Бяляцкага трымаюць ў камэры у будынку Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў

Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў камэры у будынку дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Пра гэта паведаміла праваабаронца Тацяна Равяка.


У Вільні ў беларускім доме правоў чалавека а 13 гадзіне заплянавана прэсавая канфэрэнцыя, якую правядзе намесьнік старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

"Зараз мы яму зьбіраемся адвесьці перадачу, прадметы гігіены. Ці будзе сёньня допыт і сьледчыя дзеяньні нам пакуль невядома", – пра гэта
паведаміла "Свабодзе" Тацяна Равяка.

"Алесь атрымліваў сродкі на сваю праваабарончую дзейнасьць. Гэта ніхто ня можа аспрэчыць. Для таго, каб працаваць, каб аказваць дапамогу, трэба шукаць і знаходзіць сродкі. І прычына гэтага арышту ў тым, што гэтыя сродкі знаходзіліся. Але яны залічаныя згодна з тым артыкулам, па якім Алесь зьяўляецца падазраваным, у якасьці яго асабістага прыбытку", – адзначыла Равяка.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіча прагназуе вялікую і адназначную міжнародную рэакцыю на гэты арышт.

"Да нядзелі ўвечары сьледчыя ДФР павінны прыняць рашэньне аб працягу ўтрыманьня пад вартай Бяляцкага яшчэ на сем сутак альбо аб яго выпуску пад падпіску ці іншыя працэсуальныя абмежаваньні", – кажа Лабковіч.

"Я не выключаю, што фармальнай падставай для пачатку гэтых актыўных рэпрэсіяў адносна Бяляцкага паслужыла інфармацыя прадстаўленая літоўскім бокам. Фармальнай падставай для затрыманьня стала тая дапамога, у тым ліку матэрыяльная, якую аказвала "Вясна" ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі.

Мы не выключаем і выказваем шкадаваньне, што да гэтага маглі быць датычныя і ворганы краінаў Эўразьвязу ", – адзначыў Лабковіч.

Сёлета ў красавіку А.Лукашэнка выказаўся пра замежнае фінансаваньне апазыцыі:

"Нам трэба гэтую кармушку закрыць. Ніякія палітычныя арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі ня могуць фінансавацца з-за мяжы. Вось такая ў нас сытуацыя. Будзе ўсё стабільна - мы, можа, і па-іншаму паглядзім на гэтыя працэсы. А сёньня гэта трэба спыніць," - сказаў ён.