МЗС Літвы рэкамендавала іншым ведамствам не падаваць Беларусі інфармацыю супраць апазіцыі

Аўдроніс Ажубаліс

Міністэрства замежных спраў Літвы сьцвярджае, што яшчэ ў чэрвені інфармавала іншыя літоўскія ведамствы аб тым, каб тыя не падавалі Беларусі інфармацыю, якую можна было б выкарыстаць у мэтах перасьледу апазыцыі.

"З ініцыятывы МЗС у чэрвені і ліпені былі арганізаваны міжведамасныя нарады на беларускую тэму, на якіх абмяркоўвалася, як абараніць асоб, зьвязаных з беларускай апазыцыяй. Ледзь атрымаўшы сыгналы аб магчымым выкарыстаньні інструмэнтаў прававой дапамогі супраць членаў грамадзянскай супольнасьці, МЗС зьвярнулася ў іншыя літоўскія ўстановы з просьбай не падаваць Беларусі такую інфармацыю, якая магла б быць выкарыстана для перасьледу апазыцыі", — гаворыцца ў заяве літоўскага МЗС, якую распаўсюдзіла інфармагенцтва BNS.

У МЗС Літвы адзначаюць, што адным з прыкладаў такога перасьледу зьяўляецца затрыманьне кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага і дзеяньні беларускіх органаў, скіраваныя супраць яго праваабарончай арганізацыі.

"МЗС Літвы пасьлядоўна падтрымлівае намаганьні па забесьпячэньні правоў чалавека і ўмацаваньні грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і разам з іншымі літоўскімі ведамствамі імкнецца не дапусьціць выкарыстаньня інструмэнтаў двухбаковага прававога супрацоўніцтва ў палітычных мэтах у суседняй краіне", — падкрэсьліваецца ў заяве міністэрства.

"Гэты выпадак — папярэджаньне аб тым, якія негатыўныя наступствы можа мець фармальнае рашэньне аб падаваньні інфармацыі замежным дзяржавам, прынятае без уліку палітычнай рэкамэндацыі МЗС", — цытуе BNS кіраўніка літоўскага МЗС Аўдроніса Ажубаліса.

Ён падкрэсьліў, што і надалей прыкладзе намаганьні, каб палітычныя зьняволеныя ў Беларусі былі адпушчаны.