МЗС Чэхіі: Мы не здавалі беларускіх апазыцыянэраў

МЗС Чэхіі, Прага

Міністэрства замежных справаў Чэхіі абвяргае чуткі аб перадачы банкаўскай інфармацыі аб беларускіх апазыцыйных палітыках і грамадзкіх актывістах Беларусі.

Дырэктар эўрапейскага дэпартамэнту МЗС Чэхіі Яраслаў Курфюрст у эфіры чэскага радыё заявіў:

«Вядома, мы чулі гэтую інфармацыю і неадкладна пачалі праверку яе дакладнасьці. Зьвязаўшыся з усімі магчымымі чэскімі дзяржаўнымі органамі (Міністэрствам юстыцыі і іншымі), мы ня выявілі ніводнага выпадку, каб Чэхія перадала якую-небудзь інфармацыю аб беларускай апазыцыі і іх банкаўскія рахункі беларускаму рэжыму».

Яраслаў Курфюрст дадаў, што лічыць падобныя запыты беларускага боку парушэньнем міжнародных дамоўленасьцяў, якія «створаныя для іншых мэтаў» і «яшчэ больш аддаляе рэжым Лукашэнкі ад цывілізаванага сьвету».

Раней кіраўнік Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш Дом» Вольга Карач паведамляла «Эўрарадыё», што беларускі бок пытаўся ў чэскіх калег аб рахунках арганізацыі. Крыніца ў Празе запэўніла, што на «Наш Дом» ніякай сур’ёзнай інфармацыі Беларусі не перадавалі.