Супраць Віскулёў галасаваў Ціхіня. Лукашэнкі ў Авальнай залі не было

Авальная заля, чэрвень 1991 г.

Ці сапраўды Лукашэнка быў тым самым адзіным дэпутатам ВС 12-га скліканьня, які галасаваў супраць ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў?


Пасьля сёньняшняга інтэрвію Міхаіла Гарбачова, дзе былы генсек сказаў, што Лукашэнка быў адзіным беларускім дэпутатам, які выступіў супраць ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў, некалькі калег перапыталі ў мяне, як у былога дэпутата ВС, – дык ці праўда, што гэта быў Лукашэнка?

Няпраўда.


Каардынатар Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык і сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня на сэсіі ВС БССР. Чэрвень 1991 г.

Так атрымалася, што у Авальнай залі я сядзеў побач з былым сакратаром ЦК КПБ (і будучым старшынём Канстытуцыйнага Суду) Валерыем Ціхінем. І менавіта Ціхіня быў тым самым адзіным дэпутатам, які націснуў кнопку, калі ішло галасаваньне “супраць”. З гэтай нагоды ў нас зь ім была тады даволі экспрэсіўная спрэчка (у парлямэнцкіх выразах, зразумела).

Праўда, Міхаіл Гарбачоў у сваім інтэрвію гэтым разам ужыў выказ – Лукашэнка “ адзіны сярод беларускіх дэпутатаў выступаў супраць Белавескіх пагадненьняў”. Што таксама не адпавядае рэальнасьці, - супраць іх выступалі многія камуністы-дэпутаты.

Між іншым, і мы, дэпутаты БНФ, крытыкавалі некаторыя палажэньні дамовы (так, мы не пагадзіліся з другой часткай, аб утварэньні СНД, пабачыўшы ў гэтым небясьпеку рэстаўрацыі імпэрыі у новай форме пад тым жа самым патранажам Масквы. Асобнай тэмай была доля Беларусі ў Алмазным фондзе і залатым запасе, на якую наша краіна заявіла правы яшчэ ў 1990 годзе ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, і маёмасьць СССР за мяжой; праўда, тое ўжо тычылася пазьнейшай сустрэчы лідэраў рэспублік у Алма-Аце). Але, канешне, мы прагаласавалі за ратыфікацыю, паколькі гэта спыняла парадаксальную сытуацыю: з 25 жніўня 1991 года Беларусь была юрыдычна незалежнай краінай, і тым часам існавала нейкае ўтварэньне “СССР”, хай і абмежаванае ў рэальнасьці офісам адміністрацыі прэзыдэнта ў Крамлі.

Ну, а дзе ж быў Лукашэнка?

А Бог яго ведае.

Калі цяпер чытаеш стэнаграмы, бачыш, што ў самыя вызначальныя галасаваньні супраць прозьвішча «Лукашэнка» стаіць альбо НГ (“не галасаваў”), альбо АД (“адсутнічаў”). Можа быць, у гэтыя хвіліны ў яго нешта балела – жывот, напрыклад.

Альбо галава.