Прэзыдэнт у палацы Радзівілаў

Рэзыдэнцыя прэзыдэнта Польшчы месьціцца на Кракаўскім прадмесьці —турыстычнай вуліцы, што пераходзіць у Новы Сьвет — вуліцу кавярняў. Міма рэзыдэнцыі ў абодва бакі рухаюцца натоўпы турыстаў. Тут ёсьць і ахоўнікі, але бачу — маладая кітайская пара падышла да аднаго і папрасіла сфатаграфаваць іх на фоне прэзыдэнцкага палаца: калі ласка!



Наблізімся і мы. На сьцяне шыльда, у якой паведамляецца, што ў 1818 годзе тут упершыню выступіў Фрэдэрык Шапэн. Можна таксама прачытаць, што рэзыдэнцыя польскага прэзыдэнта знаходзіцца ў палацы Радзівілаў. Дошку ў 200-ю гадавіну нараджэньня Шапэна фундаваў былы кіраўнік краіны Лех Качынскі разам з жонкай.

Апазыцыя патрабавала, каб перад палацам заўжды стаяў крыж у памяць аб Леху Качынскім і пасажырах урадавага самалёта, што загінулі пад Смаленскам у 2010 годзе. Перад крыжам зьбіралася мноства пратэстоўцаў. Яго, аднак, перанесьлі ў касьцёл, а памяць ахвяраў авіякатастрофы ўшанавалі памятнай дошкай. Тым ня менш на другім баку нешырокай вуліцы — каля Міністэрства культуры, якое якраз насупраць прэзыдэнцкага палаца — штодня зьбіраецца пікет. Яго ўдзельнікі, у прыватнасьці, патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра Дональда Туска.


Мне давялося таксама быць сьведкам, як аднойчы пратэстоўцы зноўку перайшлі да рэзыдэнцыі прэзыдэнта Браніслава Камароўскага і паставілі крыж. А калі стала цёмна, перад ім запалілі на доле зьнічы, пастаўленыя крыжам, і ўголас маліліся.


Што яшчэ дадаць? Да прэзыдэнцкага палаца зьлева прымыкае касьцёл, а справа прыбудаваны гмах гатэлю "Брыстоль". Як на беларускія рэаліі, вельмі незвычайна. Згаданае ўжо Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы месьціцца ў палацы Чартарыскіх. Пасьля Чартарыскіх палацам валодалі Патоцкія, пра што таксама паведамляе шыльда. А вось, напрыклад, Міністэрства аховы здароўя: яно таксама ў палацы вядомых магнатаў — Пацаў.

Калі трапляеш сёньня пасьля Варшавы ў Горадню, таксама некалі каралеўскі горад, робіцца ніякавата. У самы турыстычны сэзон галоўная плошча — Савецкая — на ўсё лета абстаўлена па пэрымэтры жалезнай агароджай. Гэта зрабілі міліцыянты. За агароджай штодня адбываецца школьны кірмаш, бацькі купляюць дзецям падручнікі, сшыткі, форму. У сквэры каля фантану адпачывае моладзь. А тут яшчэ дзіцячыя атракцыёны і мядовы кірмаш. Яскравая карціна стану ўсяе краіны, якая жыве цяпер нібы за жалезнай агароджай.

Пяць гадоў таму тут, на Савецкай плошчы, рабочыя раскапалі падмуркі палаца Радзівілаў, які савецкая ўлада зраўняла зь зямлёй пасьля вайны. Частка падмуркаў трапляла пад разбурэньне, бо заплянавалі зрабіць побач падземны пераход. Неверагодна, але іх удалося ўратаваць. Падмуркі проста зноў закапалі, яны пад плошчай. Палацы Радзівілаў у гэтай краіне не патрэбныя…