Звужаецца кола саюзьнікаў Лукашэнкі

22 жніўня амбасада Лібіі ў Менску замяніла дзяржаўны зялёны сьцяг Джамахірыі на паўстанцкі трыкалор. У прыёмнай амбасадара "Свабодзе" зазначылі, што амбасада не дае ніякіх камэнтароў на гэты конт.

Гарачыя баі ў Лібіі, падзеньне рэжыму палкоўніка Муамара Кадафі і ўплыў гэтых падзей на Беларусь камэнтуюць беларускія палітыкі і палітолягі.


Беларускі дасьледчык ісламскага сьвету Сяргей Богдан зазначае, што лібійская рэвалюцыя зацягнулася на паўгода зь некалькіх прычын. Асноўная — гэта асоба дыктатара Кадафі, які фанатычна любіў уладу і ні за што не хацеў зь ёю разьвітвацца:

"Ён сканструяваў пад сябе цэлую сыстэму, прычым зрабіў гэта больш радыкальным чынам, чым тое, што зрабіў Лукашэнка ў Беларусі, які пераняў ранейшую сыстэму. Кадафі пераканструяваў сыстэму пад свае інстынкты. Урэшце рэшт з рэвалюцыйнага ягоны рэжым паступова эвалюцыянаваў у рэжым улады пэўнай меншасьці".

Паводле Сяргея Богдана, Кадафі спадзяваўся, што вайна з паўстанцамі перарасьце ў грамадзянскую вайну, але пралічыўся. Пралічыўся Кадафі і з раскладам сіл на міжнароднай арэне — ён не чакаў, што Расея і Кітай дазволяць Захаду ўвесьці санкцыі ААН і пачаць паветраную апэрацыю супраць яго:

"Кадафі спадзяваўся на тое, што ня будзе гэтага, ня здасьць яго Расея. Ён лічыў, што з такімі "завязкамі", якія мае Расея там, гэтага проста ня можа быць. Гэты момант, калі расейская падтрымка, нібыта жалезная, выявілася зусім не жалезнай, калі мы прасочым, як рэагавала на гэта беларуская ўлада, то гэта таксама для яе было вельмі вялікім шокам — маўляў, як жа так?".

Камэнтары Лукашэнкі наконт падзеяў вакол Лібіі Сяргей Богдан называе рыторыкай "на мяжы шоку", а шок выклікала менавіта страта Лібіяй падтрымкі Масквы.

Аляксандар Лукашэнка наведваў Трыпалі ў 2000-м годзе, з рук Кадафі ён атрымаў вышэйшы ордэн джамахірыі, а саму сустрэчу з Кадафі тады называў сваёй "юнацкай марай".

http://www.youtube.com/embed/SVL_T_IQRrE

У 2008 годзе палкоўнік Кадафі ў адказ наведваўся ў Беларусь. У красавіку гэтага году, на пачатку вайны ў Лібіі, Лукашэнка публічна паведаміў пра сваю тэлефонную размову з Кадафі, у якой назваў падзеі ў гэтай краіне "вайною за нафту".

Асуджаная за падзеі Плошчы-2010 Ірына Халіп мяркуе, што Лукашэнка, разьвіваючы стасункі з Кадафі, рыхтаваў сабе запасны пляцдарм у Лібіі:

"Можа, ён думаў, што там, на беразе Міжземнага мора, калі што, ён зможа знайсьці сабе прытулак. А цяпер абставіны складаюцца так, што ў Лукашэнкі застаецца ўсё меней і меней геаграфічных пунктаў, дзе ён можа разьлічваць на прытулак. А калі Кадафі ўцячэ сюды, у Беларусь, то гэта толькі паскорыць і Лукашэнкаў канец, таму што на Кадафі дзейнічае міжнародны ордэр на арышт".

Ірына Халіп спадзяецца, што ў бліжэйшы час у Лібіі будзе новая дэмакратычная ўлада. Каб у Беларусі мог паўтарыцца сцэнар збройнага паўстаньня супраць дыктатара, спадарыня Халіп не ўяўляе:

"Мне здаецца, што ў Беларусі будзе іншы сцэнар. Крывавы лібійскі сцэнар усё ж не адзіны ў сьвеце. Дыктатараў ва Ўсходняй Эўропе адхілялі ад улады іншымі шляхамі — гэта былі так званыя аксамітныя рэвалюцыі, якія былі значна мякчэйшымі, без ахвяр. Мне падаецца, што ў Беларусі будзе так".

Аляксандар Фядута раіць не сьпяшацца са сьвяткаваньнем перамогі дэмакратыі ў Лібіі: "Перамогі ў рэшце рэшт абарочваюцца супраць тых, хто перамагае. Я б наагул пачакаў, трэба паглядзець, чым гэта скончыцца, у тым ліку для пераможцаў".

Аляксандар Фядута заклікае не праводзіць паралелі паміж Беларусьсю і Лібіяй — занадта розныя краіны. Адзін з арганізатараў маўклівых пратэстаў у Беларусі Вячаслаў Дзіянаў назваў сяброўства Лукашэнкі і Кадафі кругавой парукай дыктатараў, якіх з кожным годам становіцца ўсё меней.

"Кадафі прыйшоў да ўлады з аўтаматам у руцэ. І было зразумела, што ад улады ён будзе адыходзіць з аўтаматам у руках. У Лукашэнкі іншае, хоць нічога ня выключана ў любой аўтарытарнай альбо дыктатарскай дзяржаве. Чакаць крыві ў нас, думаю, ня варта, шлях да зьмяненьня ўлады будзе ісьці, а якім ён будзе, — залежыць ад нас саміх".