Якімі будуць наступствы санкцыяў

Злучаныя Штаты ўвялі новыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да чатырох буйных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў: "Белшына", «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно» і «Нафтан». Амэрыканскім юрыдычным і фізычным асобам забараняецца мець зь імі фінансавыя стасункі.

Да якіх наступстваў гэта можа прывесьці? Падрабязнасьці высьвятлялі карэспандэнты "Свабоды" ў рэгіёнах, дзе разьмешчаны гэтыя прадпрыемствы.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Белшына" страціць эканамічныя кантакты з прадпрыемствамі, дзе ёсьць уплыў ЗША"


У сьпісе прадпрыемстваў, супраць якіх Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў Амэрыкі ўвяло санкцыі, значыцца бабруйская "Белшына". Як адаб’юцца санкцыі на стане прадпрыемства, высьвятляў наш карэспандэнт Андрэй Белагубаў.

Наўпрост "Белшына" сваю прадукцыю на рынак Злучаных Штатаў Амэрыкі не пастаўляе. Пра гэта заяўляе супрацоўнік аддзелу ідэалягічнай працы акцыянэрнага таварыства "Белшына":

"Непасрэдна са Злучанымі Штатамі Амэрыкі ў нас ніякіх дамоваў няма, таму спадзяюся, што санкцыі ў адносінах да "Белшыны" ніяк на нас не адаб’юцца. На шчасьце, мы гандлюем з Расеяй, Эўропай, Паўднёва-Ўсходняй Азіяй, Паўднёвай Амэрыкай. У Бразыліі ў нас гандлёвы дом".

Карэспандэнт: "А імідж прадпрыемства — ён пацярпіць?".

Прадстаўнік ідэалягічнага аддзелу: "Пажывем — пабачым. Я мяркую, што асаблівых наступстваў мы не адчуем. Магчыма, так, гэта будзе недзе прысутнічаць, ведаеце, у галаве ў некага".

"Вінаватыя чыноўнікі, які цяпер пра ўладзе ў Беларусі".

Лідэр суполкі Незалежнага прафсаюзу Беларусі на "Белшыне" Міхаіл Усьціновіч аптымізму супрацоўніка ідэалягічнага аддзелу не падзяляе.

гэта адаб’ецца дужа на іміджы прадпрыемства ...

"Гэта дужа дрэнна, і гэта адаб’ецца на эканамічным стане "Белшыны" канкрэтна. Там жа гаворка ня толькі пра Злучаныя Штаты, але й пра прадпрыемствы, дзе ёсьць уплыў Злучаных Штатаў. Ім таксама будзе забаронена мець кантакты зь "Белшынай". І гэта адаб’ецца дужа на іміджы прадпрыемства. Дужа шкада. Але адназначна ня мы ў гэтым вінаватыя, а вінаватыя тая палітыка й тыя людзі, якія пры ўладзе".

Адкрытае акцыянэрнае таварыства "Белшына" — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў у Эўропе па вырабе шын для рознага тыпу аўтамабільнай тэхнікі. Падтрымлівае дзелавыя адносіны з 65 краінамі. На афіцыйным сайце прадпрыемства згадваецца, што яно прадае прадукцыю ў Паўночную Амэрыку, але канкрэтная краіна не называецца.

Паводле зьвестак Міністэрства фінансаў, "Белшына" знаходзіцца ў сьпісе дванаццаці самых прыбытковых прадпрыемстваў Беларусі. "Белшына" разам з акцыянэрным таварыствам "Магілёўхімвалакно" вырабляюць больш за 30 працэнтаў прадукцыі Магілёўшчыны.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА



Кіраўніцтва прадпрыемстваў ня мае пэўнасьці, што самастойна зможа пераадолець наступствы эканамічных санкцыяў ЗША

На прадпрыемстве "Гродна Азот" ня здолелі пракамэнтаваць, як адаб'ецца на прадпрыемстве ўвядзеньне супраць яго эканамічных санкцый.

Сярод чатырох беларускіх прадпрыемстваў, адносна якіх Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло эканамічныя санкцыі, — гарадзенскія прадпрыемствы "Хімвалакно" і "Гродна-Азот".

Даччыная кампанія канцэрну "Белнафтахім" "Гродна-Азот" — буйны вытворца ўгнаеньняў і тавараў народнага спажываньня. "Гроднахімвалакно" вырабляе нэйлён і поліэфірныя ніткі і валокны.

Галоўны інжынэр "Гроднахімвалакна" Аляксандар Надзейка, які выконвае цяпер абавязкі генэральнага дырэктара, пра ўвядзеньне санкцыяў ведае і нават сёньня па гэтым пытаньні едзе ў Менск.

Камэнтар чыноўніка — як сацыялістычнае абавязаньне: "Калі гэта выпрабаваньне на трываласьць, то мы вытрываем гэтае выпрабаваньне…"

Вось што ён адказаў адносна эканамічных санкцыяў з боку ЗША:

Надзейка: "Кіраўніцтва і калектыў прыкладуць усе намаганьні, каб гэта ніяк не адбілася на працы прадпрыемства. Думаю, што так гэта і будзе".

Заўважыўшы, што сам ён не прыхільнік эканамічных санкцыяў у дачыненьні да любых краінаў, спадар Надзейка выказвае ўласную пазыцыю:

"Справа ў тым, што падобныя санкцыі закранаюць інтарэсы не аднаго
Калі гэта выпрабаваньне на трываласьць — мы вытрываем гэтае выпрабаваньне без праблем ...

боку, а абодвух. Таму, калі спрабуюць націснуць на прадпрыемствы Беларусі, бумэрангам гэта вернецца да амэрыканскіх контрагентаў. Не бывае ў такіх выпадках пацярпелых толькі з аднаго боку. Калі гэта выпрабаваньне на трываласьць — мы вытрываем гэтае выпрабаваньне без праблем…".

У інфармацыйна-рэдакцыйным аддзеле прадпрыемства "Гродна-Азот" загадчык аддзелу Аляксандар Лындаў ня здолеў пракамэнтаваць факт увядзеньня санкцый ЗША супраць іх прадпрыемства.

"Я пакуль ніяк гэта пракамэнтаваць не магу. Наагул, мы працуем па экспарце празь Беларускую калійную кампанію…".


ВІЦЕБШЧЫНА


Шараговыя працаўнікі "Нафтана" гатовыя падтрымаць эканамічныя санкцыі ЗША


Яшчэ раней эканамічныя санкцыі ЗША дзейнічалі супраць наваполацкага прадпрыемства "Палімір". Але напрыканцы 2009 году гэтае прадпрыемства было аб'яднана з "Нафтанам". Цяпер усё вытворчае аб'яднаньне зазнае праблемы ад стратаў у зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, тлумачыць старшыня тутэйшай арганізацыі незалежнага прафсаюзу Іван Сьвятоха:

"Цяпер статыстычны сярэдні заробак на прадпрыемстве — 2 мільёны 400 тысяч рублёў: удвая меншы, чым раней. Таму нешта трэба рабіць, бо сытуацыя пагаршаецца".

Карэспандэнт: "Па словах прафсаюзнага лідэра прадпрыемства, адміністрацыя "Нафтана" пасьпела моцна запалохаць працоўных і, перадусім, сябраў незалежнага прафсаюзу".

"У нас раней было 1200 сябраў незалежнага прафсаюзу. Цяпер засталіся толькі тыя, каго чыноўнікі зламаць не змаглі. Так што цяпер гэтыя 354 актывісты вартыя тысячы. Яны гавораць людзям праўду".

"Трэба нешта рабіць, бо сытуацыя няўхільна пагаршаецца…".

Прафсаюзны лідэр упэўнены, што шараговыя працаўнікі "Нафтана" падтрымліваюць эканамічныя санкцыі ЗША:

"Цярпець гэтае "бязьмежжа" ўлады ўжо немагчыма. Трэба нешта рабіць, бо сытуацыя няўхільна пагаршаецца…".