Польскага эўрадэпутата не ўпусьцілі ў Беларусь

У ноч з 14 на 15 жніўня ў Беларусь не ўпусьцілі польскага дэпутата Эўрапарлямэнту Марэка Мігальскага. Пра гэта паведамляе польскае агенцтва РАР.







Марэк Мігальскі

Інцыдэнт здарыўся на пункце перасячэньня мяжы Тэрэспаль-Брэст. Палітыка вывелі зь цягніка і адвялі ў зону памежнага кантролю, дзе спадару Мігальскаму паведамілі, што яго ня ўпусьцяць у Беларусь. Пры гэтым яму не далі адказу на пытаньне аб прычыне такога рашэньня.
Эўрадэпутат ехаў у Менск па запрашэньні праваабарончага цэнтру "Вясна". Падчас свайго знаходжаньня ў Беларусі ён зьбіраўся сустрэцца з прадстаўнікамі Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама з чальцамі міжнароднай назіральнай місіі і лідэрамі апазыцыі.

Важным пунктам знаходжаньня Мігальскага ў Беларусі павінна была стаць сустрэча зь сем'ямі палітвязьняў, у тым ліку са сваякамі Зьмітра Бандарэнкі, шэфства над якім узяў эўрадэпутат. У Мігальскага таксама былі заплянаваныя сустрэчы з Анжалікай Арэхвай, старшынёй Саюзу палякаў у Беларусі, а таксама з шэрагам актывістаў гэтай арганізацыі ў Менску.

Варта нагадаць, што ў чэрвені ў Беларусь не прапусьцілі прадстаўніц Нарвэскага Хэльсынскага камітэту расейку Іну Сангажыеву і ўкраінку Вольгу Шамшур, а таксама журналістак брытанскай ВВС Люсі Эш і Ніку Стардзі, у ліпені ў краіну не дапусьцілі польскага палітыка, кіраўніка «Вспульноты польскай» Лангіна Камалоўскага.