Літва праз амбасадара выбачылася перад жонкай Бяляцкага

Эдмінас Багдонас

Пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас перадаў жонцы кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук выбачэньні Літвы ў сувязі зь непаразуменьнем, якое прывяло да арышту яе мужа.

Пасол праінфармаваў, што Літва вельмі сур'ёзна ставіцца да інцыдэнту і часова прыпыняе прадстаўленьне прававой дапамогі паводле двухбаковай дамовы.

Як заявіў Багдонас, Літва адмоўна ацэньвае той факт, што інструмэнты двухбаковага прававога супрацоўніцтва выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах для перасьледу грамадзянскай супольнасьці.

Пасол таксама сустрэўся са старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной, кіраўніком Беларускага Хэльсынкскага камітэту Алегам Гулакам і сябрам рады "Вясны", які часова ўзначальвае арганізацыю, — Уладзімерам Лабковічам.

На сустрэчах абмяркоўвалася сытуацыя, якая склалася вакол арышту Алеся Бяляцкага. Было адзначана, што Літва зробіць усе магчымыя захады дзеля пошуку разьвязаньня гэтай праблемы.

Алеся Бяляцкага арыштавалі 4 жніўня, у памяшканьнях "Вясны" правялі ператрус.

Міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс асудзіў арышт Бяляцкага, назваўшы яго чарговым прыкладам перасьледу апазыцыі ў Беларусі.

Літва разам з партнэрамі ў ЭЗ будзе надалей актыўна дамагацца вызваленьня палітвязьняў у Беларусі, адзначае прэс-служба літоўскага МЗС.