Валюту ў абменьніках прадаваць ня будуць

Нацыянальны банк Беларусі рэкамэндаваў камэрцыйным банкам ажыцьцяўляць у пунктах абмену валют, разьмешчаных на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, апэрацыі толькі па куплі наяўнай замежнай валюты з аплатай у наяўных беларускіх рублях.

Такі парадак прадугледжаны лістом НББ, накіраваным у камэрцыйныя банкі. Ініцыятыва матывуецца ў лісьце пашырэньнем магчымасьці далейшага продажу замежнай валюты на сацыяльныя мэты на падставе пісьмовых просьбаў з дакумэнтальным пацьвярджэньнем мэтаў набыцьця замежнай валюты.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту БелТА начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Аляксандар Цімашэнка.

Паводле яго слоў, адпаведнае пісьмо Нацыянальнага банку накіравана ў крэдытна-фінансавыя ўстановы. Ім рэкамэндавана разгледзець пытаньне пра ажыцьцяўленьне абменнымі пунктамі і касамі, разьмешчанымі на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, апэрацый толькі па куплі наяўнай замежнай валюты з аплатай у наяўных беларускіх рублях.

Купленая замежная валюта павінна будзе накіроўвацца банкам на продаж насельніцтву для аплаты сацыяльна значных патрэб (лячэньне за мяжой, пражываньне і навучаньне студэнтаў за мяжой, выезд за межы рэспублікі ў сувязі з хваробай або сьмерцю сваякоў і да т.п.).

Каб атрымаць дазвол на правядзеньне такіх апэрацый, банку трэба зьвярнуцца ў галоўнае ўпраўленьне валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю Нацыянальнага банку, каб атрымаць адпаведны дазвол. Пры гэтым неабходна пазначыць нумар і адрас абменнага пункту, касы, разьмешчаных на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў.