Anonymous – змагары за свабоду інтэрнэту ці інтэрнэт-піраты?

Міжнародная група хакераў Anonymous ужо ня раз заяўляла аб сабе гучнымі нападамі. Група атрымала шырокую вядомасьць у студзені 2008 году, калі яе члены абвясьцілі вайну Царкве саенталёгіі – на працягу тыдня Anonymous правёў больш за пяцьсот DDoS-нападаў на сайты царквы.

У ліпені 2009 году хакеры запусьцілі праект Anonymous Iran. Гэты інтэрнэт-рэсурс даваў магчымасьць іранскім дысыдэнтам і апазыцыянэрам абменьвацца паведамленьнямі ў Інтэрнэце.

У сьнежні 2010 году члены групы заступіліся за стваральніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа. Яны ўзялі на сябе адказнасьць за атакі на сайты генэральнай пракуратуры Швэцыі, а таксама плацёжных сыстэмаў PayPal, Visa, MasterCard, швэйцарскага банку PostFinance і шэрагу іншых інтэрнэт-сэрвісаў, якія адмовіліся супрацоўнічаць з Wikileaks.

Паведамлялася таксама, што Anonymous рабілі атакі на сайты ЦРУ, аддзелу брытанскай крымінальнай паліцыі, на сайт губэрнатара Аляскі Сары Пэйлін, а таксама на сайт НАТО. Як заявілі члены групоўкі ў сваім мікраблогу, яны здолелі спампаваць каля гігабайту сакрэтных дакумэнтаў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

У ліпені сёлета хакерскі напад быў зроблены на сайт італьянскай паліцыі па барацьбе з кібэрзлачыннасьцю. Італьянская паліцыя па барацьбе з кібэрзлачыннасьцю пацьвердзіла, што яе сайт быў атакаваны хакерамі, аднак не прызнала (хаця і не абвергла) факт крадзяжу дадзеных.

Зусім нядаўна група Anonymous узламала адзін з сэрвэраў карпарацыі Apple. Удзельнікі атакі выкралі 27 уліковых запісаў і пароляў да іх. Здабытыя дадзеныя былі неадкладна апублікаваныя хакерамі ў мікраблогу Twitter. Яны заявілі, што мэтай было не выкраданьне дадзеных, а "спроба сіл".

Адной з апошніх акцый хакерскай супольнасьці стаў ўзлом сайту брытанскага таблоіду The Sun: хакеры разьмясьцілі на ім фальшывае паведамленьне аб тым, што мэдыямагнат Руперт Мэрдак, які ў тым ліку зьяўляецца ўладальнікам The Sun, быў знойдзены ў сваім садзе мёртвым.

У канцы ліпеня 2011 году ФБР заявіла аб арышце ў ЗША 16 чальцоў групы. Аднак у пачатку жніўня хакеры зноў заявілі пра сябе, узламаўшы 70 сайтаў праваахоўных органаў ЗША.