жа адказ: „У дзяржаве няма на гэта валюты“. Чаму ж у такім разе знаходзяцца вялізныя грошы на нікому не патрэбныя вайсковыя парады кшталту таго, што адбыўся ў Менску 3 ліпеня? Дый іншых дарагіх пацехаў у нас багата. „Славянскі базар“, „Дажынкі“ — на гэта ж патрэбны мільёны даляраў.
Нават ня верыцца, што да 1994 году наша краіна паводле ўзроўню свайго эканамічнага разьвіцьця выглядала ня горш, а ў шмат якіх адносінах і значна лепш за ўсіх сваіх суседзяў.

Усе сёньня ведаюць і бачаць, у якім гаротным стане апынулася Беларусь за апошнія гады. Нават ня верыцца, што да 1994 году наша краіна паводле ўзроўню свайго эканамічнага разьвіцьця выглядала ня горш, а ў шмат якіх адносінах і значна лепш за ўсіх сваіх суседзяў».


Сапраўды, урады многіх іншых краін (і значна больш заможных, чым Беларусь) ва ўмовах эканамічнага крызісу імкнуцца адмовіцца ад ня самых першарадных выдаткаў. Вельмі часта ашчаджаюць якраз за кошт таго, што адмаўляюцца ад рознага кшталту сьвяткаваньняў, фаервэркаў, вайсковых парадаў. Заклікі да Лукашэнкі пайсьці такім жа шляхам гучалі з боку апазыцыі напярэдадні 3 ліпеня шмат разоў. Беларускі лідэр іх праігнараваў. Магчыма, якраз таму, што яны зыходзілі ад апазыцыі. Лёгіка тут зразумелая: а раптам у грамадзтве гэта б расцанілі як ягоную слабасьць?


Аўтар наступнага, апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста, — наш даўні сябар Юры Кутузаў са Смаргоні — азіраецца на мінулыя два дзесяцігодзьдзі, што прайшлі з часу жнівеньскага путчу і наступнага распаду СССР. Якімі былі гэтыя гады для краіны і для асобна ўзятай бларускай сям’і? Спадар Юры піша:

«У 91-м годзе нарадзілася мая другая дачка. Сам я на той час быў звычайным абываталем, які ня лез у палітыку, амаль не разьбіраўся ў ёй. Між тым адчуваліся нейкія зьмены, ад якіх тады, як мне цяпер здаецца, лягчэй рабілася дыхаць. Я пачынаў цікавіцца грамадзкімі праблемамі, раіцца з дасьведчанымі сябрамі. Радаваўся вяртаньню гістарычных сымбаляў. Нават двойчы абіраўся сябрам выбарчых камісіяў. Чакалася, што маім дзеткам наканавана жыць у сапраўды самастойнай, заможнай дзяржаве, што іх чакае сьветлая будучыня. Але ня ўсё выходзіць так, як нам марыцца…

У 94-м я ўсіх родных, знаёмых адгаворваў галасаваць за Лукашэнку — ня ведаючы нават дакладна, чаму. Як прадчуваў. А ў ’96-м, калі была зьменена Канстытуцыя, ліквідаваны парлямэнт, калі пачаў усталёўвацца жорсткі аўтарытарны рэжым, я ўжо ведаў, што буду змагацца з гэтай хлусьлівай уладай, як магу. Так яно і ёсьць.
Тыя невялікія спадзяваньні на зьмены, што былі да 19 сьнежня мінулага году, разьвеяліся як дым. І што чакае майго Арсеньку?

Дочкі вырасьлі. Старэйшая вучыцца на апошнім курсе акадэміі ў Варшаве. Другая, равесьніца Незалежнасьці, вучыцца завочна тут. Ужо выйшла замуж. Хоць па-бацькоўску з жонкай перажываем за іх, дапамагаем, як можам, але ж, па вялікім рахунку, яны ўжо дарослыя, са сваім сьветапоглядам, прынцыпамі, з выбранай жыцьцёвай сьцежкай. Але ж у сярэдзіне мінулага году зьявілася ў маёй сям’і яшчэ адно вялікае шчасьцейка — нарадзіўся любы сынок. Вось за чыю будучыню зараз найбольш шчыміць сэрца і не даюць спакою думкі. Тыя невялікія спадзяваньні на зьмены, што былі да 19 сьнежня мінулага году, разьвеяліся як дым. І што чакае майго Арсеньку? Ці будзе ён сьпяшацца з вучобы ці зь якой трэніроўкі хутчэй дахаты, каб, як некалі ягоны бацька, пасьпець у 18 гадзін уключыць сваё дарагое Радыё Свабода? Ці, можа (крый Бог!), давядзецца яму хавацца з маленькім прымачом дзе-небудзь у лесе ці пад коўдрай, каб толькі паслухаць навіны па «Свабодзе» і каб ніхто пра гэта не даведаўся, бо слухаць беларускую мову, а тым больш на такім «варожым» канале будзе небясьпечна? А вось калі майму хлопчыку ня трэба будзе сьпяшацца дахаты, а тым больш хавацца, таму што пазыўныя Радыё Свабода будуць гучаць з вокнаў, у аўтобусах, з рэпрадуктараў на вуліцы, а вакол паўсюль будзе чуваць беларуская гаворка, — вось тады я буду ўпэўнены, што мой сын расьце ў сапраўды незалежнай самастойнай дзяржаве, якой можна і трэба ганарыцца».

Я ўпэўнены, спадар Юры, што і ў вашага Арсенькі, і ў майго маленькага сына, якому пакуль толькі крыху больш за год, і ў тысяч іншых сёньняшніх беларускіх дзяцей, калі яны падрастуць, ня будзе таго страху і яны зусім ня будуць стаяць перад тым выбарам, пра які вы з такім непакоем пішаце. Зрэшты, і кароткахвалевымі прымачамі яны ўжо наўрад ці захочуць карыстацца. Будуць заходзіць на сайт «Свабоды» ў любы час і зь любога месца, карыстаючыся нэтбукам, мабільным тэлефонам ці якім-небудзь яшчэ больш сучасным прыстасаваньнем, якое на той час зьявіцца. Можа, і Радыё Свабода падчас іхнай маладосьці ўжо ня будзе — адпадзе ў ім патрэба, калі свабоднымі стануць усе айчынныя сродкі масавай інфармацыі, калі людзі будуць свабодна выбіраць і пераабіраць сваю ўладу і гаварыць і пісаць пра яе ўсё, што яны сапраўды думаюць — без цэнзуры і бяз страху.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.